5 чэрвеня на сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы ў Жэнэве адбыліся слуханьні па гэтак званым «беларускім пытаньні» — пра тое, як Беларусь выконвае свае абавязкі адносна правоў прафсаюзаў. У 2003 годзе ў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) узьніклі да Беларусі ў гэтай галіне вялікія прэтэнзіі, і пасьля расьсьледаваньня ў 2007 годзе Беларусь уключылі ў групу з 25 краін, на якія распаўсюджаны гэтак званы спэцпараграф з-за парушэньняў правоў прафсаюзаў, ды пазбавілі прэфэрэнцыяў у гандлі з краінамі Эўразьвязу. З таго часу афіцыйны Менск дамагаецца выключэньня з гэтага сьпісу. Ці ўдасца гэтага дамагчыся на сэсіі, якая праходзіць у Жэнэве?
Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да лідэра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, які цяпер у Жэнэве. Аляксандар Ярашук сёньня выступаў перад удзельнікамі сэсіі падчас абмеркаваньня «беларускага пытаньня». Паводле Аляксандра Ярашука, двойчы на сэсіі выступала і кіраўніца афіцыйнай дэлегацыі Беларусі, міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Вось што паведаміў Аляксандар Ярашук пра вынікі абмеркаваньня.
Карэспандэнт: «Дык пакінуць ці адменяць спэцпараграф адносна Беларусі?»
Ярашук: «Пакуль гэта невядома, вынікі стануць вядомыя 10 чэрвеня, у сераду. Але цалкам імаверна, што ня будзе спэцпараграфа адносна Беларусі. Дыскусія была вельмі вострая, ня менш вострая, чым у мінулыя гады, але ўлічвалі і пэўныя новыя моманты. Першае, што дэкрэт № 4, які, як на маю думку, нічога не мяняе ў прынцыпе, але ён па сэнсе быў у рэкамэндацыях МАП і ўсё ж быў прыняты. Другое, што ўрад у асобе міністра працы схільны да працягу дыялёгу, да правядзеньня тых жа сэмінараў з удзелам прадстаўнікоў сацыяльнага дыялёгу ў краіне, уключна зь незалежнымі прафсаюзамі, дзеля вырашэньня праблемаў працоўных. А таксама, мяркую, будзе ўлічана тое, што раней Беларусь двойчы была ў групе „спэцпараграфа“, і гэтага дастаткова, каб не заводзіць сытуацыю ў тупік. Таму, магчыма, рашэньне будзе прынята такое, што спэцпараграф адносна Беларусі адменяць. Але пакуль сказаць дакладна, якое рашэньне прымуць сябры Камітэту па нормах і стандартах МАП, я не магу».
Ня трэба заводзіць становішча ў тупік, зь якога будзе цяжка выбрацца. Мы зыходзім з такой пазыцыі
Карэспандэнт: «Які будзе ваш камэнтар, калі рашэньне прымуць станоўчае для афіцыйнага Менску? Ці вы згодны з тым, што ў Беларусі правы прафсаюзаў сталі выконвацца настолькі лепш, што прыйшоў час адмяніць абмежаваньні?»
Ярашук: «Збольшага я дастаткова нармальна ацаніў бы адмену спэцпараграфа. Тут ёсьць група сябраў незалежных прафсаюзаў, мы гэта абмяркоўвалі і прышлі да высновы, што гэта лепш, чым каб усё заставалася па-ранейшаму. Прадстаўнікі ўраду, якія тут ёсьць, разьлічваюць на тое, што ў рашэньні будзе запіс пра нейкі прагрэс, але я перакананы, што гэтак ня будзе. Тут ва ўсіх расчараваньне, бо значнага прагрэсу няма. Але і ня трэба заводзіць становішча ў тупік, зь якога будзе цяжка выбрацца. Мы зыходзім з такой пазыцыі».
Штогадовая сэсія Міжнароднай канфэрэнцыі працы ў Жэнэве працягнецца да 13 чэрвеня.