— Іван Пятровіч, калі я пабываў у тым музэі, то ў мяне было такое адчуваньне, быццам там паказаная толькі палова вайны. А вы што скажаце?
— Музэй сапраўды паказвае толькі палову вайны. Я памятаю стары музэй, які разьмяшчаўся на Кастрычніцкай плошчы, то там было больш праўдзівых экспанатаў. У новым музэі я пагаварыў з кандыдатам гістарычных навук Валерам Протчанкам, які там працуе, і спытаўся: чаму ў вас не паказана, як Сталін перад вайной распусьціў кампартыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, як ён загадзя рыхтаваўся да падпісаньня пагадненьня з Гітлерам? Тады ж многія антыфашысты былі расстраляныя ў падвалах НКВД. Пра Хатынь у музэі сказана. А пра Катынь? Хай бы зьмясьцілі ў экспазыцыю рашэньне Палітбюро ЦК ВКП(б) пра расстрэл 25 000 палонных польскіх афіцэраў. На выхадзе з музэю я сустрэўся з польскімі турыстамі і спытаўся пра іхныя ўражаньні. Яны адказалі: «To muzeum klamstwa» (гэта музэй падману). Ну, я так не скажу, там ёсьць і шмат добрых экспанатаў. Лепш будзе сказаць, што гэта музэй напаўпраўды.
— А дзе шукаць праўду пра вайну?
— Праўда пра вайну — у творах Васіля Быкава.
— Праўда пра вайну — у творах Васіля Быкава. Як ён напісаў — так і было, а ня так, як падавала і падае савецкая і постсавецкая прапаганда. Мае ўражаньні пра вайну толькі нэгатыўныя. На ёй было праліта столькі крыві! Я лічу, што нашы камандзеры не бераглі салдатаў, вышыні браліся салдацкай крывёю. Некалі амэрыканскі генэрал Эйзэнхаўэр спытаўся ў маршала Жукава: «Як вы праходзіце мінныя палі?». І Жукаў адказаў: «Мы спачатку пускаем пяхоту, а потым ужо — танкі». Вось такія адносіны ў савецкай арміі былі да простых салдатаў. Быкаў і пра гэта таксама напісаў. Увогуле, лепш за яго пра вайну не сказаў ніхто. А пра партызанку праўдзіва напісаў Алесь Адамовіч. Я чытаў яго аповесьці, глядзеў фільм «Ідзі і глядзі», ён таксама праўдзіва зьняты.
— А ў якіх мясьцінах вы партызанілі?
— Каля Дняпра-Бугскага каналу. Наша зона была паміж ракой Прыпяць і каналам. Мы таксама кантралявалі чыгунку Гомель — Берасьце. Я быў выведнікам, добра ведаў падыходы да чыгункі і хадзіў разам з падрыўнымі групамі.
— На Палесьсі дзейнічалі розныя партызаны, ня толькі савецкія. Вам даводзілася зь імі сустракацца?
— У нашай брыгадзе быў атрад імя Тадэвуша Касьцюшкі, ён меў больш польскую арыентацыю. Калі ў 1943 годзе, пасьля Курскай бітвы, надышоў пералом у вайне і Чырвоная армія ўзяла рэванш, перайшла ў наступ, то нам перадалі загад лічыць разьдзелы Арміі краёвай варожымі. І атрад імя Касьцюшкі адразу пакінуў нашу брыгаду і перамясьціўся кудысьці на Гарадзеншчыну. І яшчэ была адна праблема: у нашай мясцовасьці адбываліся сутыкненьні паміж Арміяй краёвай і Ўкраінскай паўстанцкай арміяй. Былі і баі, многа славянскай крыві пралілося. Помню, у нас два ксяндзы і многія палякі ратаваліся ад УПА. Трэба сказаць, што Армія краёва ў Беларусі загубіла шмат бязьвінных людзей — настаўнікаў, супрацоўнікаў цывільнай адміністрацыі. Паспрабавала рабіць зачысткі і ва Ўкраіне, але там сустрэла рашучы адпор. Украінцы — гэта не беларусы памяркоўныя. А я быў у савецкіх партызанах — у брыгадзе імя Молатава.
— Сёлета мне давялося пабываць у трох вёсках, спаленых савецкімі партызанамі, — у Нацкаве на Мастоўшчыне, у Борках і Буле Івацэвіцкага раёну. А ў вашым рэгіёне партызаны не ваявалі са сваім народам?
— У адной са кніжак я напісаў пра адну з такіх вёсак — Канюхі, на беларуска-літоўскім памежжы. Партызаны, абвінаваціўшы вяскоўцаў у тым, што яны дапамагалі Арміі краёвай, вёску спалілі і 36 чалавек расстралялі. У нашай брыгадзе быў спэцатрад, які займаўся падобнымі справамі. Скажам, у вёсцы Язьвіны была забітая сям’я Салівончыкаў, у тым ліку двое дзяцей, толькі за тое, што галава сям’і працаваў пры немцах аграномам. Гэта рабілася зь ведама камандаваньня. Партызаны з таго атраду расстралялі таксама аднаго ўкраінца, які хаваўся ад мабілізацыі ва УПА, западозрыўшы ў ім шпіёна.
— Існуе такое меркаваньне, што партызаны правакавалі немцаў на карныя апэрацыі ў вёсках. А вы як лічыце?
— Такія правакацыі мелі месца. Мэта іх была — каб як мага больш людзей прыйшло ў партызаны. А да 1942 году актыўная партызанка не вялася. Раскажу вам адну гісторыю. У Іванаўскім раёне падчас вясельля быў забіты праз акно нямецкі афіцэр, які на ім прысутнічаў. Немцы аблажылі вёску. Людзі ім казалі: «Гэта правакацыя, мы ведаем, хто гэта зрабіў, мы самі яго знойдзем». А немцы ў адказ: «Чакайце загаду зь Пінску». І адтуль прыйшоў загад — усё вясельле расстраляць... Немцы чамусьці лёгка вяліся на падобныя правакацыі. Нездарма Сталін калісьці казаў: «Гэта добра, што немцы такія дурныя». Немцы, напрыклад, неўзабаве пасьля пачатку вайны арыштавалі Сьцяпана Бандэру і трымалі яго ў канцлягеры да 1944 году.
— Як падае гісторык Юры Туронак, толькі ў адной Слонімскай акрузе партызанамі было спалена 40 беларускіх школаў. А школы навошта палілі?
— Быў такі загад усім партызанам — паліць усе школы, каб немцы не выкарыстоўвалі іх пад казармы. Загад, на маю думку, бязглузды. Я лічу, што яго аддаў Панамарэнка. Мы таксама палілі ўсе школы. А калі настаўнікі не згаджаліся ісьці ў лес, партызаны маглі іх расстраляць.
— Але пра гэта не піша газэта «Беларусь сегодня», пра гэта не расказвае БТ. Там ужо месяцы два — суцэльныя фанфары. Навошта вайна, як і за савецкім часам, міталягізуецца?
— Таму што для прапаганды патрэбныя міты, а ня праўда. Глядзіце, колькі хлусьні выліта на тую ж УПА — бандэраўцы-фашысты і г. д. А вазьміце, відаць, і вам добра вядомую са школы Зою Касмадзям’янскую. Яна была псыхічна хворай, пра гэта мне пад вялікім сакрэтам яшчэ ў 60-я гады паведаміла прафэсар псыхіятрыі Скугарэўская. Хворую Касмадзям’янскую, якая яшчэ да вайны знаходзілася на ўліку ў псыхлякарні, лютай зімою паслалі падпаліць хаты ў падмаскоўнай вёсцы Пятрышчаве, дзе хаваліся ад холаду ня толькі немцы, але і мірныя жыхары. Якія ўрэшце і затрымалі падпальшчыцу. Ня немцы затрымалі, а вяскоўцы — як вар’ятку-падпальшчыцу. Вось такая гераіня, але як яе праслаўляла савецкая прапаганда!
— На вуліцах Беларусі нярэдка можна сустрэць георгіеўскія стужкі, нягледзячы на тое, што ўлада іх у сьвяточным аздабленьні не выкарыстоўвае. Пра што гэта сьведчыць?
Крэмль спаганіў і георгіеўскія стужкі, якія цяпер успрымаюцца як маніфэстацыя расейскай агрэсіі.
— Гэта сьведчыць, наколькі моцна ўздзейнічае на нашых людзей навязьлівая расейская прапаганда. Проста дзіву даесься, як Крэмль хоча падняць свой прэстыж стужачкамі, нарабіўшы столькі бяды сваёй агрэсіяй ва Ўкраіне! Памятаю, ад адной старой верніцы мне давялося пачуць фразу: «Камуністы спаганілі царкву». Дык вось, на маю думку, Крэмль спаганіў і георгіеўскія стужкі, якія цяпер успрымаюцца як маніфэстацыя расейскай агрэсіі.
— 70-годзьдзе Перамогі аб’яднаная Эўропа адзначае асобна ад Расеі. Ці ня ўсе кіраўнікі краінаў праігнаравалі запрашэньне Пуціна прыехаць на парад у Маскву. Вы ў гэтым глябальным супрацьстаяньні на чыім баку?
— Я на баку праўды. А праўда такая. У свой час я быў у ЗША і спытаўся ў тамтэйшых вэтэранаў, чаму яны не адзначаюць ні 8-га, ні 9 траўня — як дні перамогі над гітлераўскай Нямеччынай, чаму не адзначаюць перамогу над Японіяй? І мне такія ж вэтэраны, як і я, адказалі, што ня хочуць быць падобнымі на дзікуноў, якія, страціўшы палову сваіх воінаў, скачуць ля пераможнага вогнішча. Вайна — бяда ня толькі для тых, каго перамаглі, але і для тых, хто перамог. Нашы пампэзныя сьвяткаваньні патрэбныя таксама выключна для прапаганды. Вось цяпер гэтых «начных ваўкоў» не пусьцілі ў Польшчу. І Масква лямантуе. А для палякаў 50 пасьляваенных гадоў — тое самае, што калісьці былі 150 гадоў у складзе Расейскай імпэрыі, гэта значыць — пэрыяд няволі і акупацыі.
— Вы маеце баявыя ўзнагароды — ордэн Айчыннай вайны І ступені, мэдалі «За баявыя заслугі» і «Партызану Вялікай Айчыннай вайны». Чаму вы ня ўдзельнічаеце ў афіцыйных урачыстасьцях?
— А мяне туды ніхто не запрашаў. Ні разу я ў тых парадах ня ўдзельнічаў. Арганізатары юбілейных урачыстасьцяў, мабыць, і ня ведаюць пра маё існаваньне, я ж звычайны вэтэран, не генэрал ці палкоўнік. Праўда, нядаўна я атрымаў ад дзяржавы 8 мільёнаў рублёў — у гонар Дня Перамогі. Будзе за што выдаць наступную кнігу.
Іван Данілаў нарадзіўся ў 1924 годзе ў Драгічынскім раёне на Берасьцейшчыне. Вэтэран Другой сусьветнай вайны, быў партызанскім сувязным, ваяваў на фронце. Мае баявыя ўзнагароды. Па адукацыі — лекар-гематоляг, доктар мэдыцыны, прафэсар. Аўтар кніг «Запіскі заходняга беларуса» (2006), «Нязручная гісторыя» (2009), «Заходняя Беларусь. Перажытыя рэжымы» (2014) ды інш.