Чаго не хапае? Камусьці – у доўгім вясельным кадылаку пракаціцца па вуліцы Ажэшкі, а некаму – каб у Горадні былі свае ЗРК С-300. Навошта? У абодвух выпадках — каб адчуць сябе крыху вышэй за іншых, хаця б у сваіх вачах.
Восеньню гарадзенцы атрымаюць новыя С-300. Навошта? Пытаньне філязофскае. На першы погляд. Каб адчуць сябе больш бясьпечна. Болей у пераносным сэнсе ці, скажам, у глябальным. Бо для чаго прызначаныя гэтыя самыя С-300? Для абароны буйных прамысловых і адміністрацыйных аб’ектаў. Існуе ў нас гігант хіміі «Азот»? Безумоўна. А гмах аблвыканкаму? Таксама. Вось вам тады ракетная абарона, бярыце і карыстайцеся. Але ад чаго абараняцца будзем, калі больш канкрэтыкі? Як сказана ў інструкцыі па кіраваньні той С-300: ад удараў сродкаў паветрана-касьмічнага нападу праціўніка. Аднак, ну як паверыць, што нехта з космасу будзе зьнішчаць наш аблвыканкам?
Мне могуць запярэчыць: не прыкідвайся, існуюць жа значна важнейшыя аб’екты — горад-герой з прэзыдэнцкімі палацамі, рэзыдэнцыямі, зь вялізнымі заводамі, трактарным і мазаўскім. І абавязак гарадзенцаў грудзьмі прыкрыць гэтыя стратэгічна важныя пабудовы: сам прападай, а таварыша выручай. Але ж нашаму сталічнаму начальству з-за Нёмна ніхто ня можа пагражаць, яно з Захадам больш загрудкі не хапаецца.
А што думае народ? Народ маўчыць. Заробкі ўпалі, чым пуцінскі падарунак дапаможа? Хаця народ увогуле ніколі ня супраць. А вось у інтэрнэце гарачую спрэчку выклікала паведамленьне аб новых ракетах для Горадні. Дзьвесьце камэнтароў! «У краіне цэны касьмічныя, а мы да вайны рыхтуемся. Вельмі мудра…» «Гэта тыя расейскія ракеты, што выбухаюць на месцы запуску?» «Хацелася б ведаць: што паставяць у адказ у Друскеніках і Кузьніцы” (у літоўцаў і палякаў).
А гэтыя зусім насьміхаюцца: «Верхняя Вольта з ракетамі». «Ну ўсё, зараз у ляхаў ад такіх навінаў пампэрсы скончацца».
Але ў адказ – абураны патрыёт: «Няўжо вы не разумееце, што гэта вымушаная мера?! Ня бачыце, якая сытуацыя ў сьвеце? Разгарніце падручнік гісторыі і падумайце: што будзе зь Беларусьсю, калі здарыцца вайна». Як бачым, чалавеку столькі часу сьніцца 22 чэрвеня 1941-га і танкавыя «абцугі» фон Клейста. Але існуюць ня толькі панікёры ў сталінскім шынэлку, ёсьць людзі сучасныя. Адзін у адказ аматару падручнікаў пра апэрацыю «Барбароса» піша: «За семдзесят год пасьля той вайны сьвет зьмяніўся. Нікому не патрэбныя тэрыторыі, акрамя асабліва пакрыўджанага ўсходняга сьвету. Патрэбныя рэсурсы. Рэсурсы ў Беларусі ці ёсьць? І ракеты гэтыя — пустышка, пудзіла агароднае». Але беручы тыя ЗРК, наша начальства робіць ласку Расеі «за яе ўліваньні ў мясцовы рэжым».
Сэрыйны выпуск С-300 пачаўся вельмі даўно, калі яшчэ Брэжнеў з трыбуны мог выступаць больш-менш выразнамоўна, сорак гадоў таму. Зразумела, іх бясконца паляпшалі. І нам цяпер абяцаюць, што зможам адным такім ЗРК зьнішчаць да трыццаці шасьці цэляў, наводзячы да сямідзесяці дзьвюх ракет. Для самой Расеі такія комплексы амаль што каменны век, нарабілі новых. Куды цяпер з С-300? Прыяцелям прапануюць, іранцам ды беларусам. Ну мы й бярэм, няхай будуць. Калі б мы ведалі, што калі возьмем С-300, нас абстраляюць з космасу, браць бы ня сталі, сто працэнтаў. А так, як адмовіцца? Гэта ўсё роўна як Пуцін бы аддаваў свае пінжакі, якія яго больш не задавальняюць, малодшаму хаўрусьніку. Адмаўляцца ў такіх справах — парушаць этыкет.
ЗРК С-300, згодна рэклямнай улётцы, могуць зьбіваць за трыста кілямэтраў, а могуць — зблізку. А што гэта можа азначаць для нас? Што мы здатныя зьбіць ракету над Польшчай, мяжа — побач. Але калі палякі тут ні пры чым, то гэтак рабіць будзе неабачліва. Мы можам, канечне, зьнішчыць ракету над Горадняй або ваколіцамі. Але асабіста я супраць таго, каб упала нам на галовы. Апошні варыянт: мы маем таксама магчымасьць пацэліць чужую балістычную ракету над іншымі беларускімі гарадамі ды вёскамі (за трыста кілямэтраў ад нас). Супраць чаго, я перакананы, будуць нашы землякі. Што ж атрымліваецца: дзеля таго, каб спадабацца Пуціну, мы павінны рызыкаваць самімі сабой, рабіцца камікадзэ і гарматным мясам для задавальненьня Масквы? Я асабіста супраць. Я перакананы, што ў выпадку калі Расея давядзе да вайны з дэмакратычным сьветам, акажацца, што С-300 у Горадні — вельмі шкодная штука, антыбеларуская. Пагатоў карціць менавіта ядзерныя зарады выкарыстаць.
Я таксама разумею, што ваякі зусім іншай думкі. Чым больш зброі, тым лепш! Выдатная магчымасьць аднойчы таварняком трапіць на палігон пад Астраханьню ці зусім на Ісык-Куль. Ах, якія ж там краявіды! А калі з рыбай атрымаецца? Рыба — казачная, смак нерэальны!
Начальства наша, вядома, сем разоў адмерае. Браць бы ня стала С-300, калі б прадчувала, што паленым запахне. А так бярэ, прысылае ў Горадню і потым Пуціну пры кожнай нагодзе – рахунак: мы тваю Маскву абараняем, прыкінь, колькі ты маеш часу падрыхтавацца, пакуль мы будзем зьбіваць першыя ракеты ў твой бок! Так што давай, Валодзя, бабкі. Адным словам, бізнэс на першым месцы. А ніякіх удараў з космасу ніхто не чакае. І можна спаць спакойна. З С-300 пад падушкай.
Як вядома, С-300 у Горадні ўжо былі (глядзі на здымках), але колькі іх усяго для поўнага шчасьця патрэбна? Невядома.