Гадавіна далучэньня Крыму да Расеі — актуальная нагода задумацца пра тое, як перадухіліць падобнае разьвіцьцё падзеяў у дачыненьні да Беларусі. Ужо наколькі рэальная такая пагроза — пра гэта можна спрачацца, але падзеі, якія адбыліся ў мінулым годзе ва Ўкраіне і якія працягваюцца па гэты дзень, сьведчаць аб тым, што гэты сцэнар не адносіцца да разраду зусім ужо фантастычных і абсурдных.
Для таго, каб вызначыць кола захадаў, неабходных для перадухіленьня падобнага сцэнару, трэба ясна сабе ўяўляць, пра што ідзе гаворка. Прызнаньні Ўладзімера Пуціна, зробленыя ў фільме «Крым. Шлях на Радзіму» , толькі пацьвердзілі тое, што было відавочным і раней — што роля расейскай дзяржавы, расейскіх узброеных сілаў была значнай, калі не вызначальнай у крымскіх падзеях. Гэтак жа відавочным, па меншай меры для аўтара гэтых радкоў, уяўляецца і актыўны ўдзел Расеі ў вайне ў Данбасе. Аднак пытаньне не ў доказах, а ў тым, ці ўсё да гэтага ўдзелу зводзіцца.
З пункту гледжаньня афіцыйнага Кіева — так, усё да гэтага і зводзіцца, Расея вядзе супраць Украіны неабвешчаную вайну. І ўсё. Кропка.
Але вось дадзеныя, агучаныя два месяцы таму не расейскай прапагандай, а якраз кіраўніком Рады нацыянальнай абароны і бясьпекі Украіны Аляксандрам Турчынавым: на ўсходзе Украіны украінскім сілам супрацьстаіць 36 тысяч узброеных людзей. Колькасьць расейскіх вайскоўцаў сярод іх украінскія крыніцы называюць розныя, але ацэнка вагаецца ад 8 да 12 тысяч. Ну а астатнія 25 тысяч адкуль узяліся?
Іншымі словамі, ёсьць два розныя сюжэты: клясычнае ваеннае ўварваньне, пры якім падтрымка сярод мясцовага насельніцтва ня мае асаблівага значэньня, і гібрыдная вайна, якая ўтрымлівае элемэнты грамадзянскай вайны. Захады, здольныя перадухіліць гібрыдную вайну, неабавязкова эфэктыўныя супраць клясычнага ўварваньня. Але рабіць выгляд, што гэтыя два сюжэты нічым не адрозьніваюцца адзін ад аднаго, мэтазгодна толькі ў прапагандысцкім пляне — у практычным пляне такая сьлепата робіць гібрыдную вайну больш верагоднай.
Дарэчы, гібрыдная вайна — зусім не вынаходніцтва цяперашняга генштабу РФ, такія войны вяліся ад веку. Паход Ілжэдзьмітрыя на Маскву, які бліскуча завяршыўся яго увацарэньнем, быў тыповай гібрыднай вайной, Польшча тады афіцыйна ў стане вайны з Маскоўскім царствам не была, хоць пры гэтым мела да паходу вельмі непасрэднае дачыненьне.
Яснае разуменьне характару пагрозы дыктуе і характар мераў па яе перадухіленьні. Неабходная перадумова гібрыднай вайны — нізкая ступень, слабасьць нацыянальнай кансалідацыі, каштоўнасны, культурны раскол сярод насельніцтва, наяўнасьць вялікіх групаў насельніцтва, неляяльных ня тое, што да сваёй улады, а сваёй дзяржавы як такой.
З абстрактным тэзісам аб тым, што ўзмацненьне нацыянальнай кансалідацыі было б вельмі карысным Беларусі ня толькі для перадухіленьня зьнешніх пагрозаў, але і для «ўнутранага ўжываньня», пагодзяцца, мабыць, грамадзяне Беларусі розных палітычных перакананьняў, акрамя хіба што тых, для каго ўжо цяпер «Белоруссия — это Россия».
Аднак, як кажуць ангельцы, д’ябал хаваецца ў дэталях. Цяпер ужо прызабылася, што адным зь першых рашэньняў Вярхоўнай Рады Ўкраіны пасьля перамогі Эўрамайдану стала адмена моўнага закону аб рэгіянальных гарантыях рускай мове. Гэта рашэньне было ветаванае тагачасным в. а. Прэзыдэнта А. Турчынавым, але сваю ролю ў дачыненьні крымскай і данбаскай «скрыняў Пандоры» яно безумоўна адыграла.
Зрэшты, наяўнасьць памылковага спосабу вырашэньня праблемы не адмяняе неабходнасьці яе вырашаць. Не будзі ліха — падыход вельмі беларускі і не пазбаўлены мэтазгоднасьці, пытаньне ў тым, ці дастатковы
Аднак варта прыгадаць, змадэляваць матывы, лёгіку таго рашэньня. А былі яны самыя добрыя: ступень нацыянальнага адзінства нізкая, узмацненьне нацыянальнай кансалідацыі зробіць Украіну менш ўразьлівай ад зьнешняга ўплыву і магчымых інсьпірацый, мова — душа нацыі, чужая мова — пагроза яе адзінству, такім чынам, далоў моўны закон. Хіба не лягічна, ня рацыянальна?
Ды ня вельмі, як высьветлілася. Сродак, скарыстаны для дасягненьня нейкай мэты, прывёў да выніку наўпрост супрацьлеглага, спроба ўмацаваць нацыянальнае адзінства ўзарвала яго. Так, Расея гэта выкарыстала, але было што выкарыстоўваць. Гэты мэханізм, вопыт памылкі варта запомніць.
Зрэшты, наяўнасьць памылковага спосабу вырашэньня праблемы не адмяняе неабходнасьці яе вырашаць. Не будзі ліха — падыход вельмі беларускі і не пазбаўлены мэтазгоднасьці, пытаньне ў тым, ці дастатковы.
Часта ў спрэчках на гэты конт можна пачуць прагматычны аргумэнт: маўляў, глупства ўсё гэтыя вашы нацыянальныя пошукі, нацыяналізмам ад іх патыхае, трэба, каб людзі жылі добра і заможна, тады і прадмета для падобных развагаў не будзе. Ну, шматгадовае навучаньне вульгарызаванаму марксізму дарма не праходзіць, але варта заўважыць, што праблема нацыянальнага адзінства, хоць і не зусім ужо «пэрпэндыкулярная» праблеме дабрабыту, усё ж уяўляе сабой асаблівае вымярэньне.
Бясспрэчна, што чым багацей жыве народ, тым больш, пры іншых роўных умовах, шануе дзяржаву, якая гэта росквіт забясьпечвае або, прынамсі, пры якой гэты росквіт мае месца быць.
Розныя краіны жывуць па-рознаму, перажываюць пэрыяды росквіту і эканамічных нягодаў, аднак апошнія самі па сабе рэдка становяцца прычынай для сумненьняў у легітымнасьці сваёй дзяржавы. Гішпанамоўныя краіны Лацінскай Амэрыкі не імкнуцца вярнуцца пад уладу Мадрыду з-за таго, што жывуць бядней за Гішпанію. У той жа Ўкраіне Крым і Данбас апынуліся самымі слабымі, уразьлівымі рэгіёнамі краіны ў сэнсе нацыянальнай ідэнтычнасьці. Аднак пры гэтым яны былі далёка ня самыя бедныя рэгіёны Ўкраіны.
Бясспрэчна, што чым багацей жыве народ, тым больш, пры іншых роўных умовах, шануе дзяржаву, якая гэта росквіт забясьпечвае або, прынамсі, пры якой гэты росквіт мае месца быць. Але адно да іншага зусім ня зводзіцца.
У Беларусі ўжо шмат гадоў ідзе барацьба паміж рознымі мадэлямі нацыі. Гэтыя плыні грамадзкай думкі непараўнальныя па сіле палітычна, але ў ідэалягічнай сфэры дысбалянс паміж імі такі ўжо ашаламляльны. Скажам, ад чвэрці да паловы насельніцтва, якія, паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, выступаюць за эўраінтэграцыю Беларусі — гэта не маргінальная меншасьць, на меркаваньне якой можна проста не зважаць. Не, палітычна вядома можна, толькі ад таго гэтыя мільёны беларусаў нікуды не падзенуцца і з нацыянальным адзінствам ёсьць пэўныя праблемы.
Спрэчкі аб шляхах разьвіцьця нацыі і дзяржавы часта зводзяцца да абмену ідэалягічнымі мантрамі. Між тым, карысна хоць бы часам адмовіцца ад уласных установак і прыхільнасьцяў, і паглядзець на праблему чыста тэхналягічна: якія крокі, якія меры будуць садзейнічаць умацаваньню адзінства? Не адзінства ў сэнсе ўхвалы ці асуджэньня існуючай улады, а ў сэнсе выбар на карысьць незалежнай адзінай Беларусі ў параўнаньні зь іншымі, магчыма, эканамічна, культурна і як-небудзь інакш спакушальнымі варыянтамі.
Неабавязкова, ды і немагчыма, каб гэта адзінства ахоплівала ўсіх пагалоўна. Але вельмі пажадана — каб уключала ў сябе пераважную большасьць, каб па-за ім не заставаліся тэрытарыяльныя і іншыя буйныя грамадзкія «анклявы». Тая ж украінская рэвалюцыя і на самай справе спрыяла ўзмацненьню нацыянальных пачуцьцяў, ускосны паказьнік чаго — рост папулярнасьці там вышыванак і нацыянальнай сымболікі. Высокія паказьнікі ўдзелу насельніцтва ў леташніх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах ва Ўкраіне — таксама індыкатар ступені нацыянальнай кансалідацыі.
Падзеі ва Ўкраіне — істотны ўрок для адэптаў розных мадэляў нацыягенэзу ў Беларусі.
Але праблема ў тым, што мэханізм гэтай кансалідацыі даў збой на ўсходзе краіны, немалая, прычым тэрытарыяльна лякалізаваная частка краіны, апынулася ў складаных адносінах, скажам так, з гэтым адзінствам. Пра гэта сьведчаць, дарэчы, і вынікі выбараў у раёнах Данбасу, вернутых пад кантроль Кіева — і ў сэнсе яўкі, і ў сэнсе палітычных перавагаў выбары там моцна адрозьніваліся ад галасаваньня нават у іншых рэгіёнах Поўдня і Усходу Ўкраіны, ня кажучы пра Захад і Цэнтар.
Падзеі ва Ўкраіне — істотны ўрок для адэптаў розных мадэляў нацыягенэзу ў Беларусі. Для адных крытэр эфэктыўнасьці мераў па нацыянальнай кансалідацыі — гэта не адпаведнасьць чаканьням іх прыхільнікаў, а прымальнасьць для пераважнай большасьці насельніцтва зь яго ўяўленьнямі і забабонамі. Разьлік на тое, што БТ — гэта архімэдавая «кропка апоры», пры дапамозе якой можна перавярнуць Беларусь, уяўляецца ўсё ж некалькі наіўным.
Але данбаскі і крымскі сцэнары — урок і для іншай часткі беларускага палітычнага і ідэалягічнага спэктру.
Украінскія рэвалюцыянэры, магчыма, таксама лічылі, што галоўнае — перамагчы ў сталіцы, а астатняя краіна з энтузіязмам або ў горшым выпадку з незадавальненьнем прыме гэтую перамогу. На самай справе горшы варыянт апынуўся значна горшым.
Але данбаскі і крымскі сцэнары — урок і для іншай часткі беларускага палітычнага і ідэалягічнага спэктру. Ніадкуль не вынікае, што цяперашні фармат узаемаадносін паміж Беларусьсю і Расеяй захаваецца і ў далейшым, і што цяперашняя ня вельмі выразная беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць апынецца досыць устойлівай ў выпадку зьмены гэтага фармату. Варта нагадаць, што Ўладзімер Пуцін яшчэ ў 2002 годзе ветліва прапаноўваў Беларусі банальна ўвайсьці ў склад РФ шасьцю губернямі. Цяперашняя прапанова расейскага лідэра падумаць аб увядзеньні адзінай валюты ў Эўразійскім эканамічным саюзе, якая была паўтораная на саміце ЭАЭС ў Астане — сьведчаньне таго, што цяперашняя сытуацыя ўяўляецца Маскве не устойлівым станам, а пераходам, «кропка прызначэньня» якога — магчыма, якраз рэалізацыя прапановы Пуціна 13-гадовай даўніны.
Крымскага выніку можна ж дамагчыся рознымі мэтадамі. Але ў любым выпадку, ён дасягальны там і тады, дзе і калі нацыянальнае адзінства аслабленае, дзе крытычная маса людзей пачынае лічыць, што іх краіна — гэта Расея. А «ветлівыя людзі» прыходзяць потым.