«Як вы лічыце, ці ў правільным кірунку разьвіваецца беларуская эканоміка? Якія зьмены адбываюцца апошнім часам на вашым заводзе?» Гэтыя і іншыя пытаньні работнікам Менскага трактарнага заводу каля прахадной прадпрыемства задавала Галіна Абакунчык.
Карэспандэнтка: «Як працуецца на заводзе цяпер, якія зьмены адбываюцца?»
Працоўны маладых гадоў: «Цяжка цяпер, напружана: збыту няма і працы няма. Некаторыя цэхі працуюць па тры дні на тыдзень».
Карэспандэнтка: «Якія заробкі ў людзей у гэтай сувязі, як яны выжываюць?»
Працоўны маладых гадоў: «Заробак меншы, вядома, але неяк выжываюць».
Карэспандэнтка: «Што кажа кіраўніцтва?»
Працоўны маладых гадоў: «Нічога ня кажа — сядзяць ды на неба глядзяць».
Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, ці ў правільным кірунку разьвіваецца беларуская эканоміка ў такой сытуацыі?
Працоўны маладых гадоў: «Гэтага я не магу сказаць — ня мне меркаваць».
Карэспандэнтка: «Якое цяпер становішча ў эканоміцы, на прадпрыемстве, ці ў правільным кірунку яно разьвіваецца?»
Працоўны сярэдніх гадоў: «Што не паляпшаецца, то гэта дакладна. А што будзе далей, ня ведаю. Але яна павінна рухацца, разьвівацца ўвесь час, каб працоўныя месцы былі, каб людзі прыходзілі і працавалі, а не адпачывалі і праседжвалі час. А так, як ёсьць — так не павінна быць. Паглядзіце, вунь колькі трактароў стаіць — не прадаецца ж нічога».
Карэспандэнтка: «Ці задаволеныя працай на вашым заводзе? Якія зьмены адбываюцца?»
Іншы працоўны сярэдніх гадоў: «Каму падабаецца, а каму і не — моладзі ж не загадаеш».
Карэспандэнтка: «А вам?»
Іншы працоўны сярэдніх гадоў: «Мне падабаецца, заробак задавальняе, хоць хацелася б і большага. Але ж крызіс усё ж такі».
Карэспандэнтка: «А ў чым у вас на заводзе выяўляецца гэты крызіс?»
Іншы працоўны сярэдніх гадоў: «У чым, у чым — каб трактары лепш набывалі. А то вунь стаіць усё валам».
Карэспандэнтка: «Тады як вы лічыце, ці ў правільным кірунку разьвіваецца беларуская эканоміка?»
Іншы працоўны сярэдніх гадоў: «Гэта кіраўніцтву лепш бачна. І добра, каб яны лепш працавалі, тады і трактары будуць лепш прадавацца, і заробак, пэўна, большы стане».
Карэспандэнтка: «Як працуецца на заводзе, якія зьмены ў вас адбываюцца?»
Працоўны старэйшых гадоў: «Усё цудоўна».
Карэспандэнтка: «І затаваранасьці складоў няма?»
Працоўны старэйшых гадоў: «Што ёсьць, тое ёсьць. Бо крызіс у Расеі, бо кошт нафты ўпаў — грошай няма ані ў кога».
Карэспандэнтка: «А ў нашай эканоміцы ці ўсё добра, калі праўдзе ў вочы глядзець?»
Працоўны старэйшых гадоў: «Ды поўная..... Ня буду я заканчваць...»