Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама вырашыў выключыць Кубу са сьпісу дзяржаваў-спонсараў тэрарызму


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (справа) і прэзыдэнт Кубы Рауль Кастра падчас сустрэчы на Cаміце Амэрык у Панаме. 11 красавіка 2015 году
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (справа) і прэзыдэнт Кубы Рауль Кастра падчас сустрэчы на Cаміце Амэрык у Панаме. 11 красавіка 2015 году

У аўторак прэзыдэнт ЗША Барак Абама абвясьціў аб сваім намеры выключыць Кубу са складзенага Злучанымі Штатамі сьпісу краінаў, якія зьяўляюцца спонсарамі тэрарызму.

Такім чынам Барак Абама працягвае прыкладаць намаганьні да нармалізацыі адносінаў з Кубай пасьля паўстагодзьдзя ўзаемнай варожасьці, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Амэрыканскі прэзыдэнт паведаміў аб гэтым рашэньні Кангрэсу, пасьля таго, як Дзярждэпартамэнт пастанавіў, што за апошнія шэсьць месяцаў Куба «не аказвала ніякай падтрымкі міжнароднаму тэрарызму» і запэўніла ЗША ў тым, што ня мае намеру рабіць гэта ў будучыні.

Гэта рашэньне Абама прыняў усяго празь некалькі дзён пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Кубы Раулем Кастра на Саміце Амэрык у Панаме. Гэта была першая сустрэча кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў за 50 зь лішнім гадоў.

Той факт, што Куба была ў гэтым сьпісе, перашкаджаў аднаўленьню адносінаў паміж дзьвюма краінамі, якія падзяляюць 145 кілямэтраў мора.

Куба ўжо дамагаецца гэтага, але Абама вырашыў пачакаць да таго часу, пакуль ня будуць урэгуляваныя ўсе дэталі, якія тычацца нармалізацыі адносінаў. Абедзьве краіны зьбіраюцца адкрыць амбасады ў сваіх сталіцах, і выключэньне Кубы з «чорнага» сьпісу можа спрыяць прытоку новых інвэстыцыяў і адкрыць краіну для міжнародных рынкаў капіталу.

Такім чынам, у сьпісе дзяржаваў-спонсараў тэрарызму, які складаецца ЗША, застаюцца тры краіны — Іран, Судан і Сырыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG