Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Манстральны цыкль Расеі»


Цэнтар Масквы цалкам падрыхтаваны да сьвяткаваньняў 9 траўня
Цэнтар Масквы цалкам падрыхтаваны да сьвяткаваньняў 9 траўня

Рэпутацыя большасьці замежных гасьцей Уладзімера Пуціна на парадзе ў Маскве 9 траўня наўрад ці ўмацуе імідж Расеі ў сьвеце. Пра гэта — ў матэрыяле расейскай службы радыё Свабода.

Сьпіс кіраўнікоў дзяржаваў, якія пагадзіліся прысутнічаць у Маскве 9 траўня на парадзе Перамогі, зьмяняецца кожны дзень. Аднак ужо цяпер відавочна, што іх пераважную большасьць будуць прадстаўляць лідэры краінаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі, дзе ва ўладзе, мякка кажучы, неадназначныя рэжымы.

Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Іваноў, які ўзначальвае аргкамітэт сьвяткаваньня 70-годзьдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, заяўляе, што ў Маскву менавіта на 9 траўня адважыліся адправіцца кіраўнікі прыкладна 30 дзяржаваў. Колькасна гэта — шмат менш, чым у 2005 годзе, калі ў Расеі адзначалася 60-годзьдзе Перамогі. «Якасьць» жа гэтых візыцёраў наогул наўрад ці можа спрыяць як папулярнасьці падзеі ў сьвеце, гэтак і падвышэньню прэстыжу расейскага прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна.

Рэпутацыю «сяброў Расеі», наяўнасьцю якіх яна ганарыцца і шэрагі якіх будуць прад’яўленыя сьвету 9 траўня на Чырвонай плошчы, варта ацэньваць нават не палітычна, а эстэтычна, упэўнены паэт і пісьменьнік Ігар Губэрман:

Губэрман: У Расеі цяпер «манстральны цыкль», і гэта вельмі страшная штука. Гэта вар’яцкая колькасьць монстраў, якія сядзяць у Дзяржаўнай Думе, якія захапілі Расею! І таму яны проста вымушаныя сябраваць з монстрамі. І тыя ім аказваюць знакі ўвагі.

РС: Такое сяброўства вампіраў — яно вас палохае ці больш сьмешыць?

Губэрман: Яно сьмешыць, яно не палохае. Яно ж, на самой справе, ня так даўно завялося. Я ня ведаю, чым гэта скончыцца, як ня можа сказаць лекар-псыхіятар, што здарыцца, калі ў псыхшпіталях разам адчыняць усе палаты з хворымі. Проста я ўвесь час памятаю, што на самой справе Вялікай Айчыннай вайны не было. Была Другая сусьветная вайна, якая пачалася ў верасьні 1939 году, калі Сталін і Гітлер падзялілі Ўсходнюю Эўропу. Вайна, у якой быў вельмі буйны эпізод, які і быў названы Вялікай Айчыннай вайной. Таму на гэтую тэму можа выдурняцца хто заўгодна і як заўгодна. Могуць хлусіць гісторыкі, якім ліку няма — і сумленьня ў іх таксама няма. Я ў гэтым сэнсе вельмі веру толькі Віктару Сувораву і Марку Салоніну. Вось гэта людзі, якія сумленна апісваюць вайну. Пазьней зьявіцца вялікая колькасьць гісторыкаў, якія будуць апісваць з большай пэўнасьцю тое, што ўжо напісалі яны.

РС: Ці ёсьць нейкая мяжа, калі вы перастанеце жартаваць, гледзячы на тое, як мэдалі «За адвагу» вешаюць на сабак або як прывязваюць георгіеўскія стужачкі на выхлапныя трубы аўтамабіляў?

Губэрман: Гэта трагедыя для людзей, якія ў гэтай трагедыі задзейнічаныя. Мне іх вельмі шкада. А тое, што жахлівая колькасьць людзей упала ў ідыятызм, прычым людзей высокаадукаваных, з інтэлектуальнай эліты, то я думаю, што гэта Госпад Бог задумаў.

***

Менавіта на 9 траўня ў Маскву пад рознымі падставамі наогул адмовіліся ехаць нават некаторыя «вечныя» саюзьнікі Расеі, якія маюць рэпутацыю «сусьветных ізгояў», у прысутнасьці якіх на Чырвонай плошчы падчас параду быццам бы можна было не сумнявацца — прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура ці паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын. А часовы выканаўца абавязкаў прэзыдэнта афрыканскай дзяржавы Буркіна-Фасо Мішэль Кафанда публічна абвінаваціў Крэмль у тым, што арганізатары імпрэзы ўключылі яго ў сьпіс «гасьцей Пуціна» безь яго ведама. У выніку абражаны кіраўнік адной з самых бедных краінаў сьвету на 9 траўня ў Расею таксама не прыбудзе.

Безумоўна, у тых або іншых мерапрыемствах, прысьвечаных юбілею Перамогі, будуць удзельнічаць і Аляксандр Лукашэнка, і чэскі прэзыдэнт Мілаш Зэман, і прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца, і нават канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель — але на галоўнай трыбуне на Чырвонай плошчы разам з Уладзімерам Пуціным апэратары і фотакарэспандэнты менавіта 9 траўня іх адлюстраваць ня змогуць. Эўропу 9 траўня на парадзе на Чырвонай плошчы будуць прадстаўляць толькі лідэры Сэрбіі, Босьніі і Герцагавіны, Грэцыі, Рэспублікі Кіпр і Македоніі. Усе астатнія эўрапейскія дзяржавы адпраўляюць на мерапрыемства дыпляматаў — ад міністраў замежных справаў (такіх меншасьць) да паслоў.

Найбольшую «зьнешнепалітычную» вагу вайсковаму параду 9 траўня павінны надаць лідэры краінаў, якія ўваходзяць у групу БРІКС, — прэзыдэнт Бразыліі Дзілма Русэф, прэзыдэнт Індыі Пранаб Кумар Мукерджы (трэба адзначыць, што Індыя — парлямэнцкая рэспубліка, і фактычным кіраўніком дзяржавы зьяўляецца прэм’ер-міністар Нарэндра Модзі), старшыня КНР Сі Цзіньпін і прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Джэйкаб Зума (двое апошніх прыбудуць дакладна, астатнія пакуль не вырашылі). Акрамя таго, на Чырвонай плошчы побач з Уладзімерам Пуціным будуць знаходзіцца прэзыдэнты Азербайджану Ільхам Аліеў, Арменіі Сэрж Саргсян, Казахстану Нурсултан Назарбаеў, Кіргізстану Алмазбек Атанбаеў, Таджыкістану Эмамалі Рахмон, Туркменістану Гурбангулы Бердымухамедаў і Узьбекістану Іслам Карымаў, кампанію якім складуць лідэры непрызнаных самаабвешчаных рэспублік Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Усе астатнія — сапраўдны «Атлас сьвету», прычым у большасьці далёка ня самая «прыстойная» яго частка. Гэта лідэры Віетнаму, Гамбіі, Гвінэі, Зімбабвэ, Кабу-Вэрдэ, Кубы, Лесота, Лібэрыі, Маўрытаніі, Манголіі, Палестынскай аўтаноміі, Руанды, Самалі і Танзаніі. Бліжэй да 9 траўня гэты сьпіс можа стаць яшчэ карацейшым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG