Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дружба Менску і Пэкіна: палітычны піяр і нявыгадныя крэдыты


Візыт старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь мае значэньне пераважна з пункту гледжаньня эканомікі, але выгада ад беларуска-кітайскага супрацоўніцтва пакуль застаецца адкрытым пытаньнем.

Такія меркаваньні ў размове з Радыё Свабода выказалі незалежныя экспэрты.

Палітычны зьмест візыту кітайскага кіраўніка ў Беларусь выглядае даволі сьціпла. Як паведамляецца, Сі Цзіньпін і Аляксандар Лукашэнка падпісалі Дамову аб дружбе і супрацоўніцтве паміж дзьвюма краінамі. У прыватнасьці, Беларусь і КНР дамовіліся «падтрымліваць выбраныя кожнай зь іх у адпаведнасьці са сваімі ўнутранымі ўмовамі шляхі і мадэлі разьвіцьця». Таксама была прынята сумесная дэклярацыя аб далейшым разьвіцьці і паглыбленьні адносін усебаковага стратэгічнага партнэрства.

Палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў лічыць, што візыт Сі Цзіньпіна нашмат важнейшы для Беларусі ў эканамічным пляне, чым у палітычным.

«Для беларускага кіраўніцтва гэта важна як сьведчаньне таго, што такая вялікая, уплывовая дзяржава, як Кітай, з намі супрацоўнічае, дзяржаўны візыт ажыцьцяўляе і гэтак далей. А збольшага я, шчыра кажучы, і ня ведаю, што тут можа быць зьмястоўнага ў палітычным пляне. Ну, падтрымае нас Кітай па тых ці іншых пытаньнях у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (бо, здаецца, мы разам ні ў якіх іншых арганізацыях пакуль што не знаходзімся). Ну, а калі б нават і не падтрымаў, нічога б істотна не зьмянілася — мы ж усё роўна ведаем, што сёньня ААН не такая ўплывовая структура. Мне здаецца, што гэта якраз у палітычным пляне больш піяр, чым насамрэч важная падзея», — адзначыў Фёдараў у інтэрвію Радыё Свабода.

Па выніках перамоваў Сі Цзіньпіна і Аляксандра Лукашэнкі быў падпісаны шэраг беларуска-кітайскіх крэдытных пагадненьняў. У прыватнасьці, падпісана генэральнае крэдытнае пагадненьне паміж ААТ «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» і Дзяржаўным банкам разьвіцьця Кітаю аб наданьні крэдыту ў памеры 700 мільёнаў даляраў. Яшчэ на 300 мільёнаў даляраў падпісана крэдытнае пагадненьне паміж Дзяржаўным банкам разьвіцьця Кітаю і ААТ «АСБ Беларусбанк».

Але наколькі выгадныя для Беларусі крэдытныя пагадненьні з Кітаем?

Эканаміст Леанід Злотнікаў у размове з Радыё Свабода нагадаў, што яшчэ некалькі гадоў назад паведамлялася пра адкрыцьцё Кітаем крэдытнай лініі для Беларусі на 16 млрд даляраў.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Беларусы маглі выкарыстоўваць кітайскія крэдыты для таго, каб рэалізоўваць нейкія праекты. Але гэта былі зьвязаныя крэдыты, гэта былі крэдыты пад закуп кітайскага абсталяваньня, пад кітайскае праектаваньне і г. д. То бок значная частка гэтых крэдытаў працавала на Кітай», — тлумачыць ён.

Злотнікаў адзначае, што сутнасьць новых крэдытных пагадненьняў, якія былі падпісаныя ўчора, пакуль невядомая — незразумела, ці гэта свабодныя крэдыты, ці яны зьвязаныя. Але ў любым выпадку выгаднасьць новых кітайскіх крэдытаў залежыць выключна ад таго, як будзе гэтыя крэдыты выкарыстоўваць беларуская ўлада.

«Тое, што было раней, — аказалася, што не па кітайскай віне, а па нашай віне, — гэта было нам нявыгадна. Мы за кошт кітайскіх крэдытаў пабудавалі новыя лініі на цэмэнтных заводах, але мы атрымалі страты, а крэдыт трэба вяртаць. А гэты крэдыт, зноў падкрэсьліваю, зьвязаны — то бок ён больш кітайцам выгадны, чым нам. Ён быў бы і нам выгадны, калі б ён быў выкарыстаны эфэктыўна. Калі новыя крэдыты таксама будуць неэфэктыўна выкарыстоўвацца, то і яны будуць нявыгадныя Беларусі. Але калі гэта будзе выкарыстана для таго, каб павялічыць ВУП, стварыць новыя магутнасьці, вырабляць прадукцыю, якая будзе карыстацца попытам, то гэта будзе выгадна. То бок, выгадныя ці нявыгадныя нам гэтыя кітайскія крэдыты, залежыць менавіта ад нас. Дагэтуль было нявыгадна. Я думаю, што так будзе і далей, бо наша сыстэма не зьмянілася, і як бы гэтыя грошы проста не былі праедзеныя», — кажа Злотнікаў.

Трэба адзначыць, што сёньня ў Менску на беларуска-кітайскім міжрэгіянальным бізнэс-форуме міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі заявіў, што агулам Кітай гатовы даць Беларусі крэдыты на 7 млрд даляраў. Паводле слоў міністра, 3 млрд даляраў складзе льготнае крэдытаваньне, а 4 млрд — камэрцыйныя крэдыты беларускім банкам на фінансаваньне бізнэс-праектаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG