Падчас візыту заплянаваная сустрэча Ўшакова і старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шарца і падпісаньне праграмы супрацоўніцтва абодвух гарадоў на 2015–2017 гады. Гэтая праграма прадугледжвае супрацоўніцтва ў разьвіцьці прадпрымальніцтва і сфэры турызму, а таксама абмен вопытам па камунальных пытаньнях, абароне асяродзьдзя і помнікаў, сацыяльнай палітыцы і ў сфэры аховы здароўя і бясьпекі.
Дэлегацыя возьме ўдзел у міжнароднай турыстычнай выставе «Адпачынак 2015» і адкрыцьці Латвійска-Беларускага бізнэс-форуму, які пройдзе ў бізнэс-цэнтры «Вікторыя». У праграме рыскай дэлегацыі — наведваньне Менскага тэхналягічнага парку і іншых аб’ектаў.
Як паведаміў агенцтву «Менск-Навіны» старшыня камітэту эканомікі Менгарвыканкаму Юры Трушчанка, такая прадстаўнічая рыская дэлегацыя прыяжджае ў беларускую сталіцу ўпершыню. Дэлегацыя будзе знаходзіцца ў Менску з 7 па 10 красавіка.
Ніл Ушакоў — вядомы латвійскі палітык, мэр Рыгі (з 2009 году), старшыня палітычнага аб’яднаньня «Цэнтар згоды».
Ушакоў па нацыянальнасьці расеец. У Расеі 39-гадовага палітыка лічаць прадстаўніком інтарэсаў расейскамоўнага насельніцтва.
Ён выступаў за прысваеньне расейскай мове статусу афіцыйнай мовы нацыянальнай меншасьці, хоць падкрэсьліваў, што расейская мова не павінна станавіцца дзяржаўнай, як у Беларусі.