Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўныя тэзісы дакладу Нямцова «Пуцін. Вайна»


Барыс Нямцоў у Кіеве падчас прэзэнтацыі даклада пра Пуціна "Жыцьцё раба на галерах", 4 верасьня 2012 году
Барыс Нямцоў у Кіеве падчас прэзэнтацыі даклада пра Пуціна "Жыцьцё раба на галерах", 4 верасьня 2012 году

У Расеі прайшла прэзэнтацыя дакладу пра вайну ў Данбасе, складзенага групай экспэртаў з выкарыстаньнем напрацовак Барыса Нямцова.

У дасьледаваньні робяцца спробы ацаніць агульныя страты арміі і бюджэту Расеі ад вайны ва Ўкраіне. Ідэя дакладу «Пуцін. Вайна» пра ролю Расеі ў анэксіі Крыму і ўдзел расейскіх вайскоўцаў у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне належыць забітаму сустаршыні партыі РПР-ПАРНАС Барысу Нямцову.

Гэтае дасьледаваньне палітык зьбіраўся супрацьпаставіць афіцыйнай вэрсіі падзеяў.

«Я прыдумаў, што рабіць. Трэба напісаць даклад „Пуцін. Вайна“, выдаць яго вялізным накладам і раздаваць на вуліцах. Распавядзем, як Пуцін разьвязаў гэтую вайну. Толькі так мы пераможам прапаганду», — прыводзяцца словы Нямцова ў дакладзе.

Галоўныя тэзісы дакладу расьсьледаваньня.

1. Ня менш за 150 расейскіх вайскоўцаў загінулі ў жніўні 2014 году, паводле ацэнак крыніц Нямцова. Тады ўкраінская армія перайшла ў наступ, але была спыненая пад Ілавайскам расейскімі войскамі. Сваякі забітых вайскоўцаў, як паведамляецца ў дакладзе, атрымалі па 2 мільёны расейскіх рублёў і далі падпіску пра неразгалошваньне абставінаў гібелі.

2. Каля 70 расейскіх салдат (у тым ліку ня менш як 17 дэсантнікаў з Іванава), паводле Нямцова, загінулі ў студзені-лютым 2015 году пад горадам Дэбальцава. Прадстаўнікі інтарэсаў сваякоў вайскоўцаў у лютым зьвярнуліся да Нямцова па дапамогу, бо не маглі дамагчыся кампэнсацыяў. У дакладзе гаворыцца, што на той момант салдат, якія адпраўляюцца ў Данбас, пачалі звальняць з войска і выдаваць за добраахвотнікаў. Мінабароны Расеі абяцала плаціць кампэнсацыі за сьмерць і калецтвы, нягледзячы на звальненьне. Аднак, сьцьвярджаецца ў дакладзе, гэта абяцаньне выканана не было.

3. Каля 53 мільярдаў рублёў было выдаткавана з расейскага бюджэту на вайну на паўднёвым усходзе Ўкраіны за дзесяць месяцаў — такую ацэнку даў суаўтар дакладу, дырэктар па макраэканамічных дасьледаваньнях Вышэйшай школы эканомікі Сяргей Аляксашанка. Ён выказаў здагадку, што 21 мільярд рублёў спатрэбілася на ўтрыманьне 6 тысячаў добраахвотнікаў, 25 мільярдаў рублёў — на падтрымку 30 тысячаў мясцовых баевікоў, 7 мільярдаў рублёў — на эксплюатацыю, абслугоўваньне і рамонт тэхнікі.

4. Ваенная тэхніка. У другіх Менскіх пагадненьнях згадваецца сыстэма залпавага агню «Тарнада», распрацаваная ў Расеі, якай не пастаўлялася ў ніводную замежную дзяржаву.

Паводле ацэнкі экспэрта Інстытуту палітычнага і ваеннага аналізу Аляксандр Храмчыхіна, пасьля першых менскіх пагадненьняў ва ўзброеных фарміраваньнях ДНР і ЛНР была зафіксавана наяўнасьць (без уліку страт) 83 танкаў, 83 БМП і БМД, 68 БТР, 33 САУ, 31 буксаванай зброі, 11 РСЗА, 4 ЗРК (3 «Страла-10», 1 «Аса»). З гэтай колькасьці, паводле экспэрта, 23 танка, 56 БМП і БМД, 26 БТР, 19 САУ, 17 буксаваных гармат, 2 РСЗА былі захопленыя сэпаратыстамі ва ўзброеных сіл Украіны. Храмчыхін дапускае, што астатняе ўзбраеньне было атрымана баявікамі з Расеі, але не выключае таксама вэрсію, што тэхніка магла быць «набытая» сэпаратыстамі ў выніку карупцыйных зьдзелак з украінскай бокам.

Даказана прысутнасьць у Данбасе танкаў Т-72Б3 — гэта апошняя мадэрнізаваная мадэль ніколі не пастаўлялася на экспарт.

Яшчэ адным сьведчаньнем прысутнасьці расейскай тэхнікі на тэрыторыі Ўкраіны стаў відэазапіс, зроблены ў горадзе Луганску, які знаходзіцца пад кантролем сэпаратыстаў. У сярэдзіне лютага 2015 г. відэарэгістратар зафіксаваў перамяшчэньне самаходнага зэнітнага ракетна-гарматнага комплексу (ЗРПК) «Панцыр-С1». Акрамя Расеі, ніводная з краін, якія маюць на ўзбраеньні ЗРПК «Панцыр-С1», не мяжуе з Украінай.

4. Два трыльёны рублёў са сваіх заробкаў і 750 мільярдаў рублёў са сваіх зьберажэньняў, паводле падліку Аляксашанкі, страцілі расейцы за год пасьля анэксіі Крыму. Эканаміст тлумачыць, што ў сувязі з заходнімі санкцыямі і прадуктовымі эмбарга ў адказ цэны дадаткова вырасьлі на 5,5%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG