Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапануе КНР перайсьці ад крэдытаў да інвэстыцыяў


Сі Цзіньпін (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка ідуць паўз ганаровую варту падчас прывітальнай цырымоніі перад Домам народных сходаў у Пэкіне. 16 ліпеня 2013 году
Сі Цзіньпін (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка ідуць паўз ганаровую варту падчас прывітальнай цырымоніі перад Домам народных сходаў у Пэкіне. 16 ліпеня 2013 году

Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін падчас перамоваў у Менску заявілі пра гатоўнасьць перайсьці на новы ўзровень супрацоўніцтва.

Як адзначыў Аляксандар Лукашэнка, Беларусь і Кітай фармуюць новы ўзровень сумеснага разьвіцьця ў адносінах, у аснове якога — пераход ад крэдытнага супрацоўніцтва да інвэстыцыйнага.

Паводле слоў Лукашэнкі, досьвед такой працы ў дзьвюх краінаў ужо ёсьць. У прыватнасьці, у Беларусі рэалізуюцца два найбуйнейшыя сумесныя праекты — па вытворчасьці легкавых аўтамабіляў з удзелам кітайскай кампаніі «Джылі» і будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі Камень».

Лукашэнка нагадаў, што ў ліпені 2013 году Беларусь і Кітай усталявалі адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнэрства:

«Сёньня мы вядзем даверлівы палітычны дыялёг, узгадняем пазыцыі на міжнароднай арэне, усебакова разьвіваем узаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае, крэдытна-інвэстыцыйнае, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Мы таксама пашыраем абмены ў гуманітарнай сфэры», — цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА.

Лукашэнка таксама адзначыў, што ўрады Беларусі і Кітая пасьпяхова рэалізуюць маштабную Праграму разьвіцьця ўсебаковага стратэгічнага партнэрства на 2014-2018 гады. Новы мэханізм міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве накіраваны на паскарэньне прыняцьця стратэгічных рашэньняў.

Беларусь, паводле Лукашэнкі, падтрымлівае вылучаныя Сі Цзіньпінам канцэпцыі «Эканамічны пояс Шаўковага шляху» і «Марскі шаўковы шлях ХХІ стагодзьдзя»:

«Упэўнены, што Беларусь стане вузлавой плятформай у рэалізацыі гэтых маштабных праектаў у Эўразійскім рэгіёне і тым самым яшчэ больш зблізіць нашы народы і нашы дзяржавы», — сказаў ён. У прыватнасьці, дадаў Лукашэнка, гэтаму паслужыць адкрыцьцё наўпроставых авіязносінаў паміж Менскам і Пэкінам.

Аб гатоўнасьці «адкрыць новую эпоху» ў разьвіцьці беларуска-кітайскага ўсебаковага стратэгічнага партнэрства заявіў і Сі Цзіньпін. Ён адзначыў вялікі асабісты ўнёсак Лукашэнкі ў разьвіцьцё беларуска-кітайскай дружбы. «Я вельмі цаню ўсталяваныя паміж намі шчыльныя дзелавыя сувязі і асабістае глыбокае сяброўства. Мы лічым, што цяперашні візыт мае вялікае значэньне для далейшага разьвіцьця кітайска-беларускіх адносінаў», — сказаў старшыня КНР.

Па словах Сі Цзіньпіна, за мінулыя гады ў міжнароднай абстаноўцы адбыліся вельмі глыбокія і складаныя перамены, аднак Кітай і Беларусь заўсёды давяраюць адзін аднаму, аказваюць падтрымку і дапамогу. «Я гатовы з вамі падтрымліваць шчыльныя кантакты і сувязі, абмяркоўваць пытаньні, зьвязаныя з разьвіцьцём двухбаковых адносінаў, каб разам з вамі адкрываць новую эпоху ў кітайска-беларускіх адносінах усебаковага стратэгічнага партнэрства», — заявіў кітайскі лідэр.

Сі Цзіньпін таксама адзначыў важную ролю Беларусі ва ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне. «Вы актыўна пасярэднічаеце ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу, стварылі менскую пляцоўку для перамоваў. У выніку вашых высілкаў бакі нарэшце дасягнулі двух менскіх пагадненьняў аб спыненьні агню, што заваявала ўсеагульную высокую ацэнку ў міжнароднай супольнасьці», — сказаў ён.

Гэты факт, на думку старшыні КНР, паказвае, што пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі «беларускі народ стаў на шлях разьвіцьця, які адказвае ўласным рэальным умовам». «Ідучы наперад па гэтым шляху, Беларусь абавязкова дасягне новых і больш бліскучых посьпехаў у справе дзяржаўнага будаўніцтва, разьвіцьця і росквіту», — заявіў Сі Цзіньпін.

Старшыня КНР прыбыў у Беларусь 10 мая зь дзяржаўным візытам — першым за апошнія 14 гадоў. Візыт будзе доўжыцца да 12 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG