Паведамленьне пра пажар у будынку інтэрната паступіла ў МНС 9 чэрвеня ў 23.07. Празь пяць хвілін на месцы ўжо працавалі ратавальнікі. Гарэў адзін з пакояў на другім паверсе трохпавярховага будынку, было шмат дыму.
МНС-аўцы разрэзалі дзьверы ліфта і вынесьлі адтуль санітарку, выратавалі жыхарку інтэрната — інваліда другой групы. Абедзьвюх перадалі мэдыкам. Яшчэ 47 эвакуіраваных не пацярпелі.
На другім паверсе ратавальнікі знайшлі целы двух чалавек, інвалідаў першай і трэцяй групы з парушэньнямі апорна-рухальнага апарата.
Пасьля ліквідацыі пажару да лекараў зьвярнулася мэдсястра, яе таксама даставілі ў бальніцу.
Пажар ліквідаваны, яго прычына высьвятляецца.