Сёньня Стайкі — пэрспэктыўная вёска, фактычна прыгарад Івацэвічаў. Штогадзіны сюды ходзіць івацэвіцкі гарадзкі аўтобус, пустых хат амаль няма, а любая вольная нерухомасьць умомант скупляецца.
Два суседы-сябрукі пражылі больш за 90 год
Крышку не дажыўшы да сёлетняга 9 траўня, у Стайках памёр адзін з апошніх вэтэранаў — Апанас Трафімчык. Некалькі год таму памёр і ягоны сябар і сусед Аляксандар Валінскі. Абодва пражылі больш за 90 гадоў, нягледзячы на надзвычай няпросты лёс.
Сёньня Аляксандра Валінскага ў Стайках памятаюць як выдатнага сталяра. Распавядае 71-гадовы Аляксей Трафімчык:
«Ён быў добры адмысловец. Бочкі рабіў, дзьверы, вокны... Да яго ўвесь час ішлі людзі. Аляксандар і Апанас былі такія два сябрукі. У Валінскага было шмат сяброў, бацька мой да яго хадзіў, яны аднагодкамі былі».
Як паліцай уратаваў вёску
Аляксандар Валінскі быў высокім статным хлопцам, калі ў часе акупацыі немцы забралі яго служыць у паліцыю.
«Мне, памятаю, казаў, што дарма адседзеў 10 год у Сыбіры. Бо яго забралі сілаю, ён ня сам пайшоў у паліцаі — служы, або расстрэл... Але размова такая была ў вёсцы, што ён уратаваў тут людзей ад немцаў...» — згадвае Аляксей Трафімчык.
У 2010 годзе аўтару гэтага артыкула ўдалося пагутарыць з больш як 90-гадовымі Аляксандрам Валінскім ды Апанасам Трафімчыкам. Аляксандар быў слабейшы, ужо мала ўставаў з ложка, а Апанас часта адведваў свайго сябра.
Аляксандар Валінскі распавядаў, што калі яго забралі ў паліцаі, ён спрабаваў уцячы. Каб болей не ўцякаў, яго накіравалі на Віцебшчыну ахоўваць мост на Дзьвіне. Праз пэўны час яму далі адпачынак, і Аляксандар прыехаў на радзіму ў Стайкі.
У адзін зь дзён, успамінаў Аляксандар, немцы сагналі сялян у будынак ды хацелі падпаліць «за сувязь з партызанамі».
Аляксандар Валінскі надзеў паліцэйскую форму ды разам з прадстаўніком адміністрацыі вёскі кінуўся ўпрошваць немцаў не караць сялянаў:
«Якія ж гэта партызаны — тут толькі бабы ды дзеці», — угаворвалі яны.
У выніку немцы паслухаліся, адпусьцілі людзей ды зьехалі.
Цяпер, кажа Аляксей Трафімчык, у Стайках пра гэта памятае толькі старэйшае пакаленьне:
«Зараз у Стайкі ўжо шмат новых людзей наехала, купляюць тут хаты. Усё меней застаецца тых, хто памятае тую гісторыю».
Служба ў Чырвонай Арміі не адпусьціла «граху паліцайства»
Пасьля адступленьня немцаў Аляксандар Валінскі пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у вызваленьні Гародні, а перамогу сустрэў у Кёнігсбэргу (цяпер Калінінград). Меў узнагароды.
Пасьля перамогі Аляксандар вярнуўся ў родную вёску. Але таго, што служыў у паліцыі пры немцах, яму не даравалі, не зважаючы, што пасьля ён быў чырвонаармейцам. У 1946 годзе Валінскага саслалі ў лягеры Сыбіры, дзе ён дзесяць год рабіў на лесанарыхтоўках.
Вярнуўся на радзіму ў другой палове 50-х, працаваў у калгасе.
Бойка на танцах — Сыбір — Чырвоная Армія
Сябра Валінскага, Апанас Трафімчык, таксама зазнаў жыцьця ў Сыбіры. У 1940 годзе яго саслалі на «папраўчыя працы» ў Салікамск за тое, што пабіўся на танцах з аднавяскоўцам.
У 2010 годзе Апанас прыгадаў аўтару гэтага артыкула вершык, які прыдумаў на высылцы:
«Завязьлі мяне ў страну чужую, З адзінокай буйнай галавой, І разьбілі мне жызьнь маладую, Дзевятнаццаць лет было, Як разлучылі, маменька, з табой...»
Апанас Трафімчык распавядаў, як адбывалася ссылка:
«Загрузілі тады больш за дзьвесьце асуджаных у цялячыя вагоны і адправілі эшалён аж у Салікамск. Далей чыгунка тады не ішла. У дарозе адну рыбу салёную давалі. Піць вельмі хацелася. Неяк высунуў пальцы ў шчыліну, каб ледзяша дастаць, а мне канваір па пальцах — куды, маўляў, руку саджаеш!»
На высылцы Апанас Трафімчык працаваў на лесанарыхтоўках да нападу немцаў на Савецкі Саюз. У 1941 годзе вязьня вызвалілі, і ён пераехаў жыць ды працаваць у Пензенскую вобласьць Расеі, бо радзіма была пад нямецкай акупацыяй.
Апанас казаў, што яго і многіх іншых хлопцаў з Заходняй Беларусі доўга не накіроўвалі на фронт, бо, «відаць, не давяралі палякам». Толькі 20 верасьня 1943 году Трафімчыка і некаторых іншых, вызваленых з Сыбіры, выклікалі ў ваенкамат:
«Далі абмундзіраваньне і сказалі, што пара нам ужо бараніць Радзіму. Далі вінтоўкі, а мы імі і карыстацца ня ўмелі, спачатку нават патрон не маглі закласьці. Але крышку навучылі і адправілі ў розныя часьці. Мяне накіравалі ў артылерыю мінамётчыкам. Вызвалялі Польшчу — Хэлм, Варшаву. Пад Варшаваю мяне параніла ў нагу, таму доўгі час матаўся па розных шпіталях, бо ўсюды ж месцаў мала было. Так па шпіталях дабраўся аж да Астрахані, дзе і сустрэў Дзень Перамогі. Магчыма, тое раненьне мяне і выратавала, невядома ж, як далей бы ваяваў...», — апавядаў Апанас Трафімчык.
Апанас паходзіў зь нябеднай сям’і. Казаў, што ў бацькі было 12 гектараў зямлі, дзесяць кароў, трое сьвіней, коні.
«Як расейцы прыйшлі ў 1939 годзе, дык адразу нас хацелі вывезьці ў ссылку, бо заможна жылі. Але нешта перадумалі, толькі маёмасьць адабралі», — казаў Апанас Трафімчык.
Аднаму пашана, другому — ігнараваньне заслугаў
Калі вайна скончылася і былы паліцай вярнуўся з Сыбіры, Аляксандар Валінскі ды Апанас Трафімчык сталі лепшымі сябрукамі. Іх хаты стаялі побач.
Абодва рабілі ў калгасе, які ўтвораны быў у Стайках напрыканцы 1940-х гадоў.
Жыхар Стаек Аляксей Трафімчык цяпер успамінае, што мясцовыя ўлады штогод у Дзень перамогі ўшаноўвалі Апанаса Трафімчыка як вэтэрана вайны. А вось баявы чырвонаармейскі шлях Аляксандра Валінскага ня ўзгадвалі, «бо ён быў паліцаем, доўга за гэта сядзеў у Сыбіры».
Так і памерлі два сябрукі са Стаек — адзін вэтэранам, а другі нерэабілітаваным «ворагам народу».