Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ягораў: Пазытыў у адносінах Беларусі і ЗША быў значна перабольшаны


Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Падаўжэньне Злучанымі Штатамі Амэрыкі санкцыяў супраць беларускіх уладаў было непазьбежнае, на іншае афіцыйны Менск і не разьлічваў.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў дырэктар Цэнтру Эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Учора прэзыдэнт ЗША Барак Абама даў загад захаваць надзвычайны рэжым у адносінах зь Беларусьсю, падоўжыўшы дзеяньне ўказу 2006 году.

Між тым Аляксандар Лукашэнка апошнім часам у сваіх публічных выступах даволі пазытыўна ацэньваў стан адносінаў Беларусі і ЗША. Ён адзначаў, што ЗША ня ціснуць на яго, а пошук пунктаў судакрананьня праз рэалізацыю праектаў у сфэры эканомікі ўжо пачаў даваць першыя вынікі.

Андрэй Ягораў лічыць, што пазытыў у беларуска-амэрыканскіх адносінах быў значна перабольшаны:

«З-за розных прычынаў людзі, асабліва зь дзяржаўнага боку, хацелі бачыць у дзеяньнях ЗША і камэнтарах Лукашэнкі больш, чым было насамрэч. Там былі пэўныя трэнды да паляпшэньня адносінаў і частковага зьняцьця санкцыяў зь беларускіх прадпрыемстваў, але ня зьніклі тыя базавыя супярэчаньні, якія выклікалі неабходнасьць увядзеньня санкцыяў Злучанымі Штатамі (якія настойвалі на ўвядзеньні гэтых санкцыяў у тым ліку Эўрапейскім зьвязам, і гэты быў іх падыход) — гэта сытуацыя з палітзьняволенымі. У ЗША не было ніякай магчымасьці, акрамя таго, як працягнуць гэтыя санкцыі, бо ня зьніклі падставы для іх увядзеньня. Тое ж самае тычыцца і Эўразьвязу на сёньняшні дзень».

«Ці пагоршыць гэта трэнд да адноснага паляпшэньня адносінаў? — Я думаю, ня вельмі, бо беларускія ўлады выдатна разумеюць гэтую сытуацыю і не асабліва разьлічвалі, што санкцыі будуць адмененыя без вызваленьня палітвязьняў. Але я думаю, што МЗС, безумоўна, адрэагуе заявай пра тое, што гэта „неканструктыўная палітыка“ і мы не вызнаем такія „прымусовыя падыходы“ ў дачыненьні да Беларусі. Я думаю, што гэтым усё абмяжуецца, і далей працягнецца такое павольнае ўзгадненьне магчымых фарматаў супрацоўніцтва, калі палітвязьні будуць вызваленыя», — кажа Ягораў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG