1. У Казахстан я ўехаў з поўдня, дарогай Ташкент-Шымкент. Паўднёвы Казахстан — край бяскрайняга стэпу, касмадрому, якi так неверагодна апiсаў Чынгiз Айтматаў, i узьбекаў — гiстарычна адносiны памiж жыхарамi поўдня, поўначы i алматынскай далiны вельмi складаныя.
2. Па дарозе (сьпяшаюся ў Астану) праяжджаю былы цэнтар Гулагу Караганду. Велiчэзныя палi пасярод гораду, якiя чамусьцi называюць паркамi, з аднаго боку найстрашнейшыя шматпавярховікi, якiя я толькі бачыў, з другога — драўляныя хаты, зусім савецкiя лёзунгi, у навакольлi тэрыконы — горад чымсьцi нагадвае Данецк.
3. Астана — самы халодны пункт майго падарожжа. Тут тэмпэратура даходзiла да −35. Дзеля таго што Астана — горад на раўнiне, у завiруху яго яшчэ прадзiмае магутны вецер. Самi астанiнцы сьмяюцца — «мы ўжо прывыклi, бывае i горш — гэта яшчэ даволi цёпла».
4. Жыў я ў хостэле каля Астанiнскага лiцэю. Там заўсёды спынялiся нейкiя будаўнiкi — замест Расеi казахi з поўдня едуць зарабляць у Астану, а наймаць кватэру — вельмi дорага.
5. Астана — галоўны праект Нурсултана Назарбаева. Калi я пытаўся ў людзей — чаму сюды перанесьлi сталiцу — адказы былi розныя — «У Алматы пагроза землятрусу», «Назарбаеў хацеў трымаць блiжэй да сябе рэгiоны поўначы, каб не было сэпаратызму», «Назарбаеў хацеў зрабiць сталiцу блiжэй да тых краёў, дзе ён працаваў большую частку жыцьця». Найлепшы адказ, якi я пачуў — «Перанёс проста таму, што мог».
6. Казахi любяць лiчыць сябе аднымi зь лiдэраў мусульманскага сьвету. На маёй дарозе гэта была першая краiна пасьля Турцыi, дзе людзi вельмi любiлi дыскусii пра рэлiгiю — наколькi адрозьнiваецца iслам ад хрысьцiянства? Цi сустракаем мы Бога ў штодзённым жыцьцi? Былi i спробы навярнуць мяне ў iслам...
7. Правы бераг Астаны — былы Цэлiнаград, там засталася савецкая архiтэктура. На правым беразе ёсьць разваленыя хаткi, жабракi, галоўны базар гораду (хоць ён больш нагадвае унiвэрмаг, чым базар), там кiпiць жыцьцё.
8. Левы бераг — акуратна сплянаваны i стэрыльны ўрадавы квартал. Тут ўсе самыя вядомыя будынкi гораду, увесь час штосьцi будуецца i адкрываюцца касьмiчныя панарамы. Гэта горад функцыянэраў, журналiстаў i вясельляў на фоне вежы Байтэрэк.
9. Астана — горад халодны i непрыстасаваны для таго, каб быць сталiцай. Паўсюль адчуваецца халодны разьлiк архiтэктараў, нiводзін будынак ня быў сплянаваны выпадкова. Будынкаў значна больш, чым людзей. Людзi сюды, у адрозьненьне ад Алматы, едуць толькi працаваць — або на будоўлях, або ва ўрадзе.
10. Чымсьцi Астана нагадвае Бухарэст — калi б Чаўшэску ўдалося зьнесьцi ўсё, што заставалася ад старога гораду. Такое ўражаньне, што некаторыя будынкi Назарбаеў проста загадаў скапiяваць зь iншых гарадоў i зрабiць крыху больш казахскiмi. Будынак опэры, напрыклад, нагадвае мне менскі Палац культуры Белсаўпрофу.
11. Казахстан — краiна бiлбордаў. На іх бывае ўсё — ад грандыёзных архiтэктурных плянаў, да (i гэта самая вялiкая частка) мудрых слоў Елбасы, да ўзьнёслай сацыяльнай рэклямы.
12. У Астане, як i шмат дзе ў паўночным Казахстане, нават казахi рэдка ўжываюць сваю мову. Лiнгва-франка тут — расейская, дый самых расейцаў тут больш, чым казахаў. Вельмi ганарацца сваёй расейскай гасьціннасьцю, заўсёды гатовыя налiць чарку.
13. З Астаны даводзiцца ехаць ў Алматы стэпам. Мяне высаджваюць дзесьцi за 100 кiлямэтраў ад Караганды, пасярэдзiне сьнежнай пустэльні. Навокал нiчога ня бачна — нi вёсак, нi нават хатак, дзе можна было б прытулiцца. Бачна толькi штосьцi падобнае на маўзалей. Робiцца страшна.
14. Але мне шанцуе — падбiрае студэнт, якога шафёр вязе дадому ў Алматы на Новы Год. Зь iм доўга размаўляем пра рэлiгiю, правiлы казахскага жыцьця (ох жа ж i любяць яны хвалiцца! — пагаджаемся мы). Пасьля паўночы едзем туманным берагам возера Балхаш, i зноўку робiцца страшна — нiхто не збаўляе хуткасьць, хаця бачна толькi пяць-дзесяць мэтраў наперадзе.
15. У Алматы я прыяжджаю 31 сьнежня, а пятай ранiцы, i крочу па сонным горадзе. Горад прыгожы, троху савецкi, але адчуваецца, што тут жывуць людзi. Хтосьцi ўжо пачынае пускаць фаервэркi.