Хадзіджа Ісмаілава, зьняволеная азэрбайджанская журналістка, якая супрацоўнічае з Радыё Свабода, атрымала прызнаньне сваёй працы ад амэрыканскага ПЭН-цэнтра.
Гэтая няўрадавая арганізацыя, якая адстойвае прынцып свабоды выказваньняў, адзначыла Ісмаілаву Прэміяй свабоды СМІ за яе «бесстароньнія расьсьледаваньні выпадкаў карупцыі ва ўладзе».
«Хадзіджа, Хадзіджа», — гучна скандавалі больш за 800 гасьцей цырымоніі, якія сабраліся на ўручэньне прэміяў у памяшканьні Амэрыканскага музэя прыродазнаўства ў Нью-Ёрку. Вядучыя адмыслоўцы ў сфэры журналістыкі і выдавецкай справы прыехалі прызнаць мужнасьць і ўпартасьць Ісмаілавай у выкрыцьці карупцыі ў Азэрбайджане.
«Хадзіджа Ісмаілава зьяўляецца вядучым журналістам, які займаецца расьсьледаваньнямі ў Азэрбайджане, і яна змагаецца з карупцыяй у вышэйшых эшалёнах азэрбайджанскай улады,» — сказала Сюзана Носэл, выканаўчы дырэктар амэрыканскага ПЭН-цэнтру, які выступае за свабоду выказваньня меркаваньняў.
Прэмія прысуджаная журналістцы, якая цяпер знаходзіцца ў турме ў цяжкіх умовах, таму яна не змагла прыбыць на цырымонію.
Эмін Мілі, азэрбайджанскі пісьменьнік, які сам быў заключаны ў турму ў 2009 годзе за яго крытычныя выказваньні на адрас ураду, прыняў узнагароду ад яе імя, заклікаючы журналістаў і актывістаў «распаўсюдзіць інфармацыю пра яе мужнасьць і барацьбу за свабоду ва ўсім сьвеце».
«Ісмаілава ведала, што вынік яе дасьледаваньняў будзе цяжкім, і яе не спыніла тое, што яна знаходзіцца ў турме, адкуль яна па-ранейшаму піша лісты», — заявіла Барбара Голдсміт, заснавальніца прэміі PEN/Barbara Goldsmith Freedom To Write Award.
«Яна гатовая задаваць жорсткія пытаньні — і ня мае значэньня, каму — апазыцыянэру або чыноўніку ўраду, — сказаў на цырымоніі Кенан Аліеў, дырэктар азэрбайджанскай службы Радыё Свабода. — Той, хто прыходзіў на яе шоў, меў нялёгкі час, і менавіта таму яе шоў было найбольш папулярным у Азэрбайджане. Яна была ўзорам для перайманьня для маладых журналістаў. Я спадзяюся, што гэтая ўзнагарода наблізіць нас да вызваленьня Хадзіджы. Яна павінна быць вызваленая, і мусіць быць прызнана, што абвінавачваньні супраць яе — ня што іншае, як пакараньне за пошук ісьціны», — заявіў на цырымоніі Кенан Аліеў.
5 траўня прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША заклікаў прэзыдэнта Азэрбайджана Ільхама Аліева вызваліць Ісмаілаву.
Публікацыі Ісмаілавай, якая супрацоўнічае з Радыё Свабода, раней былі адзначаныя і іншымі арганізацыямі, якія абараняюць правы супрацоўнікаў СМІ. У канцы красавіка Швэдзкі нацыянальны прэс-клюб «Свабода слова» абвясьціў пра ўручэньне ёй узнагароды імя забітай расейскай журналісткі, аглядальніцы «Новай газэты» Ганны Паліткоўскай.
Хадзіджа Ісмаілава была арыштаваная 5 сьнежня паводле абвінавачваньня ў падбухторваньні чалавека да спробы самагубства. У лютым ёй былі прад’яўленыя новыя абвінавачваньні — ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і злоўжываньні становішчам.
Усе абвінавачваньні Ісмаілава адхіляе, называючы іх палітычна матываванымі.
Яе арышт шырока асудзілі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Яны мяркуюць, што перасьлед Ісмаілавай — частка кампаніі, якая праводзіцца ўрадам прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева, з мэтай прымусіць замаўчаць крытыкаў улады.