Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гомсельмаш» скарачае працу ў Беларусі і ідзе ў Кітай


Аб’яднаньне «Гомсельмаш» заявіла пра стварэньне ў Кітаі двух новых заводаў па вытворчасьці камбайнаў. У Гомелі ж асноўныя прадпрыемствы аб’яднаньня даўно працуюць у скарочаным рэжыме.

«Гомсельмаш» зьбіраецца выпускаць камбайны сумесна з кітайскай карпарацыяй «Цзуншэн». Пра гэта апавёў прадстаўнік гомельскага акцыянэрнага таварыства:

«У нас сумесны праект — гэта будуць два зборачныя заводы. У пэрспэктыве будзе й яшчэ адзін — трэці. Маем выпускаць сярэднія збожжаўборачныя камбайны — магутнасьць абмалоту 8 кіляграмаў збожжа за сэкунду. Гэта камбайны для ўборкі пшаніцы, а таксама кукурузы ў кіяхах на зерне. У больш аддаленай пэрспэктыве, мабыць, будуць яшчэ бульба- і кормаўборачныя камбайны».

Сумесныя прадпрыемствы з карпарацыяй «Цзуншэн» будуць адкрытыя ў дзьвюх кітайскіх правінцыях:

«Пакуль гэта ў правінцыях Ганьсу й Хэбэй. Там ёсьць прамысловыя зоны, прамысловыя паркі. Кітайская дзяржава выдзеліла там па 20 гектараў — для „Гомсельмаша“ і Менскага трактарнага заводу, каб вырабляць камбайны й трактары. Нам выдзяляюць плошчы на льготных умовах».

У сельмашаўцаў ёсьць досьвед працы на кітайскім рынку. З 2009 году ў правінцыі Хэйлунцзян існуе сумеснае прадпрыемства «Харбін Дун Цзін Гомель», дзе сабрана каля дзьвюх з паловай тысяч сельскагаспадарчых машын, распрацаваных гомельскімі камбайнабудаўнікамі.

Іншая справа, што на самім аб’яднаньні ў Гомелі сытуацыя склалася ня лепшым чынам. Прадпрыемства ўжо больш за год працуе ў скарочаным рэжыме — чатыры і нават тры дні на тыдзень. Рабочых рэгулярна выпраўляюць у вымушаныя адпачынкі. У красавіку камбайнабудаўнікі дадаткова адпачывалі чатыры дні — 3, 10, 17 і 25 красавіка.

«Цяжкая крыху сытуацыя, таму людзей за свой кошт у адпачынак выпраўляюць», — кажа малады сяльмашавец.

Токар прадпрыемства, які назваўся Леанідам, дадае:

Бывае, за месяц паўтара мільёна недаатрымліваем, бывае — мільён

«Калі ходзім у адпачынак на дзьве траціны тарыфу, то заробак, вядома, падае. Бывае, за месяц паўтара мільёна недаатрымліваем, бывае — мільён. Гэта па сямейным бюджэце значны ўдар.

Няма мэталу, камплектуючых. Вялікія даўгі за электраэнэргію і газ. Перадаплаты няма, таму ніхто не дае за так. У краме ж таксама проста так не даюць. Заплаці грошы — і атрымаеш».

Праблемы ў «Гомсельмаша» пачаліся, калі ён страціў дзяржаўныя прэфэрэнцыі на выпуск сельскагаспадарчай тэхнікі. Летась сытуацыя яшчэ пагоршылася, бо Расея, на якую ў асноўным арыентаваліся камбайнабудаўнікі, трапіла ў фінансавы крызіс і перастала купляць у ранейшых аб’ёмах гомельскія камбайны.

Не разьлічваліся належным чынам за тэхніку і свае беларускія спажыўцы. Кампэнсаваць частку доўгу мусіў сёлета беларускі ўрад.

Ня так даўно сельмашаўцы пэўныя надзеі зьвязвалі з пашырэньнем паставак сваёй тэхнікі ва Ўкраіну праз сумеснае прадпрыемства ў Харкаве. Аднак месяц таму Харкаўскі трактарны завод адмовіўся вырабляць збожжавыя камбайны супольна з «Гомсельмашам» — пераарыентаваўся на фінскую кампаніяй Sampo Rosenlew, каб вырабляць больш сучасныя машыны і прадаваць іх ня толькі ў сябе, але і ў іншыя краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG