Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паніка сярод «дармаедаў»

абноўлена

У службах занятасьці краіны істотна павялічылася колькасьць ахвотных стаць на ўлік як беспрацоўныя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на 1 лютага 2015 году ў краіне налічвалася 30,7 тысячы беспрацоўных. Гэта на 35,2% больш, чым год таму. Толькі за студзень колькасьць беспрацоўных, зарэгістраваных у службах занятасьці, павялічылася на 6,5 тысячы чалавек. Як вынік, узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў цэлым па Беларусі павысіўся да 0,7% з ранейшых 0,5%. Рост адзначаны перш за ўсё ў рэгіёнах. У Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласьцях ён дасягнуў 0,9%.

Магілёў. На адну вакансію прэтэндуюць чацьвёра беспрацоўных

Удвая павялічылася і колькасьць тых, хто ня можа знайсьці сабе працу цягам году. Такіх па вобласьці афіцыйна зарэгістравана 4 тысячы.

Тыя, хто пагадзіўся на гутарку з журналістам пасьля наведваньня магілёўскага цэнтру занятасьці, не хавалі расчараваньня. Суразмоўцы наракалі, што працяглы час ня могуць знайсьці сабе працы. Спадзяваліся на дапамогу дзяржавы, але марна.

«Пакуль не ўдалося нічога знайсьці», — прызнаецца мужчына сярэдняга веку. На пытаньне, якая прафэсія яго б задаволіла, адказвае: «Зваршчык альбо кіроўца». На ўлік у цэнтар занятасьці ён яшчэ не станавіўся. Працы шукае каля трох месяцаў. Прыехаў у Магілёў зь вёскі:

«Нават цяпер у калгасах скарачэньні. Вось я ў калгасе працаваў, дык там тры месяцы няма працы, — наракае суразмоўца.

«Там ідуць скарачэньні. Дзе праца ёсьць, дык там жытла няма, а дзе жытло ёсьць — працы няма. У калгасе, дзе я працаваў, дык там больш за паўтара мільёна не заробіш. Даяркі больш за гэта таксама не зарабляюць. Як жыць?»

Пра адсутнасьць вакансіяў кажа і наступны суразмоўца. Малады яшчэ хлопец раней у Магілёве рабіў на заводзе. Кінуў, бо малы заробак. У цэнтры занятасьці таксама нічога не знайшоў:

«Вось сюды ў цэнтар людзі ломяцца, а там нічога не прапануюць. На аб’явах, якія вісяць у цэнтры, заробак толькі да 3 мільёнаў», — абураецца хлопец.

Служба занятасьці ў Магілёве
Служба занятасьці ў Магілёве

Не пашанцавала з працай і яшчэ аднаму хлопцу. У яго будаўнічая прафэсія — маляр, абліцоўшчык-плітачнік.

«Узімку працы ў людзей гэтай спэцыяльнасьці няма. Вось і я нідзе не магу знайсьці. Больш за месяц стаю на ўліку, — кажа суразмоўца. — Езьдзіў у Маскву, хацеў грошы зарабіць. Там не атрымалася, дык спрабую тут што знайсьці».

«Мне прапанавалі працу не па маёй прафэсіі, — распавядае яшчэ адзін суразмоўца. — Туды паехаў — там адмовілі».

«Мне б заробку 5 мільёнаў даволі б было. На ўліку стаю, бо ўвялі ж закон за дармаедзтва, дык цяпер усе імкнуцца сюды ў цэнтар станавіцца».

Пра наплыў беспрацоўных, якія жадаюць стаць на ўлік, кажуць і супрацоўнікі цэнтру занятасьці.

Толькі лічбы

Толькі лічбы

Вось сумарныя дадзеныя, колькі рэзюмэ прыпадае на 1 вакансію, разьлічаныя паводле абвестак на сайтах пошуку працы rabota.tut.by, praca.by, rabota.by:

Кіроўца — 48 рэзюмэ на 1 вакансію.
Прадавец — 10.
Бухгальтар — 18.

Дапамога па беспрацоўі — ад 1 да 2 базавых велічыняў (ад 180 да 360 тысяч рублёў).

«Калі на пачатак мінулага году мы мелі дзьве вакансіі на аднаго беспрацоўнага, то на сёньняшні дзень на адну вакансію прэтэндуюць чатыры чалавекі», — зазначаюць у службе занятасьці.

Што падштурхнула беспрацоўных гэтак масава кінуцца рэгістравацца ў цэнтры занятасьці? Яго супрацоўніца назвала дзьве прычыны:

«Вы ж, відаць, чулі, што будзе дэкрэт пра дармаедзтва і цяпер ён распрацоўваецца? Неўзабаве павінен уступіць у сілу. Некаторыя грамадзяне спрабуюць апярэдзіць для сябе непрыемнасьці ад гэтага ўказу. Намагаюцца працаўладкавацца альбо зарэгістравацца ў службе занятасьці. А другое — адток працоўнай сілы з Расеі».

На пытаньне, наколькі сур’ёзна настроены людзі знайсьці сабе працу —можа, проста шукаюць магчымасьці перабыць неспакойныя часы? — суразмоўніца адказала:

«Пакуль з тых, хто да нас зьвяртаецца, — 50 на 50. Ёсьць грамадзяне, якім вельмі патрэбная праца і якія згодныя на любыя вакансіі, вядома ж, на адносную заработную плату. Ёсьць і тыя, хто спрабуе перабыць, але такіх пакуль меншасьць».

На погляд супрацоўніцы, беспрацоўных у службе занятасьці будзе рэгістравацца ўсё больш, пакуль ня выйдзе ўказ пра дармаедзтва.

Ня ўсіх, аднак, беспрацоўных магчымы перасьлед за дармаедзтва палохае. Ня ўсе зь іх вераць, што такі закон наагул будзе прыняты.

«Дык гэты законапраект толькі разглядаецца. Там хочуць увесьці норму, што трэба будзе плаціць дваццаць базавых — дык гэта нерэальна, — упэўнена заяўляе мужчына, якія жыве з часовых заробкаў. Чаму нерэальна, пытаюся:

Бежанцы з украіны складаюць канкурэнцыю, згаджаюцца на любую працу

«Вы ж паглядзіце, у цэнтры занятасьці цяпер на адну вакансію чатыры чалавекі — гэта афіцыйна. То бок працы няма ніякай. Пра аплату працы я ўжо і не кажу. Больш за два мільёны там не прапануюць нічога. Наша эканоміка ў гаротным стане. Да таго ж у нас усё завязана на Расею. А супраць яе санкцыі, і сытуацыя будзе горшаць. Да таго ж сюды прыяжджаюць грамадзяне Ўкраіны. Бежанцамі становяцца. Яны складаюць канкурэнцыю, але яны згаджаюцца на любую працу — нават у сельскай мясцовасьці».

Паводле суразмоўцы, цяпер беспрацоўнымі становяцца ня толькі звычайныя рабацягі з заводаў, але і збанкрутаваныя дробныя прадпрымальнікі. Колькасьць тых, хто шукае сабе занятку, павялічваецца. А многія з тых, хто папаўняе шэрагі беспрацоўных, нават ня ведаюць, дзе ў Магілёве цэнтар занятасьці.

На якой стадыі падрыхтоўка дэкрэту аб дармаедах?

Дапрацаваны дэкрэт аб дармаедах павінен быў зьявіцца 13 лютага, але яго дагэтуль няма.

З ініцыятывай штрафаваць і караць беспрацоўных выступіла Міністэрства ўнутраных спраў. Распрацоўваць дакумэнт павінна было Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а прапановы яму падаваць меліся ўсе зацікаўленыя ведамствы. Усе яны сьцьвярджаюць, што сваю задачу выканалі.

Начальнік аддзелу інфармацыйна-тлумачальнай працы Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Шкут распавёў:

«Мэханізм такі: адказнае за ўказ — Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Яны распрацоўваюць гэты дакумэнт, і, адпаведна, зацікаўленыя дзяржаўныя органы прадстаўляюць свае прапановы. Там жа ня толькі Міністэрства па падатках і зборах задзейнічана, але і Мінфін, і іншыя. Таму на выхадзе адказнае — Мінпрацы. Мы даўно ўжо свае прапановы зрабілі, нават пасьля таго як прэзыдэнт вярнуў на дапрацоўку. На гэты момант Мінпрацы павінна ўнесьці дакумэнт у Савет міністраў. Унесла ці ня ўнесла — не магу сказаць».

Савецкі плякат «Прэч дармаедаў зь цёпленькіх месцаў!»
Савецкі плякат «Прэч дармаедаў зь цёпленькіх месцаў!»

Прэсавы сакратар Мінпрацы бадзёра адрапартавала:

«Міністэрства працы і сацыяльнай абароны даручэньне выканала і перадало дакумэнт у Савет міністраў. Больш вам нічога не магу сказаць».

Прэс-служба Саўміна ў аўторак цэлы дзень маўчала, і спраўдзіць, на якой стадыі праца з дакумэнтам ва ўрадзе, не ўдалося.

Згодна з праектам указу працаздольныя грамадзяне, якія цягам шасьці месяцаў не плацілі падаткаў, абавязаныя будуць раз на год сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. За ўхіленьне ад сплаты збору, несвоечасовую альбо няпоўную сплату будзе прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць — ажно да арышту.

Аляксандар Лукашэнка гэтую ініцыятыву падтрымаў: «Хочаце вярнуць паняцьце „дармаедзтва“ — вяртайце. Гэта будзе больш зразумела для народа. Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем гэта рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць!» — заявіў ён на нарадзе па пытаньнях занятасьці і міграцыі ў краіне.

Праўда, у беларускім заканадаўстве наагул няма такіх юрыдычных паняцьцяў, як «дармаедзтва», «дармаед». Яны былі ў часы СССР, там і засталіся. Цяпер МУС прапануе аднавіць гэтыя азначэньні.

З 1 сакавіка пойдзем на біржу, як дармаеды
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:31 0:00
Наўпроставы лінк

Паводле афіцыйных асобаў, дармаедаў у краіне каля 400 тысяч. Гэтую лічбу ў кастрычніку агучыў тагачасны прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч, потым падхапіў і кіраўнік краіны. Гэта і асацыяльныя асобы, якія не жадаюць працаваць, і няплатнікі падаткаў, і хатнія гаспадыні, якія гадуюць дзетак. Эканаміст Міхал Залескі кажа, што лічбы можна намаляваць любыя:

Міхал Залескі
Міхал Залескі

«Для таго каб выявіць дармаедаў, трэба мець вельмі добры, дасканалы ўлік занятасьці. Трэба выпрацаваць мэханізм, мець дакладны перапіс насельніцтва, прапіску, шмат іншых рэчаў, якія дазваляюць усё зафіксаваць. Зьвязана гэта з сыстэмай падаткаабкладаньня. Цяпер падаткаабкладаньне ідзе аўтаматычна, на працы. То бок занятыя абкладаюцца падаткамі, а не фізычныя асобы. Калі б абкладаліся падаткам людзі паводле перапісу і самі сплачвалі падаткі, а не праз бухгальтэрыю, можна было б адшукаць дармаедаў. Ніхто не цікавіцца, працуе чалавек ці не. Ён павінен дэкляраваць свае прыбыткі, і яго можна праверыць».

Такім чынам, каго лічыць дармаедам, пакуль дакладна ня вызначана. І ўсё ж у цэнтры занятасьці людзі пачалі зьвяртацца больш актыўна.

Берасьцейшчына: Зварот у цэнтар занятасьці не гарантуе працаўладкаваньня

Жыхары малых гарадоў, такіх, як Івацэвічы на Берасьцейшчыне, кажуць, што тут праблема беспрацоўя вастрэйшая, чым у абласных цэнтрах, бо працу знайсьці нашмат цяжэй.

Васіль Дзягцярык з Івацэвічаў захварэў на сэрца. Па спэцыяльнасьці ён кіроўца, але цяпер вадзіць машыну ня можа. Калі непрацоўную групу інваліднасьці яму зьменшылі на такую, якая дазваляе рабіць на няцяжкай працы, ён пачаў шукаць занятак.

Васіль Дзягцярык
Васіль Дзягцярык

Кажа, што працы, якая б падышла інваліду, доўга ня мог знайсьці, таму пайшоў у цэнтар занятасьці:

«Зьвярнуўся ў цэнтар занятасьці яшчэ ў 2013 годзе, калі мне зьнялі другую групу і далі трэцюю. Стаў на ўлік. Дапамогі штомесячнай я не атрымліваў, бо ў мяне невялікая пэнсія была па інваліднасьці — мусіць, мільён сто тысяч на той момант. Толькі аднойчы за год мне цэнтар занятасьці аказаў грашовую дапамогу — далі 700 тысяч», — распавядае Васіль Дзягцярык.

Цэнтар занятасьці накіраваў Васіля ў Берасьце на трохмесячныя курсы апэратара газавай кацельні. Навучаньне яму аплачвалі, давалі і невялікую суму на праезд ды пражыцьцё.

Але калі адвучыўся, то працы па новай спэцыяльнасьці цэнтар занятасьці спадару Дзягцярыку не знайшоў. Мінулае лета ён перабіваўся падпрацоўкамі. За гэты час інваліднасьць зь яго зьнялі, хоць пакінулі абмежаваньні на працу. Толькі на гэтую зіму Васіль Дзягцярык знайшоў працу качагара.

«Сам знайшоў працу па абвестках, але пайшоў у цэнтар занятасьці, і яны напісалі, што мне працу далі. Таму атрымаў накіраваньне ад цэнтру занятасьці і зэканоміў на аплаце мэдагляду. Прайшоў бясплатна», — распавядае Васіль.

Цяпер Васіль Дзягцярык робіць качагарам ды спадзяецца, што начальства ня звольніць яго на лета, а перавядзе ў вартаўнікі, каб зноў не давялося шукаць працы.

«Заробак як заробак — два мільёны з капейкамі. Якая праца — такі і заробак», — сьмяецца суразмоўца.

Людзі шукаюць больш аплатнай працы, а ў нас тут гэта, мусіць, толькі ў турме ды міліцыі

Васіль — алімэнтшчык, ён мусіць сплочваць грошы на ўтрыманьне дзіцяці ад першай жонкі. У час, калі ня мог знайсьці працы, сабраўся доўг па алімэнтах, таму цяпер зь ягоных двух мільёнаў заробку яму застаецца атрымліваць толькі 500 тысяч. Таму, кажа, цяпер жыве на заробак сваёй другой жонкі.

«А тут жа яшчэ крэдыту за кватэру — 300 тысяч, камунальныя — 200 тысяч, яшчэ 200 каапэратыўных... Таму жыву ў мінус, толькі за жончын заробак», — кажа Васіль.

Наконт барацьбы з дармаедзтвам Васіль мяркуе:

«Народ душаць, але ж не дадуць годнай працы, каб можна было жыць, а не існаваць... У нас жа няма такіх вялікіх прадпрыемстваў, дзе можна ўладкавацца, людзі шукаюць... Стары цэх „Івацэвічдрэва“ фактычна адмірае, зараз новы. Але заробкі ўпалі, людзі скардзяцца, што ледзь не напалову заробкі зьменшыліся. Прыборабудаўнічы завод таксама, калі і працуе, то далёка не на поўную магутнасьць. Людзі шукаюць больш аплатнай працы, а ў нас тут гэта, мусіць, толькі ў турме ды міліцыі... Наконт дармаедаў — тыя, хто зарабляе ў Расеі ці Польшчы, будуць працягваць там зарабляць ды сплочваць той падатак, каб адчапіліся», — мяркуе Васіль Дзягцярык.

Чаму ўсё ж такі загад Лукашэнкі ня выкананы — дэкрэту пра дармаедаў дагэтуль няма?

На гэтае пытаньне эканаміст Міхал Залескі адказаў так:

«Мы жывём у таталітарнай дзяржаве, і чыноўнікі тут нічога не вырашаюць. І асноўная прычына — у памылкова абранай рыторыцы.

Трэба было казаць не „дармаеды“, а „парушальнікі падатковага заканадаўства“. Трэба разьдзяліць катэгорыі насельніцтва. Ёсьць людзі, якія, да прыкладу, прапіваюць матчыну пэнсію альбо бацькаву заработную плату. У мове нашай беларускай — гэта дармаеды. А тут выходзіць, што дармаед — гэта той, хто сядзіць у гаражы, не зарэгістраваны нідзе, і рамантуе чужыя машыны — вось ён дармаед. А ён не дармаед, а заняты незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Ёсьць людзі, якія бязьбедна жывуць і нідзе ня лічацца занятымі. Гэта другі варыянт. Людзі, якія бязьбедна жывуць і нідзе ня лічацца занятымі, займаюцца альбо крымінальнай дзейнасьцю і падпадаюць пад дзеяньне Крымінальнага кодэксу, альбо займаюцца некрымінальнай дзейнасьцю, але ўхіляюцца ад падаткаабкладаньня. На кожнага такога ёсьць пэўная кваліфікацыя. Наагул, бываюць чатыры віды працы: па найме, самазабесьпячэньне, прадпрымальніцтва, праца ў хаце. Хто з гэтых людзей дармаед? Лукашэнка выбраў такое слова — дармаеды. А чыноўніцкі маразм і энтузіязм можа заходзіць досыць далёка. Пакуль што кіруюць і выконваюць загады на ўсіх узроўнях камсамольцы. Вось яны і кінуліся выконваць».

Намесьнік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка падчас «прамой лініі» на пытаньне, калі ж зьявіцца дэкрэт, адказаў так:

«Магчыма, у гэтым годзе зацягнецца яго прыняцьце. Ён разглядаўся ў кіраўніка дзяржавы, і было даручана яго дапрацаваць, але там шмат спрэчных пытаньняў. І сапраўды, калі разглядаць жыцьцёвыя сытуацыі, то не пад кожную падгоніш. Каб не дапусьціць такіх хібаў: звольнілі, чалавек шукае працу... Але ўсе тэрміны будуць вызначацца некалькі пазьней».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG