Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай і Беларусь: саюз «слана і моські»


У рамках афіцыйнага візыту ў Расею на тры дні ў Беларусь (10-12 траўня) завітае старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін. Пры адсутнасьці паўнавартасных стасункаў з Захадам менавіта Кітай разглядаецца беларускімі ўладамі як важны эканамічны партнэр і фінансавы донар. Што ўяўляе сабой сучасная Паднябесная вачыма беларусаў, якія там вучыліся і працавалі?

Настасься Асташэвіч — выпускніца Ўсходняга фінансава-эканамічнага ўнівэрсытэту ў кітайскім Даляні. Вывучаць кітайскую мову пачала яшчэ на факультэце міжнародных адносінаў Белдзяржунівэрсытэту, а неўзабаве атрымала магчымасьць спасьцігаць азы ўсясьветнай эканомікі ў краіне, якая на гэты момант прагрэсуе ці не найбольш шпаркімі тэмпамі.

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту Настасься некалькі гадоў адпрацавала мэнэджэрам-перакладчыкам у кампаніі, якая разьмяшчае вытворчыя замовы на прадпрыемствах Іву (Yiwu) — шматмільённага гораду ў правінцыі Чжэцзян, які амаль цалкам складаецца з заводзкіх цэхаў.

Паводле суразмоўніцы, Іву — яскравы прыклад імклівай індустрыялізацыі Кітаю. Тут разьмяшчаецца самы вялікі аптовы рынак у сьвеце: прадукцыя пастаўляецца наўпрост з канвэера, што дазваляе рэалізоўваць яе практычна па сабекошце. Але на гэтым цуды статыстыкі заканчваюцца:

Настасься Асташэвіч
Настасься Асташэвіч

«Цяжка дакладна сказаць, колькі там канкрэтна насельніцтва, бо гэта яскравы прыклад гэткай інтэрнацыянальнай канглямэрацыі. Уласна кітайцаў там дзесьці 60%, астатнія 40% — замежнікі. Але факт, што гаворка пра мільёны. Прынамсі можна прыкінуць, што блізу 4 мільёнаў чалавек там жывуць і працуюць. Ёсьць якая-ніякая інфраструктура — кінатэатры, бары, забаўляльныя ўстановы. Аднак побач Шанхай, і адпачываць выбіраюцца пераважна туды. Кажучы «побач», гэта па кітайскіх мерках — тры з паловай гадзіны язды на аўтамабілі, то бок, дзесьці 300 кілямэтраў. Безумоўна, каб убачыць Кітай ва ўсёй сваёй красе, трэба ехаць у Шанхай, таму што Іву — гэта голая вытворчасьць і больш нічога. Як казалі раней — «эксплюатацыя чалавека чалавекам».

Праўда, «эксплюатацыя» не за «дзякуй» ці «працадні», а за рэальна добрыя грошы. Адрозна ад беларусаў, кітайцы эфэкт ад рэформаў адчуваюць на ўласнай кішэні. Пакуль кіраўніцтва Беларусі намагаецца зьдзівіць сьвет заробкам на паўтысячы даляраў, але пляны пэрманэнтна зрывае чарговая дэвальвацыя, рабочы на канвэеры ў тым самым Іву атрымлівае звыш 1000 даляраў. І гэта, удакладняе Настасься, сярэдні заробак, бо мэнэджэры, упраўленцы, якія стаяць вышэй на службовай лесьвіцы, маюць яшчэ больш. Такім чынам, імкліва фармуецца сярэдняя кляса, якая можа сабе дазволіць добры дом, люксавую машыну, падарожжы. Пры мінімальных выдатках на камунальныя плацяжы, харчаваньне, ня кажучы пра гардэроб, сярэднестатыстычны кітаец можа дазволіць сабе куды больш, чым беларус. Калі кіравацца лічбамі статыстыкі, дабрабыт кітайцаў расьце і памнажаецца. Але гэта не замінае Кітаю захоўваць прывабнасьць як вытворчай пляцоўкі. Цікаўлюся ў спэцыялісткі: чаму пры росьце прыбыткаў кітайскія тавары па-ранейшаму канкурэнтаздольныя ў параўнаньні зь іншымі вытворцамі?

«Так, дабрабыт грамадзянаў расьце, а прадукцыя пры гэтым танная. Мяркую, супярэчнасьцяў тут няма — у Кітаі па-ранейшаму вельмі нізкі кошт працы. Адпаведна, краіна застаецца прывабнай з гледзішча разьмяшчэньня вытворчасьці. Гэтаксама кітайцы экспартуюць значную частку тавараў, што вырабляюцца для ўнутранага рынку, але яго проста не пасьпяваюць тут спажыць. Такая прадукцыя зусім нізкая ў коштах: калі параўноўваць з эўрапейскімі канкурэнтамі, то ў апошніх не застаецца аніякіх шанцаў. А калі ў Эўропе буяў крызіс, зразумела, што людзі набывалі тое, што ніжэй у цане. У выніку кітайцы зноў аказаліся ў выйгрышы. Бо для ўнутранага карыстаньня звычайна тавар яшчэ працэнтаў на 40% таньнейшы, чым для такога самага, вырабленага на экспарт».

Сотні заводаў і фабрык прамысловага гіганта Іву прадукуюць вырабы самых знакамітых транснацыянальных брэндаў. І, як кажа Настасься Асташэвіч, пакуль нічога ня сьведчыць пра тое, што для дзелавых людзей дзесьці можа ўзьнікнуць больш прывабная альтэрнатыва:

«Сытуацыя такая: замежнікі атабарваюцца ў Кітаі, маючы на ўвазе пэрспэктыву нязначных выдаткаў на заробную плату. Таму што, калі ўзяць амэрыканскія ці эўрапейскія стандарты, то кітайцы працуюць за непараўнальна ніжэйшыя заробкі, хоць лічбы, як я ўжо казала, апошнім часам істотна вырасьлі. То бок, галоўны чыньнік — нізкі кошт затратаў пры рэкордна кароткіх тэрмінах выкананьня. Ня дзіва, што такі расклад задавальняе ўсіх, таму да іх зьвяртаюцца і, я думаю, будуць зьвяртацца надалей. Да таго ж, кітайцы ніколі ня скажуць — не, мы гэтага зрабіць ня можам, забясьпечце нам тое і тое, бо гэта так, а тое ня так. Яны ў гэтым пляне зусім безадмоўныя і бяруцца абсалютна за любую справу».

Пры гэтым якасьць вырабаў, удакладняе дыплямаваны мэнэджэр, залежыць ад таго, хто і колькі адшкадаваў на мадэрнізацыю вытворчасьці:

«Безумоўна, збольшага ўсё трымаецца на шалёнай працаздольнасьці гаспадароў і энтузіязьме саміх працаўнікоў. Гэтага ў іх не аднімеш. А вось што да абсталяваньня, варштатаў, то, безумоўна, ёсьць пэўны працэнт сучасных канвэераў, пастаўленых з-за мяжы, але бальшыня, канечне, мясцовай, кітайскай вытворчасьці. То бок, усё залежыць ад узроўню, статусу прадпрыемства, якія задачы на будучыню ставяцца. Таму ёсьць і так, ёсьць і гэтак».

Замежная прысутнасьць у прамысловых цэнтрах абмяжоўваецца выключна прадстаўнікамі кампаніі-заказчыка, гастарбайтэрам шлях у Кітай зачынены заканадаўчымі бар’ерамі. Намагаючыся асвоіць новыя тэрыторыі, кітайскі ўрад робіць усё, каб спыніць сустрэчную працоўную міграцыю. Прыкладам, атрымаць кітайскую працоўную візу з кожным годам усё больш складана:

«Сапраўды, даўно ўжо не сакрэт, што практычна ўсе знакавыя замежныя кліенты — усясьветна вядомыя фірмы, кампаніі, карпарацыі — супрацоўнічаюць з кітайцамі. Прычым, кажу ў літаральным сэнсе, бо на канвэерах працуюць толькі кітайцы, ніхто іншы. У гэтым пытаньні яны вельмі прынцыповыя: гастарбайтэраў там практычна няма. Трапіць сюды на працу надзвычай складана. Прычым, гэта цяжка пераадольныя складанасьці як для патэнцыйнага працаўніка, там і для наймальніка».

Беларусаў у Кітаі няшмат: як кажа Настасься, зрэдку можна сустрэць у якасьці прадстаўнікоў нейкай расейскай гандлёвай кампаніі. Перадусім гэта офісныя работнікі, мэнэджэры, перакладчыкі. Зноў жа, не рабочыя за варштатамі.

А вось лік кітайцаў у Беларусі з кожным годам выключна павялічваецца. Самы разрэклямаваны супольны праект — кітайска-беларускі індустрыйны парк пад Смалявічамі.

Яшчэ да падпісаньня міждзяржаўнага пагадненьня хадзілі размовы, што побач зь Менскам могуць пусьціць карані больш за паўмільёна перасяленцаў з Паднябеснай. І хоць потым лічба ня раз аспрэчвалася, але, як мяркуе Настасься Асташэвіч, насамрэч перадысьлякаваць такую масу жывой сілы не складае ніякіх праблемаў. Паводле яе, кітайцы ўжо цяпер працуюць па прынцыпе міграцыі па ўнутраным Кітаі і з задавальненьнем камандзіравалі б у любую кропку сьвету сотні тысяч сваіх суайчыньнікаў. Беларусь на тле Кітаю — ня толькі дэмаграфічны, але і эканамічны «ліліпут». І калі жаданьне беларускіх чыноўнікаў залезьці ў грашовы мех зь юанямі цалкам зразумелае, то ці ўяўляе стратэгічны інтарэс Менск для Пэкіну? Як мяркуе Настасься Асташэвіч, калі праглядваецца рэальная выгада, цікавасьць будзе нават у Андоры з Сан-Марына: «Як ёсьць хоць мінімальная камэрцыйная карысьць для Кітаю, то чаму гэтым не скарыстацца? Тут лёгіка зусім простая», — падсумоўвае суразмоўніца.

У чым Беларусь з Кітаем сапраўды выраўнялася — дык гэта ў абмежаваньнях асноўных правоў і свабодаў: прэсы і выказваньняў, сходаў і выступаў. Любое іншадумства расцэньваецца як замах на дзяржаўныя ўстоі, а крытыка ўладаў можа мець самыя дрэнныя наступствы. У абедзьвюх краінах не пераводзяцца палітзьняволеныя.

Што вы ведаеце пра Кітай?

Што вы ведаеце пра Кітай?

Адкажыце на пытаньні, каб даведацца

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG