Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыбунал над сталінізмам: «Гвалтоўная калектывізацыя — боль, тэрор, жахі, сьмерць»


Масавае пахаваньне людзей. У гэтай яме – парэшткі паўсотні чалавек, лічаць актывісты
Масавае пахаваньне людзей. У гэтай яме – парэшткі паўсотні чалавек, лічаць актывісты

Міжнародная праваабарончая грамадзкая арганізацыя «Мэмарыял» разам з ініцыятывай «За ўратаваньне Курапатаў» працягваюць першы Беларускі грамадзкі трыбунал над сталінізмам.

Сёньня а 18-й у сядзібе партыі БНФ распачнецца трэцяе паседжаньне трыбуналу, якое будзе прысьвечанае тэме гвалтоўнай калектывізацыі, яе наступствам і ахвярам: «Гвалтоўная калектывізацыя — боль, тэрор, жахі, сьмерць».

Сьведкамі-абвінаваўцамі выступяць Станіслаў Лісоўскі і Зінаіда Тарасевіч — дзеці ахвяраў гэтага злачынства. У памяць пра сваіх родных і аднавяскоўцаў, якія былі рэпрэсаваныя, яны падзеляцца ўспамінамі пры тыя драматычныя падзеі. Дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў выступіць з дакладам па гісторыі сталінскай калектывізацыі на тэрыторыі Беларусі. Даклад будзе суправаджацца дэманстрацыяй відэа- і фотаматэрыялаў.

Першае паседжаньне грамадзкага трыбуналу адбылося 5 сакавіка, яно было прымеркавана да 75-годзьдзя зьяўленьня «беларускага Катынскага сьпісу». 5 сакавіка 1940 году ЦК ВКП(б) прыняў пастанову, якая санкцыянавала расстрэлы ваеннапалонных і вязьняў заходнебеларускіх турмаў. «Беларускі Катынскі сьпіс» стаў першай тэмай, вынесенай на разгляд грамадзкага трыбуналу.

Сябры грамадзкага трыбуналу — гісторыкі, культуролягі, дзеячы культуры, грамадзкія актывісты. Сярод іх — старшыня беларускага аддзяленьня «Мэмарыялу» Ігар Кузьняцоў, гісторык Анатоль Валахановіч, праваабаронца Гары Паганяйла, сьвятар Леанід Акаловіч ды іншыя. Ініцыятары суду над сталінізмам заклікаюць усіх неабыякавых людзей да ўдзелу ў працы трыбуналу, мэта якога — дэсталінізацыя грамадзтва.

Грамадзкі трыбунал будзе праходзіць у некалькі этапаў і завершыцца грамадзкім выракам, які маюць прыняць да дня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі — 29 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG