Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайская пральня. Накід рэканструкцыі


Раней яны ня ведалі адзін аднаго. Пазнаёміліся толькі ў Віцебску. Прычым кожны ўжо ўладкаваўся на кватэру. Валодзя ў Рэвалюцыйным завулку, Юрка — на 1-й Вэтэрынарнай, Ваня на Вялікалужскай, Міхал на Суражскай, а Коля на Ленінскай.

Пазнаёміліся ў сталоўцы і з гэтага часу сталі працаваць разам. Заснавалі пральню, якая адразу набыла вядомасьць у горадзе.

Акурат стаялі лютаўскія маразы і нават бяз шыльды іх пральню можна было пазнаць здалёк — пара валіла з прачыненых вокнаў.

Гаспадыні хвалілі іх за чысьціню і якасьць работы, асабліва за глянцавыя каўнерыкі — гэта была «фішка» прачоў. А яшчэ яны заўсёды ўсім усьміхаліся і дарылі дзецям карамелькі. Праўда, суворыя маткі забаранялі малым браць цукеркі з «чужых рук». Крыўдна, вядома. Але задавальненьне ад якаснае працы перабольшвала тую прыкрасьць.

10 лютага — як гром сярод яснага неба — Юрку, Міхала, Колю і Валодзю арыштавалі. Іх вывелі проста з пральні і павялі па вуліцы пад канвоем. Яны нават ня вельмі паверылі ў тое, што адбываецца — дарослыя мужчыны, усім добра за сорак, Юрку нават за 50 — што яны маглі набедакурыць, цэлымі днямі ўлягаючы пры бялізьне? Ты яшчэ паспрабуй маленькай брыгадай за суткі памый чатырыста кіляграмаў адзежы. Словам, думалі, што насланьнё нейкае найшло, дурны сон.

У пральні застаўся адзін Ваня. Ясна, што столькі бялізны памыць-папрасаваць аднаму не пад сілу. Але ж і закрыць пральню Ваня ня мог. Бо гэта значыла б нейкім чынам пагадзіцца з арыштам астатніх.

Праз два тыдні, крыху больш, 17-га забралі і Ваню.

Цяпер яны зноў былі разам, толькі ня ў пральні, а ў пекле. Самі яны, магчыма, і здагадваліся пра гэта, але да апошняга ня верылі ў кепскае. Праз тры месяцы, 28 траўня ім абвясьцілі прысуд. Шпіянаж на карысьць Японіі.

Яшчэ паўтара месяцы ім было адведзена на тое, каб жывымі адчуць і пераканацца, што яны насамрэч патрапілі ў пекла.

13 ліпеня 1938 году ў Віцебску Юрку Ван Сін Дуна, Ваню Лі Дзян Чэна, Міхала Чжан Лян Цяна, Колю Чжан Чжай Яо і Валодзю Юін Цян Сі расстралялі.

Ці засталася ў горадзе памяць пра кітайскую пральню, невядома. Што да факту, дык ён захоўваецца ў архіве УКГБ Віцебскай вобласьці ў справе 8587-П, як яшчэ адно сьведчаньне неадназначнай гісторыі кітайскіх прадпрыемстваў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG