Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страчаны шанец імпічмэнту


Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У гэтым разьдзеле — пра разгляд у Канстытуцыйным Судзе звароту дэпутатаў аб парушэньні Лукашэнкам Канстытуцыі.

У сьнежні 1994-га газэты выйшлі зь «белымі плямамі» замест дакладу дэпутата Апазыцыі БНФ Сяргея Антончыка аб карупцыі ў камандзе Лукашэнкі. У пачатку студзеня 95-га выдавецтва «Беларускі Дом друку» адмовілася працягваць дамовы на друкаваньне шэрагу незалежных газэт, у тым ліку і «Свабоды» Ігара Гермянчука.

У сакавіку 95-га Лукашэнка зьняў з пасады рэдактара «Народнай газэты» Іосіфа Сярэдзіча — за публікацыю ліста супраць рэфэрэндуму. Ніякага права звальняць рэдактара газэты — органу Вярхоўнага Савету — Лукашэнка ня меў, але такая драбяза, як закон, яго не цікавіла. На пасаду галоўнага рэдактара быў прызначаны Мікалай Галко, які адразу заняў пазыцыю падтрымкі лініі Лукашэнкі і ў дачыненьні рэфэрэндуму, і адносна палітычных апанэнтаў прэзыдэнта.

Але яшчэ да звальненьня Сярэдзіча, у студзені 95-га, па ўзгадненьні з дэпутатамі Апазыцыі БНФ я ініцыяваў зварот дэпутатаў у Канстытуцыйны Суд з нагоды наступу Лукашэнкі на свабоду прэсы. Была і канкрэтная прававая падстава — артыкул 33 Канстытуцыі, які забараняў манапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі.

Для таго, каб суд прыняў справу да разгляду, патрэбна было 70 подпісаў дэпутатаў; мне удалося сабраць 84.

(Між іншым, скажу, што гэта была магічная лічба — 84. Менавіта столькі дэпутатаў падпісалі ў жніўні 91-га зварот аб неадкладным скліканьні сэсіі ВС, на якой была прынятая незалежнасьць. А яшчэ раней, у студзені, столькі ж падпісалі заяву з асуджэньнем вайсковага здушэньня імкненьня літоўцаў да незалежнасьці. Але гэтым разам склад падпісантаў адрозьніваўся: некаторыя з тых, хто нас падтрымліваў раней, свае подпісы не паставілі (яны далучыліся да Лукашэнкі), але падпісаліся тыя, хто быў у камуністычным лягеры).

Тэкст звароту давялося пісаць мне, ён раней нідзе не публікаваўся.

«Высокі Суд,

сваім Указам № 14 ад 4 жніўня 1994 году «Аб стварэньні Кіраўніцтва справамі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» Прэзыдэнт перадаў выдавецтва «Беларускі Дом Друку» Кіраўніцтву справамі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Гэтае выдавецтва займае дамінуючае месца на рынку паліграфічных паслуг Беларусі. Акрамя таго Прэзыдэнту непасрэдна падпарадкаваная Нацыянальная тэлерадыёкампанія, якая зьяўляецца адзіным тэлевізійным сродкам масавай інфармацыі, што вяшчае на ўсю тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Гэта, на нашу думку, супярэчыць арт.33 (частка 3) Канстытуцыі, якая не дапускае манапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі. Манаполія выканаўчай улады на сродкі масавай інфармацыі стала прычынай парушэньняў канстытуцыйных правоў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

У выніку супрацьпраўных дзеяньняў службовых асоб забаронена публікацыя дакладу дэпутата Вярхоўнага савета С. Антончыка ў шэрагу выданьняў (газэты «Советская Белоруссия» № 281 ад 22.12.94 г. І № 282 ад 23.12.94 г., «Звязда» № 261 ад 23.12.94 г., «Рэспубліка» № 248 ад 22.12.94 г., «Фемида» № 51 ад 26.12.94 г. Гэтая забарона, а таксама нявыхад у сьвет асобных нумароў «Народнай газеты», забарона на выпуск з галоўнай экспэдыцыі газэт «Свабода» і «Газеты Андрэя Клімава» з тэкстамі даклада зьяўляюцца, на наш погляд, парушэньнем артыкулу 33 (частка 3) Канстытуцыі, які не дапускае цэнзуру, і артыкулу 34 (частка 1), які гарантуе грамадзянам права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюджваньне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі.

У выніку распараджэньня намесьніка Кіраўніка справамі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь У. Лазоўскага ад 2.01.95 г. забаронена пралангацыя ў 1995 годзе дамоваў выдавецтва «Беларускі Дом друку» з шэрагам пэрыядычных выданьняў. У адпаведнасьці з законамі «Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі», «Аб прадпрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» прадпрыемства было абавязана ўлічваць інтарэсы спажыўца. У выніку рэдакцыйныя калектывы ня выканалі сваіх абавязаньняў перад падпісчыкамі, а падпісчыкі — грамадзяне Беларусі не атрымалі своечасова інфармацыю. Такім чынам, парушаны артыкул 34 (частка 1) Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе грамадзянам права на распаўсюджваньне інфармацыі і права на своечасовае яе атрыманьне. У шэрагу публічных заяў (у прыватнасьці, на сэсіі Менскага гарадзкога савета 10.01.95) Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь падтрымаў падобныя дзеяньні службовых асоб. Разам з тым, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, Прэзыдэнт абавязаны выступаць гарантам канстытуцыйных правоў грамадзян.

Просім Канстытуцыйны Суд:

разгледзець канстытуцыйнасьць Указу Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 19 ад 4 жніўня 1994 году «Аб кіраўніцтве справамі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» і яго адпаведнасьці артыкулу 33 (частка 3) Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у частцы перадачы выдавецтва «Беларускі Дом друку» Кіраўніцтву справамі Прэзыдэнта, а таксама іншых указаў і распараджэньняў Прэзыдэнта, якія вядуць да манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі і ўжываньня цэнзуры.

Разгледзець канстытуцыйнасьць распараджэньня намесьніка Кіраўніка справамі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь сп. У. Лазоўскага аб забароне на пралангацыю дамоваў выдавецтва «Беларускі Дом друку» з шэрагам выданьняў і яго адпаведнасьць артыкулу 34 (частка 1) Канстытуцыі.

Групу дэпутатаў у Канстытуцыйным Судзе прадстаўляюць: С. Навумчык, І. Гермянчук.

Да падрыхтоўкі і разгляду пытаньня прыцягнуты экспэрты, якія прымуць удзел у пасяджэньні Канстытуцыйнага Суда: А. Галаўко, Н. Доўнар, Л. Русак.

Дэпутаты Вярхоўнага Савету (подпісы, усяго — 84)».

Сярод тых, хто падпісаўся — дэпутаты ад вэтэранскай арганізацыі Аляксандар Трацьцякоў і Герой Савецкага Саюзу генэрал Барыс Гетц. Былі ў сьпісе і яшчэ генэралы — былы старшыня КДБ (люты-ліпень 1994) генэрал-лейтэнант Генадзь Лавіцкі, былы начальнік Памежных войскаў генэрал-лейтэнант Генадзь Бачароў, былы міністар унутраных спраў БССР генэрал-лейтэнант Віктар Піскароў.

Аналітычнае інфармагенцтва «Павет» адзначала ў тыя дні, што «незалежна ад канчатковага рашэньня Канстытуцыйнага Суду, палітычны выйгрыш ініцыятараў звароту відавочны. Безумоўна, што да працэсу будзе прыцягнутая ўвага сродкаў масавай інфармацыі, прычым самых розных палітычных накірункаў. Зварот у Канстытуцыйны Суд падтрымаюць і лідэры партый, якія, у большасьці, пазбаўленыя магчымасьці выхаду ў электронныя сродкі масавай інфармацыі».

15 лютага Канстытуцыйны Суд прыняў рашэньне «Аб узбуджэньні справы аб адпаведнасьці Канстытуцыі Ўказу Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у частцы перадачы выдавецтва «Беларускі дом друку» Упраўленьню справамі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Указаў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 27 ад 5 жніўня 1994 г. «Аб стварэньні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь» і № 128 ад 28 верасьня 1994 г. «Пытаньні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь».

Пры гэтым суд адмовіўся ўзбуджаць справу адносна распараджэньня намесьніка Кіраўніка справамі прэзыдэнта, якое фактычна забараняла «Дому друку» падпісваць дамовы з некаторымі незалежнымі выданьнямі — «паколькі гэта не ўваходзіць у кампэтэнцыю Канстытуцыйнага Суду».

У лютым і ў сакавіку я вёў кансультацыі з экспэртамі, якіх мы вырашылі прыцягнуць да справы. Была падрыхтаваная грунтоўная прававая база. Працэс быў прызначаны на пачатак красавіка, але я папрасіў старшыню Суда Валера Ціхіню перанесьці яго на некалькі дзён, паколькі ў Вярхоўным Савеце разглядалася пытаньне рэфэрэндуму. Ціхіня пагадзіўся і прызначыў новую дату — 13 красавіка.

А 11-га красавіка мы абвясьцілі галадоўку. Але і з улікам галадоўкі я быў гатовы прадстаўляць пазыцыю дэпутатаў у Вярхоўным Савеце — і ў сумцы, якая была са мной у Авальнай залі, меў усе неабходныя дакумэнты. Перад тым, як нас пачалі зьбіваць, я пасьпеў павесіць рэмень сумкі сабе на шыю — зь ёй мяне і выцягнулі з Авальнай залі і кінулі ў «варанок».

Паседжаньне Канстытуцыйнага Суду пачалося раніцай 13 красавіка.

Тактыка нашая была такая: я рабіў асноўны выступ ад імя дэпутатаў і казаў толькі пра юрыдычныя аспэкты справы, якія тычыліся выключна тэмы звароту (сродкі масавай інфармацыі). У якасьці члена Суду справу прадстаўляў Міхаіл Пастухоў — у якім мы ужо тады адчулі аднадумца.

У залі былі і дэпутаты Мікалай Крыжаноўскі, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў. Яны распавялі судзьдзям пра падзеі ў Вярхоўным Савеце ў ноч з 11 на 12 красавіка. Адчувалася, што судзьдзі былі ўпражаныя.

Інтарэсы прэзыдэнцкага боку прадстаўлялі начальнік дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Марыскін і старшыня тэлерадыёкампаніі Рыгор Кісель.

Марыскін даводзіў, што ўказамі Лукашэнкі «Дом друку» і тэлерадыёкампанія былі проста перададзеныя з адных дзяржаўных рук у іншыя (раней яны ўваходзілі ва ўрадавыя структуры) і, маўляў, нічога прынцыпова істотнага, супярэчлівага Канстытуцыі не адбылося.

Але наступны аргумэнт Марыскіна выклікаў усьмешку нават у некаторых членаў Канстытуцыйнага Суду: ён сказаў, што Белтэлерадыёкампанія не зьяўляецца сродкамі масавай інфармацыі, а гэта ўсяго толькі — ворган кіраваньня. А значыць, факту манапалізацыі прэзыдэнтам электронных СМІ — няма. Тое ж самае паўтарыў і кіраўнік лукашэнкаўскага тэлебачаньня Рыгор Кісель, якому адзін з судзьдзяў задаў пытаньне — па якім тэлеканале ён можа паглядзець выступы дэпутатаў у разьдзеле «Рознае»? «Кісель адказаў, што тэарэтычна гэтым мог бы заняцца 8-ы канал. Прысутныя ў залі спэцыялісты тут жа далі даведку: 8-ы канал закрыты ўладамі на час перадвыбарчай кампаніі. Фармальна — па прычыне рамонту сродкаў сувязі» — адзначаў у «Звяздзе» Валянцін Жданко.

Дарэчы, Рыгор Кісель, які вёў сябе на пасяджэньні разьвязна і, я б сказаў, з пэўнай доляй нахабнасьці, заявіў, што будзе выконваць толькі тыя пастановы Вярхоўнага Савету, якія ён і ягоныя юрысты палічаць адпаведнымі Канстытуцыі. Такім чынам, ён фактычна паставіў сябе па-за законам.

Прыведзена ў публікацыі і маё тлумачэньне:

«Прадстаўнікі ўлады заяўляюць, што ніякай манаполіі няма — і называюць колькасьць зарэгістраваных прыватных выданьняў. Іх, сапраўды, нешта пад сямсот. Але колькі зь іх рэальна выходзіць? І давайце паглядзім на суадносіны накладу прыватных і так званых «дзяржаўных» выданьняў. Возьмем самыя вядомыя, з найбольшым накладам. «Белорусский рынок» і «Белорусская деловая газета», «Фемида» — па 20 тысяч, «Свабода» — 60 тысяч. Затое «Белорусская нива» — 120 тысяч, «Советская Белоруссия» — 250 тысяч, «Звязда» і «Рэспубліка» — па 170 тысяч, «Народная газета» — 550 тысяч. Дадайце сюды абласныя ды раённыя газэты. Суадносіны, я думаю, у лепшым выпадку --- адзін да дзесяці. Ці, напрыклад, выдавецтва «Беларускі дом друку». Так склалася, што ён займае дамінуючае становішча на рынку паліграфічных паслугаў. І калі «Свабодзе», «Фемідзе» , шэрагу іншых выданьняў было адмоўлена ў пралангацыі дагавораў — рэдакцыйныя калектывы трапілі ў надзвычай складанае становішча. Дарэчы, яшчэ ў 1991 годзе я зьвяртаўся да Кебіча з просьбай вывесьці гэтае прадпрыемства з падпарадкаваньня Гаспадарчага ўпраўленьня Саўміну. У тым жа годзе супрацоўнікі выдавецтва прынялі рашэньне памяняць форму ўласнасьці і стварыць народнае прадпрыемства. Я думаю, што акцыянаваньне «Дома друку» — найлепшы варыянт. Але з улікам інтарэсаў простых працаўнікоў: наборшчыкаў, друкароў, інтарэсаў рэдакцыйных калектываў. Пэўная колькасьць акцый павінна была б пайсьці на аўкцыён — сёньня відавочна, што дзяржава ня ў стане вытрымаць гэты гігант. Але першым крокам павінна быць вывядзеньне яго з-пад падпарадкаваньня Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Пакуль жа кіраўніцтва выдавецтва знаходзіцца ў ролі чыноўнікаў і вымушана выконваць загад. А што на тэлебачаньні? Падпарадкаваная прэзыдэнту Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія зьяўляецца адзінай тэлекампаніяй, якая вяшчае на ўсю тэрыторыю краіны. Акрамя таго, гэта структура ў дадатак выконвае функцыі цэнтральнага органа дзяржаўнага кіраваньня. Згодна з зацьверджаным прэзыдэнцкім указам палажэньнем, ёй адведзена права рэгістраваць (альбо не рэгістраваць) іншыя тэлекампаніі" («Звязда, 14 красавіка 1995 г.).

Пераважная большасьць экспэртаў пагаджалася з нашымі аргумэнтамі і падмацоўвалі іх уласнымі.

«Ацэнкі юрыстаў былі ў асноўным не на карысьць прэзыдэнцкага боку... — пісаў Валянцін Жданко. — Да прыкладу, Людміла Русак, загадчыца кафэдры грамадзянска-прававых дысцыплінаў Акадэміі кіраваньня пры Кабінэце Міністраў ацаніла статус тэлерадыёкампаніі ў яе цяперашнім выглядзе з уладнымі функцыямі і правам даваць ці не даваць дазвол на адкрыцьцё іншых вяшчальных кампаній ня проста як манаполію, а як супэрманаполію выканаўчай улады. Прыкладна такую ж ацэнку далі і два іншыя спэцыялісты, што выступілі ў судзе — Натальля Доўнар і Ігар Лапша. Апошні да ўсяго прапанаваў і магчымае выйсьце з гэтай сытуацыі. Паколькі працэс акцыянаваньня тэлерадыёкампаніі непазьбежна расьцягнецца ў часе, кантроль над тэлебачаньнем і радыё, на ягоную думку, мог бы быць перададзены створанаму дзеля гэтага незалежнаму Грамадзкаму назіральнаму савету».

«Апоўдні 14 красавіка Канстытуцыйны Суд выслухаў заключныя прамовы бакоў. Ад групы дэпутатаў выступалі Сяргей Навумчык і Пятро Садоўскі. Навумчык сярод іншага зьвярнуў увагу судзьдзяў на тое, якія канкрэтна выданьні страцілі права друкавацца ў доме друку нібыта па тэхнічных прычынах — газэты „Свабода“, „Феміда“, „Газэта Андрэя Клімава“ — якраз тыя, што дазвалялі сабе крытыкаваць прэзыдэнта. Затое ніякія тэхнічныя цяжкасьці не перашкодзілі застацца пад дахам Дома друку мноству забаўляльных, спартовых і эратычных выданьняў. Ад імя Прэзыдэнта выступіў Аляксандар Марыскін, які ізноў зрабіў акцэнт на лінгвістычных аргумэнтах — на тым, што ў Канстытуцыі забаронена манапалізацыя, як працэс, а не манаполія, як зьява, і што нідзе ў Законе не запісана, што Нацыянальная тэлерадыёкампанія зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі. А таму, маўляў, ведамства Рыгора Кісяля да сродкаў масавай інфармацыі не адносіцца. Суд, аднак, прыслухаўся толькі да часткі гэтых аргумэнтаў» («Звязда», 15 красавіка 1995 г.).

Канешне, калі сыходзіць з духу закона, суд увогуле павінен быў адхіліць усе аргумэнты прадстаўніка прэзыдэнцкага боку, бо нават у такім сьціслым выглядзе, як іх перадала публікацыя «Звязды», яны выглядалі па-просту алягічна і абсурдна. І некаторыя судзьдзі гэта разумелі, але (як і ў Вярхоўным Савеце) вырашыла арытмэтычная большасьць пры галасаваньні.

У выніку, Канстытуцыйны Суд прызнаў супярэчным Канстытуцыі толькі адзін з трох указаў Лукашэнкі, які мы абскарджвалі — ад 28 верасьня 1994 г аб наданьні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі статусу органу дзяржаўнага кіраваньня.

Падрабязную і аб’ектыўную інфармацыю пра пасяджэньне Канстытуцыйнага Суду зь дзяржаўных выданьняў дала толькі «Звязда». Зь незалежных выданьняў вылучылася газэта «Беларусь», якая надрукавала павярхоўны і тэндэнцыйны тэкст сваёй карэспандэнткі Веранікі Трызна пад загалоўкам «Справа Навумчыка» — 2-1 на карысьць прэзыдэнта«. У артыкуле дэпутаты, якія абаранялі свабоду слова ў Вярхоўным Судзе (а гэта былі дэпутаты Апазыцыі), былі абвінавачаныя ў тым, што нібыта яны «гэтыя нарматыўныя акты прымалі», хаця менавіта дэпутаты БНФ патрабавалі прававых гарантыяў свабоды слова і дамагаліся прыняцьця законаў аб дэманапалізацыі.

Карэспандэнтка Трызна наўмысна зьліла ў адно пракамуністычную парлямэнцкую большасьць і апазыцыю, цынічна заўважыўшы, што «народныя абраньнікі, як высьветлілася, за сябе толкам пастаяць ня здолелі. Ні ў зале пасяджэньняў Вярхоўнага Савета, ні ў зале пасяджэньняў Вярхоўнага Суду». (Па іроніі лёсу, праз год Трызна будзе прэс-сакратаром старшыні Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Сямёна Шарэцкага, які на выбары ішоў зь лёзунгам аднаўленьня СССР, а ў якасьці сьпікера здаў выканаўчай уладзе ўсё, што толькі можна было здаць, і ў давяршэньне ўсяго — праваліў імпічмэнт).

Тым ня менш, Канстытуцыйны Суд прызнаў адзін з указаў Лукашэнкі неадпаведным Асноўнаму закону і абавязаў яго прывесьці яго ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй. Што Лукашэнкам не было зроблена.

З улікам падзеяў у Авальнай залі ў ноч з 11 на 12 красавіка гэта магло быць ужо ня толькі палітычнай, але і юрыдычнай падставай для пачатку працэдуры імпічмэнту — але пры той умове, зразумела, калі б у кіраўніцтва Вярхоўнага Савета была палітычная воля.

Пра ступень гэтай «волі» можа сьведчыць тое, што па заканчэньні працэсу ў Канстытуцыйным Судзе ніхто з кіраўніцтва парлямэнту (ні Мечыслаў Грыб, ні ягоныя намесьнікі) не пацікавіліся ў мяне акалічнасьцямі разьбіраньня. Напэўна, ім хапіла інфармацыі з прэсы. Пройдзе некалькі тыдняў, і Лукашэнка «папросіць» Вярхоўны Савет з будынку на вуліцы Карла Маркса, і сьпікер — пагодзіцца. А яшчэ праз некалькі месяцаў Грыб і кіраўніцтва Вярхоўнага Савета пачнуць усьведамляць, што іх цынічна падманулі, і што заканадаўчая ўлада цалкам падмятая прэзыдэнцкім апаратам.

Але — запозна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG