Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін Беларусі наракае на «люстэрка» міжнародных рэйтынгаў


Міністэрства фінансаў Беларусі незадаволенае зьніжэньнем крэдытнага рэйтынгу Беларусі і рыхтуе ўласныя прапановы па супрацоўніцтве зь міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі.

На мінулым тыдні міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s зьнізіла сувэрэнны рэйтынг Беларусі з «B3» да «Caa1» з прагнозам «нэгатыўны», патлумачыўшы гэта зьніжэньнем магчымасьцяў краіны абслугоўваць даўгавыя абавязаньні і няўстойлівасьцю беларускай эканамічнай мадэлі.

Між тым у Міністэрстве фінансаў сумняюцца ў аб’ектыўнасьці рэйтынгу Moody’s.

«Дадзенае рашэньне, на наш погляд, прынята без усебаковага аналізу сытуацыі ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь», — адзначалася ў паведамленьні міністэрства яшчэ ў лютым, калі Moody’s толькі абвясьціла пра намер перагледзець рэйтынг Беларусі.

Учора ў заяве Мінфіну таксама быў выказаны сумнеў наконт аб’ектыўнасьці Moody’s. У прыватнасьці, адзначалася, што рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s у красавіку пацьвердзіла крэдытны рэйтынг Беларусі на ўзроўні «B-/В» з прагнозам «стабільны».

«Міністэрства фінансаў бліжэйшым часам уносіць ва ўрад свае прапановы па супрацоўніцтве з рэйтынгавымі агенцтвамі», — адзначаецца ў заяве Мінфіну.

Але што гэта за прапановы, не ўдакладняецца.

Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода заўважыў, што насамрэч Мінфін амаль нічога тут зрабіць ня можа — хіба што цалкам адмовіцца ад супрацоўніцтва зь міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі. Але нічога добрага з гэтага ня выйдзе:

Валеры Палхоўскі
Валеры Палхоўскі

«Калі мы ў прынцыпе спынім супрацоўніцтва з рэйтынгавымі агенцтвамі, то, па вялікім рахунку, мы проста выкрасьлім сябе з рынку міжнароднага капіталу. Таму нічога асаблівага, на мой погляд, распачаць наўрад ці магчыма, каб яно валодала нейкім сур’ёзным сэнсам».

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч таксама адзначае, што адмова ад супрацоўніцтва зь міжнароднымі агенцтвамі пагоршыць умовы атрыманьня крэдытаў на зьнешніх рынках.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Крэдыты нашым банкам, нашаму ўраду, нашай эканоміцы будуць яшчэ больш дарагія, чым сёньня. Нашы і так абураюцца, таму што нэгатыўная ацэнка прыводзіць да падаражэньня пазыкаў для Беларусі. Але я ня бачу тут асаблівых праблемаў: нам і так ніхто нічога не дае добраахвотна».

Але Багданкевіч у прынцыпе не разумее, чаму Мінфін пачаў гэтыя размовы пра неаб’ектыўнасьць міжнародных рэйтынгаў:

«Урад павінен думаць пра паляпшэньне эканамічных паказчыкаў краіны, а не наракаць на люстэрка. Гэтыя рэйтынгі адлюстроўваць рэаліі: золатавалютныя запасы падаюць, эканоміка падае, даходы насельніцтва падаюць. Ну дык чаго яны хочуць? Вядома, што і паказчыкі ў міжнародных рэйтынгах пагаршаюцца. Трэба прымаць гэта як дадзенасьць і займацца ўласнай справай, а не шукаць прычыну ў люстэрку».

На думку Палхоўскага, у дадзеным выпадку Moody’s сапраўды аб’ектыўна ацаніла сытуацыю ў беларускай эканоміцы. Хаця, у прынцыпе, у пытаньні аб’ектыўнасьці міжнародных рэйтынгавых агенцтваў ня ўсё адназначна.

«Пытаньне палітызаванасьці рэйтынгаў у апошнія гады заўсёды было актуальным. Мы бачым, напрыклад, высокія крэдытныя рэйтынгі ў краін эўразоны, якія, па вялікім рахунку, банкруты. І пры гэтым бачым фактычна „сьмецьцевыя“ рэйтынгі ў іншых краін — той жа Расейскай Фэдэрацыі, у якой усё ж такі і зьнешні доўг невялікі, і ўзровень золатавалютных рэзэрваў значна вышэйшы. Таму, у прынцыпе, пытаньне палітызаванасьці рэйтынгавых агенцтваў застаецца актуальным. Але ў беларускай сытуацыі Moody’s, у прынцыпе, даў аб’ектыўныя ацэнкі тым працэсам, якія адбываюцца. Хоць практыка паказвае, што Беларусь заўсёды была дастаткова надзейным пазычальнікам, даўгі яна выплачвала. Тыя, хто прыходзіць у Беларусь, хто купляе беларускія аблігацыі, на мой погляд, усё роўна менш увагі зьвяртаюць на рэйтынгі, яны больш працуюць з нашай спэцыфікай», — кажа Палхоўскі.

Камэнтуючы сам факт зьніжэньня агенцтвам Moody’s рэйтынгу Беларусі, Валеры Палхоўскі адзначыў, што перабольшваць наступствы гэтай падзеі для беларускай эканомікі ня трэба.

«Напэўна, самае асноўнае наступства — гэта цяжкасьць з выхадам на рынак замежнага капіталу. Як для беларускіх сувэрэнных пазычальнікаў, так, у прынцыпе, і для прадпрыемстваў. Прычым рэйтынг Беларусі ўжо набліжаецца да „сьмецьцевага“, таму вельмі складана будзе пазычаць пад нармальную працэнтную стаўку. Але, у прынцыпе, трэба адзначыць, што Беларусь апошнім часам на рынку міжнароднага капіталу і так была ня вельмі актыўная. Таму я б сказаў, што якія-колечы хуткія, імгненныя наступствы для нашай эканомікі наўрад ці будуць. Мы ўжо прывучыліся шукаць сродкі для неабходнага нам фінансаваньня на іншых рынках, і, у прыватнасьці, пры дапамозе Расейскай Фэдэрацыі», — кажа экспэрт.

Акрамя зьніжэньня рэйтынгу незабясьпечанага доўгу Беларусі да «Caa1», агенцтва Moody’s пагоршыла столь рэйтынгу валютнага доўгу краіны да «Caa1/NP» з «B3/NP», столь рэйтынгаў абавязаньняў і дэпазытаў у нацыянальнай валюце — да «B3» з «B1», а столь рэйтынгу дэпазытаў у замежнай валюце — да «Caa2/NP» з «Caa1/NP».

«Нэгатыўны прагноз адлюстроўвае меркаваньне Moody’s, што пазыцыя Беларусі па зьнешніх плацяжах, верагодна, працягне пагаршацца. А гэта, у сваю чаргу, можа істотна аслабіць здольнасьць краіны абслугоўваць свае даўгавыя абавязаньні ў замежнай валюце пасьля 2015 году», — гаворыцца ў прэсавым рэлізе Moody’s.

Таксама Moody’s адзначае пагаршэньне пэрспэктываў атрыманьня Беларусьсю зьнешняй фінансавай дапамогі з-за пагаршэньня эканамічных умоў у Расеі. На думку экспэртаў, эканамічны рост у Беларусі ў 2015 і 2016 годзе можа замарудзіцца або стаць адмоўным з-за падзеньня попыту ў Расеі і зьніжэньня прамых інвэстыцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG