Як паведамляе агенцтва Reuters, за дзень да забойства Барыс Нямцоў абмяркоўваў са сваёй памочніцай Вольгай Шорынай даклад пра расейскую ваенную прысутнасьць ва Ўкраіне.
Баючыся, што ягоны офіс могуць праслухоўваць расейскія спэцслужбы, Нямцоў напісаў на паперы фармату А4: «Са мной зьвязаліся дэсантнікі з Іванава. 17 забітых. Грошай не далі, але пакуль яны баяцца гаварыць».
Паводле Reuters, няма незалежнага пацьверджаньня, што запіска сапраўдная. Расейскі апазыцыянэр Ільля Яшын таксама апублікаваў гэтую запіску на сваіх старонках у сацыяльных сетках.
Ищем материалы, которые Немцов готовил для доклада "Путин и война". Удалось собрать некоторые записи его почерком. pic.twitter.com/tXR7YCgEOv
— Илья Яшин (@IlyaYashin) March 4, 2015
Раней Яшын паабяцаў апублікаваць даклад пра Ўкраіну, рыхтаваны Нямцовым. Пра гэта ён паведаміў брытанскай газэце The Times. Паводле апазыцыянэра, у дакумэнце ўтрымліваюцца доказы расейскай вайсковай прысутнасьці на Данбасе.
Яшын адзначыў, што адзіная поўная вэрсія дакладу захоўвалася на кампутары ў кватэры Нямцова. Пры гэтым жорсткі дыск кампутара пасьля гібелі палітыка забралі сьледчыя. Тым ня менш, паводле Яшына, усе сабраныя Нямцовым доказы захаваныя, і паплечнікі забітага палітыка паспрабуюць зь іх дапамогай аднавіць дакумэнт.
Сабраныя ім доказы прысутнасьці расейскіх вайскоўцаў на Данбасе называліся ў якасьці магчымых прычын забойства Нямцова. У прыватнасьці, такую вэрсію агучыў стрыечны брат Нямцова, Ігар Эйдман.