45 адсоткаў жыхароў Расеі лічаць апраўданымі ахвяры, якія панёс савецкі народ у эпоху Сталіна. У 2012 годзе такіх людзей было амаль удвая менш, піша расейскае выданьне «Ведомости» са спасылкай на апытаньне, праведзенае ў сакавіку «Левада-цэнтрам».
Адначасова істотна зьменшылася колькасьць людзей, якія лічаць, што ахвяры нічым нельга апраўдаць. Толькі чвэрць рэспандэнтаў згодныя з тым, што Сталіна можна назваць дзяржаўным злачынцам, 57 адсоткаў выказваюцца супраць такой ацэнкі. Траціна апытаных расейцаў ставяцца да Сталіна з павагай, траціна — з абыякавасьцю.
У апытаньні, праведзеным «Левада-цэнтрам» сёлета ў студзені, больш за палову расейцаў станоўча ацанілі ролю Сталіна ў гісторыі Расеі.
Выступаючы на пасяджэньні прэзыдэнцкага Савету па правах чалавека, Мікалай Сванідзэ заявіў, што маральная рэабілітацыя Сталіна, якая будзе ўзмацняцца перад Днём Перамогі, будзе азначаць асабістую абразу для мільёнаў людзей і можа прывесьці да расколу ў грамадзкай думцы.
На мінулым тыдні актывісты «Моладзевага Яблыка» правялі ў Маскве антысталінскую акцыю пад лёзунгам «Забываючы пра ахвяраў, вы самі становіцеся катамі».