Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Рубцоў на судзе ў Пружанах
Юры Рубцоў на судзе ў Пружанах

Судзяць чалавека, які заклікаў: «Лукашэнка, сыходзь!»

У Пружанах судзяць актывіста з Гомеля Юрыя Рубцова, які трымае галадоўку амаль 50 дзён. У судовай залі актывісты апранулі майкі з надпісамі: «Лукашэнка, сыходзь!». Прысуд абвесьцяць 28 траўня.

Прысуд будзе агалошаны заўтра, 28 траўня, да 15:30.

Рубцоў прамаўляе апошняе слова

Нагадаў, што працуе з 13 гадоў. Назваў кіраўніка краіны царом, самадзержцам. Судзьдзя гэта спыніў.

«Мяне судзяць за тое, што я патрабаваў заробку, які Лукашэнка абяцаў яшчэ ў 2010 годзе і ня выканаў абяцаньня», — сказаў Рубцоў у судзе.

Рубцоў сказаў, што ў Беларусі «хімікаў» прымушаюць падпісваць працоўныя дамовы, каб паказаць, што ў нас нібыта няма прымусовай працы. А насамрэч гэтая прымусовая праца ёсьць, і гэта супярэчыць Канстытуцыі, сказаў Рубцоў. Ён кажа, што сваім змаганьнем хоча даказаць, што ў Беларусі існуе прымусовая праца. І ён першы зьвярнуў на гэта ўвагу. Паводле Руцбова, пракурор, судзьдзі і міліцыя таксама працуюць па кантрактах і яны рабы гэтай сыстэмы.

Рубцоў адзначыў, што, нягледзячы ні на што, ён перамагае на гэтым судовым працэсе. Ён сказаў, што хоча папрасіць прабачэньня толькі ў сваёй сям’і за тое, што прынёс ім некаторыя непрыемнасьці. Таксама ён папрасіў прабачэньня за тое, што не казаў свайго апошняга слова па-беларуску. Заявіў, што лічыць сябе невінаватым і што жыў па законе. Пасьля гэтага ў залі суду прагучалі аплядысмэнты. Рубцова слухалі вельмі ўважліва, ён прамаўляў амаль паўгадзіны.

Адвакат просіць апраўдаць Рубцова

Паводле адвакаткі, Рубцоў не адмаўляўся працаваць зусім, у тым ліку падчас апошняга працаўладкаваньян ў гаспадарку «Ліноўскае». Указвае на шматлікія недахопы ў афармленьні дакумэнта, на парушэньне права Рубцова на абскарджваньне спагнаньняў. Абаронца лічыць спагнаньні незаконнымі. Адвакатка заявіла, што ў Рубцова не было намеру і просіць яго апраўдаць.

Пракурор просіць для Рубцова тры гады калёніі

Пракурор Зайцава лічыць, што віна Рубцова даказаная, а ўсе спагнаньні, накладзеныя на яго, законныя. Гэта, паводле Зайцавай, пацьвердзілі сьведкі і часткова сам Рубцоў.

Пракурор папрасіла для Рубцова тры гады калёніі агульнага рэжыму. Зь іх 2,5 года зьняволеньня — па гэтым абвінавачаньні, і паўгода — за неадбытую «хімію».

Cудзьдзя адхіліў хадайніцтва адваката

Адвакатка прасіла далучыць да справы рашэньні міжнародных праваабарончых арганізацыяў аб прызнаньні Рубцова палітвязьнем і прасіла агаласіць гэта ў судзе.

Пракурор выступіла супраць, бо «Рубцоў абвінавачваецца ў злачынстве супраць правасудзьдзя». Адвакатка настойвае, кажа, што гэта тычыцца асобы абвінавачанага. Судзьдзя адмовіў, бо гэта, маўляў, ня тычыцца справы.

Рубцоў: Я не ўхіляўся ад працы, бо працую з 14 гадоў

Рубцоў заявіў у судзе, што паводле Працоўнага кодэксу дамова, складзеная пад пагрозай, лічыцца незаконнай. Паводле Рубцова, Лукашэнка дэкрэтам № 29 зрабіў усю Беларусь краінай нявольнікаў. Таму ён ня мог пагадзіцца, што нібыта добраахвотна ўладкоўваецца на працу. Паводле Рубцова, праца зьняволеных аплачваецца значна горш, чым праца вольных грамадзян. Ён скардзіўся на гэта ў Пружанскі раённы суд, але скаргу адхілілі. Потым яму адмовіў Берасьцейскі абласны суд. Рубцоў лічыць, што яго судзяць за парушэньні, якія парушэньнямі не зьяўляюцца. Абвінавачаньні на свой адрас ён назваў «высмактанымі з пальца».

«Я не ўхіляўся ад працы, бо працую з 14 гадоў. Незадаволенасьць памерам заробку не зьяўляецца адмовай ад працы», — адзначыў Юры Рубцоў.

Пракурор спыталася, ці папярэджвалі Рубцова пра адказнасьць за адмову ад працы. Рубцоў адказаў, што «пытаньне пастаўленае некарэктна».

Рубцоў сказаў, што адміністрацыя «хіміі» не тлумачыла, як абскарджваць вынесеныя спагнаньні. Ягоныя скаргі ў Пружанскі раённы і Берасьцейскі абласны суды былі адхіленыя.

Ніводнага разу Рубцову на рукі не выдавалі накіраваньня на працу, а проста забіралі і везьлі ў гаспадарку. Міліцыянт патрабаваў падпісваць нібыта добраахвотную дамову. «А гэтага я ня меў права рабіць паводле Працоўнага кодэксу, — кажа Рубцоў. — Працоўныя дамовы з „хімікамі“ незаконныя. Яны заведзеныя, каб схаваць наяўнасьць прымусовай працы», — заявіў Рубцоў.

Ён паведаміў, што міліцыянт Васілюк пагражаў яму турмой, калі ён не пагодзіцца на працу. Васілюк гэта абвяргае, кажа, што проста папярэджваў пра тое, што будзе, калі ён адмовіцца ад працы.

Рубцоў хацеў даць дадатковыя тлумачэньні пра свае погляды, але судзьдзя яго спыніў.

Рубцоў дае суду паказаньні

Падсудны падкрэсьліў, што ніхто са сьведак не паказаў, што ён адмаўляўся працаваць зусім. Насамрэч ён толькі патрабаваў працы з заробкам, пра які казаў Лукашэнка — 600 даляраў у месяц. Але такой працы яму не далі, бо яе няма. «Выявілася, што Лукашэнка хлусіць», — сказаў Рубцоў.

Допыт сьведкаў скончыўся

Сьведка Дзяніс Стэльмахоў, супрацоўнік спэцкамэндатуры ў Купліне, які афармляў на ўлік Рубцова ў канцы сьнежня 2014 году, паведаміў, што Юры Рубцоў ужо тады адмовіўся падпісваць усе дакумэнты, якія яму былі прапанаваныя на подпіс.

Апошні сьведка — адзіны сьведка з боку абароны — Алег Ількевіч. Таксама «хімік», працуе трактарыстам у гаспадарцы «Ліноўскае». Іх разам прывезьлі ў гаспадарку ўладкоўвацца на працу, гэта было ў пачатку сакавіка. Яны разам з Рубцовым праходзілі мэдычную камісію. Паводле ягоных слоў, Рубцоў пагаджаўся на прапанаваную працу, добраахвотна хадзіў па мэдычных кабінэтах.

«Мяне задаволілі ўмовы і заробак», — сказаў сьведка. Ён падпісваў паперы і чуў, як Рубцоў пачаў адмаўляцца ад працы, бо яго не задаволілі памеры заробку. Сьведка паведаміў, што яму эканаміст не паведаміў, колькі ён будзе зарабляць. «Што давалі, тое чытаў,» — адказаў сьведка на пытаньне Рубцова, ці давалі яму на азнаямленьне калектыўную дамову.

Працэс аднавіўся

Адразу пракурор Зайцава запатрабавала выдаліць з залі актывітаў Вінярскага і Коласа, якія апранутыя ў майкі з надпісамі «Лукашэнка, сыходзь» за «неналежныя паводзіны».

Вінярскі спытаўся ў судзьдзі, у чым палягаюць ягоныя «неналежныя паводзіны». Рубцоў назваў спробу пракурора выдаліць з залі актывістаў палітычным ціскам. Судзьдзя дазволіў актывістам знаходзіцца ў залі і працягнуў працэс.

Паказаньні дае сьведка Слабада — інспэктар па кадрах аграспадаркі, куды спрабавалі працаўладкаваць Рубцова. Сьведка паведаміла, што Рубцоў адмовіўся працаваць, бо яго не задаволіў заробак ў 4,5 мільёна рублёў.

У судзе перапынак да 15 гадзінаў

Суд апытаў у якасьці сьведак 10 «хімікаў», 6 супрацоўнікаў міліцыі, засталося яшчэ тры сьведкі, на апытаньні якіх настойвае падсудны Рубцоў.

Упершыню за час працэсу Рубцоў пажартаваў і ўсьміхнуўся. Ён згадаў, што дзяжурыў тройчы, а вымова была толькі адзін раз.

Сьведка Доўбыш, таксама «хімік», які працуе ў гаспадарцы «Пружанскае», згадаў, як Рубцоў адмовіўся ад працы, спаслаўшыся на нізкі заробак. Таксама засьведчыў, што «катэгарычна» працаваць Рубцоў не адмаўляўся.

Выступае яшчэ адзін сьведка-«хімік» — Янчук. Ён таксама пацьвердзіў, што Рубцоў адмовіўся ад працы 5-га студзеня: «Адмовіўся з-за таго, што не задаволіў заробак». Сказаў, што ніколі ня чуў ад Рубцова, каб той казаў, што «катэгарычна адмаўляецца працаваць». Пацьвердзіў, што Рубцоў абураўся тым, што прымушаюць працаваць насуперак закону за нізкія заробкі.

Суд над Юрыем Рубцовым — ФОТАГАЛЕРЭЯ

Сьведка: Рубцоў катэгарычна не адмаўляўся ад працы

Выступае сьведка -«хімік» Рубель. Засьведчыў, як 21 студзеня Рубцова выклікалі ў «дзяжурку», і там ён адмовіўся ад прапанаванай працы, але нічога не падпісаў. Другі раз ён прысутнічаў пры тым, як Рубцоў адмовіўся ад працы ў гаспадарцы «Ліноўскае». Рубель на пытаньне Рубцова сказаў, што яму ў ААТ «Ліноўскае» абяцалі 3 мільёны, а плацілі 2. «Але ж зь мяне вылічвалі», — дадаў ён. Сьведка пацьвердзіў, што катэгарычна Рубцоў ніколі не адмаўляўся ад працы, але «Рубцова не задавальняў заробак».

На пытаньне адваката сьведка згадаў, што Рубцоў пісаў заяву ад прыёме яго на працу — гэта ён сам бачыў. Але працоўную дамову Рубцоў не падпісаў. Сьведка не патлумачыў, чаму на заяве Рубцова стаіць адна дата, а на дамове --- іншая. Сьведка кажа, што гэта ўсё адбывалася ў адзін дзень.

Сьведка-інспэктар па працаўладкваньні распавёў, як Рубцова вазілі ў ААТ «Ліноўскае» і прапаноўвалі працу. Тады Рубцоў прайшоў папярэднюю працэдуру і мэдкамісію, але на месцы, калі даведаўся пра заробак, адмовіўся. Там заробак быў 4,5 мільёны рублёў.

Цікавая падрабязнасьць — пасады кіроўцаў, якія прапаноўвалі Рубцову, дагэтуль вакантныя. «Бо там была першая катэгорыя, якая ёсьць ў Рубцова, а ў іншых „хімікаў“ такой катэгорыі няма», — патлумачыў сьведка Макаеў.

Сьведка Касянчук кажа, што Рубцоў адмаўляўся ад прапанавай працы, бо яго не задавальняў заробак. Пасьля адмовы Рубцова папярэджвалі, што яго могуць прыцягнуць да адказнасьці. Касянчук згадаў, што заробак, які прапанавалі Рубцову, быў 4,5 мільёны рублёў.

Дапыталі трох сьведак, выклікалі чацьвертага

Усе дапытаныя сьведкі — міліцыянты. Аднаго сьведку судзьдзя выклікаў, але начальнік «хіміі» пра яго сказаў, што той не атрымаў позвы ў суд. Судзьдзя загадаў яго знайсьці і выклікаў новага сьведку — Касенчука, таксама міліцыянта з «хіміі».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG