Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль абвяргае здагадкі, што ўзнагароджаныя Пуціным дэсантнікі ўдзельнічалі ў баях ва Ўкраіне


Крэмль абверг здагадкі, што Пуцін нібыта прысвоіў тром часткам ПДВ званьне гвардзейскіх за ўдзел у канфлікце ва Ўкраіне. Пры гэтым невядома, за якія менавіта баявыя дзеяньні вайсковыя часткі атрымалі званьні.

«Размовы аб удзеле дэсантнікаў, узнагароджаных Уладзімірам Пуціным, у канфлікце ва Ўкраіне, ісьці ня можа. Паколькі мы ведаем, што расейскія ўзброеныя сілы не былі і цяпер ня маюць дачыненьня да гэтых падзеяў». На гэтым настойвае прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў.

Сёньня Пуцін прысвоіў званьні гвардзейскіх двум дэсантна-штурмавым брыгадам — яны базуюцца ва Ўлан-Удэ і Ўсурыйску. А таксама асобнаму палку сувязі ў Падмаскоўі. Пасьля чаго журналісты ў сацсетках сталі выказваць здагадкі, што ганаровае званьне зьвязана з удзелам гэтых падразьдзяленьняў паветрана-дэсантных войскаў у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны. Узгадалі, што адно зь іх дыслякуецца ва Ўлан-Удэ, адкуль, як раней паведамлялі расейскія і ўкраінскія СМІ, ваенных пераводзілі на кантракт і адпраўлялі ў Растоў, на мяжу з Украінай.

Пры гэтым пацьверджаньняў таго, што дэсантна-штурмавыя брыгады, адзначаныя Пуціным ва ўказах, удзельнічалі ў канфлікце, няма, адзначае «Эхо Москвы».

Ганаровае званьне ўсім прысвоілі за гераізм і адвагу, праяўленыя асабовым складам у баявых дзеяньнях. Але пра якія менавіта баі ідзе гаворка, у дакумэнтах не сказана. Прэзыдэнт, згодна з указам, улічыў заслугі дэсантнікаў і ў мірны час.

Кіеў, ЗША і краіны ЭЗ неаднаразова абвінавачвалі Расею ва ўдзеле ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны. Масква гэта абвяргае. Пры гэтым расейскія ўлады прызнаюць, што на ўсходзе Ўкраіны ваююць добраахвотнікі з Расеі.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG