На сайце беларускай чыгункі стала яшчэ больш беларускай мовы. Калі раней расклад цягнікоў па-беларуску быў даступны толькі для прыгарадных маршрутаў, цяпер беларускі інтэрфэйс даступны пры пошуку ўсіх цягнікоў.
Як напісана на сайце, інфармацыйна-даведачная сыстэма «Расклад руху цягнікоў» знаходзіцца ў рэжыме досьледнай эксплюатацыі.
Акрамя пашырэньня ўжытку беларускай мовы на сайце, пошукавая сыстэма стала больш простай і пры гэтым — разнастайнай. Напрыклад, раней расклад прыгарадных цягнікоў быў асобна ад усіх астатніх. Цяпер пры пошуку маршруту ў адным акне прапануюцца ўсе варыянты дабіраньня да патрэбнай станцыі. Таксама зьявілася функцыя пошуку маршруту зь перасадкамі. Пры пошуку можна пазначыць пажаданую катэгорыю цягніка і тып вагона.
Са старонкі канкрэтнага маршруту цяпер можна перайсьці адразу да разьдзелу набыцьця квіткоў. Праўда, гэты разьдзел пакуль ня мае беларускай вэрсіі.
Нагадаем, што беларускі інтэрфэйс таксама даўно распрацаваны і на сайце нацыянальнай авіякампаніі «Белавія». Ня мае беларускай вэрсіі толькі сайт «Мінсктрансу».