Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Пуцін баяўся дакладу Нямцова


Барыс Нямцоў
Барыс Нямцоў

Паплечнікі Барыса Нямцова разьлічваюць, што ўжо ў сярэдзіне красавіка даклад «Пуцін і вайна» убачыць сьвет.

Даклад, над якім Барыс Нямцоў працаваў незадоўга да забойства, павінен быў асьвятляць падзеі на ўсходзе Ўкраіны. Амаль адразу пасьля гібелі апазыцыйнага палітыка ў кватэры Нямцова і ў офісах яго партыі былі праведзеныя ператрусы і канфіскаваныя матэрыялы, якія тычацца новага дакладу.

Кіраўнік маскоўскага аддзяленьня партыі РПР-ПАРНАС Ільля Яшын пасьля сьмерці Барыса Нямцова ўзяў на сябе каардынацыю працы па аднаўленьні дакладу. Паводле яго слоў, праблема ня толькі ў тым, каб аднавіць матэрыялы, сабраныя Нямцовым, але і ў тым, каб усе зьвесткі дакладу былі падмацаваныя дакумэнтамі і сьведчаньнямі людзей:

— Сьледчыя канфіскавалі значную частку ўсіх архіваў, усіх дакумэнтаў, ня толькі зьвязаных з падрыхтоўкай гэтага дакладу, але і наогул усяго таго, што ім ўдалося знайсьці, уключаючы кампутары, паперы, асабістыя запісы, нататнікі. Усё гэта тлумачылася інтарэсамі сьледзтва. Значную частку матэрыялаў нам удалося аднавіць. Іншая цяжкасьць заключаецца ў атмасфэры страху, якой ахутана ўся гісторыя з адпраўкай расейскіх войскаў (ва Ўкраіну). Мяркуючы па ўсім, там загінула значная колькасьць салдат. Сваякі жудасна баяцца казаць пра абставіны гібелі тых, што вярталіся ў цынкавых трунах з пазнакай «Груз-200». Частка сваякоў атрымала кампэнсацыю ў мінулым годзе — выплачвалася каля 3 млн рублёў. Пры гэтым з усіх былі сабраныя расьпіскі аб неразгалошваньні пад пагрозай крымінальнага перасьледу. Сёлета абяцаныя кампэнсацыі выплачваць перасталі, сваякі незадаволеныя, вядома, наракаюць, але казаць пра гэта публічна яны ўсё роўна баяцца.

Удзел у аднаўленьні дакладу прымае і Леанід Мартынюк, які быў сааўтарам двух папярэдніх расьсьледаваньняў Барыса Нямцова аб карупцыі. Мартынюк кажа, што для яго прынцыпова, каб апошняя праца Нямцова ўбачыла сьвет. Па словах Леаніда Мартынюка, Нямцоў прымаў падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне, блізка да сэрца:

— Для яго Ўкраіна была другой роднай краінай. Ён там нават нейкі час быў дарадцам прэзыдэнта Юшчанкі. Я думаю, для яго вайна з Украінай была ня меншай трагедыяй, чым, напрыклад, для мяне, этнічнага ўкраінца з расейскай адукацыяй, расейскім грамадзянствам. Гэта як вайна паміж дзьвюма часткамі мяне самога, гэта нешта ненармальнае. Пра што казаў Барыс Нямцоў? Што большасьць расейцаў, па апытаньнях «Левада-цэнтру» (а толькі гэтай сацыялягічнай службе ён давяраў), лічаць, што Расея не павінна ўмешвацца шляхам уводу войскаў у канфлікт у Данбасе. І гэтая самая большасьць лічыць, што там няма расейскіх войскаў. Таму Барыс Нямцоў лічыў, што калі гэтай большасьці растлумачыць, што на Ўкраіне сапраўды ёсьць расейскія войскі, то і стаўленьне расейцаў да Пуціна можа зьмяніцца. А Пуцін — гэта чалавек, які рэагуе толькі на пагрозы зьмены яго рэйтынгу. Таму, калі б Пуцін зразумеў, што далейшая вайна з Украінай пагражае яму стратай рэйтынгу і стратай улады, ён мог бы спыніць гэтую вайну ці зьвесьці яе да нейкіх мінімальных дзеяньняў без удзелу расейскіх войскаў. Мэтай Барыса Нямцова было спыніць штодзённую гібель людзей у братняй краіне.

Праца над дакладам ідзе вельмі актыўна, аднак Ільля Яшын у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што імёны тых, хто завяршае справу Нямцова, будуць абнародаваныя пазьней. Яшын толькі ўдакладніў, што ў камандзе каля 10 чалавек — у асноўным грамадзян Расеі, а таксама тых, хто вымушаны быў эміграваць. «Гэта кампэтэнтныя людзі зь вялікім досьведам журналісцкіх расьсьледаваньняў», падкрэсьліў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG