Спадар: «Ну, канечне, забаронена расказваць такія анэкдоты. Я адзін, праўда, памятаю — пра тое, як бульбу прэзыдэнт перабіраў. Па тэлефоне Аляксандар Рыгоравіч адказвае: налева пакладзіце, а гэтую направа. Урэшце зазлаваў і крыкнуў: вы што, безь мяне бульбы перабраць ня можаце?..»
Спадарыня: «Я думаю, у наш час існуе свабода слова. Напэўна, і я нешта чула, але пераказаць не магу. Памятаю нейкі анэкдот, што ўкраінцы зайздросьцяць, што мы маем такога прэзыдэнта, і хочуць яго забраць сабе. Сэнс такі быў — маўляў, вы яго скідайце, а мы забяром сабе. А болей нешта ня памятаю...»
Спадар: «Такія анэкдоты забароненыя. Вы пачытайце ў інтэрнэце, там заўсёды ёсьць».
Спадар: «Чуў, вядома, такія анэкдоты».
Карэспандэнт: «Значыцца, яны не забароненыя?»
Спадар: «Па ідэі, здаецца, ніхто не забараняў...»
Карэспандэнт: «А можаце хоць нейкі ўзгадаць?»
Спадар: «Ня буду я нічога расказваць. Ведаю, што такія ёсьць, але расказваць ня буду. У інтэрнэце паглядзіце».
Дзяўчына: «Не, нельга. Такія анэкдоты расказваюць толькі паміж сабой у размове, каб болей ніхто ня чуў».
Карэспандэнт: «Дык, можа, узгадаеце паміж намі нейкі анэкдот...»
Дзяўчына: «Не, я ня памятаю ўжо. Нехта некалі распавядаў... Ды мяне такія анэкдоты і не цікавяць».
Спадар: «Расказваць, канечне, можна, але нядоўга, бо можа турма чакаць. Ну вось адзін анэкдот. Трапляюць на неба да Бога Пуцін, Лукашэнка і Абама. Пытаецца Абама ў Бога — у чым маё шчасьце? — Тваё шчасьце ў тым, што твая дзяржава самая магутная ў сьвеце, — адказвае Бог. Пуцін пытаецца тое самае. Яму Бог адказвае, што ты дамогся, каб табе рэйтынгі малявалі ў 80% падтрымкі народа. Пытаецца Лукашэнка — Божа, у чым маё шчасьце? А Бог адказвае: тваё шчасьце ў тым, што мае рукі да крыжа прыбітыя».
Спадар: «Анэкдоты можна распавядаць, асабліва калі яны існуюць».
Карэспандэнт: «А за гэта нічога ня будзе?»
Спадар: «Я, канечне, ня чуў такіх выпадкаў, але ж напэўна ёсьць людзі, якія гэта адсочваюць, як гэта было за савецкім часам і пры Сталіну. А сам я нешта не прыгадаю ніводнага анэкдота. Ды мне нешта ніхто і не расказваў».