Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр аўтарытарны «бацька» сынгапурскага эканамічнага цуду


Учора на 92-м годзе жыцьця памёр Лі Куан Ю, які 31 год на пасадзе прэм’ер-міністра кіраваў Сыгапурам з таго моманту, як выспа атрымала незалежнасьць у 1959 годзе.

Учора на 92-м годзе жыцьця памёр Лі Куан Ю, які 31 год на пасадзе прэм’ер-міністра кіраваў Сыгапурам з таго моманту, як выспа атрымала незалежнасьць у 1959 годзе.

Як адзначае BBC, Лі Куан Ю ператварыў Сынгапур з малюсенькай выспы без прыродных рэсурсаў у квітнеючую эканоміку. Ён пасьпяхова згуртаваў сынгапурцаў для дасягненьня таго, што часта называюць эканамічным цудам, спалучэньня прыватнага і дзяржаўнага капіталізму.

У выніку палітыкі Лі Куан Ю па індэксе эканамічнай свабоды краіна на другім месцы ўжо 15 гадоў, а ВУП на душу насельніцтва складае 51 тысячу даляраў.

Але, захапляючыся яго эканамічнымі посьпехамі, многія выказваюць скепсіс з нагоды таго, што стала пры Лі Куан Ю з правамі чалавека.
Washington Post прысьвяціў былому сынгапурскаму лідэру рэдакцыйны артыкул. Прапануем вам тэкст публікацыі ў скароце.

Лі Куан Ю быў любімым дыктатарам дэмакратычнага сьвету. За паўстагодзьдзя ён здолеў ператварыць свой астраўны горад-дзяржаву з застойнай факторыі каляніяльнай імпэрыі Брытаніі ў адну з самых багатых краінаў у сьвеце. За парадамі да гэтага чалавека зьвярталіся многія амэрыканскія прэзыдэнты і сусьветныя лідэры, якія высока цанілі яго погляды на Кітай, капіталізм і тое, што ён называў азіяцкімі каштоўнасьцямі.

Важнае месца ў шэрагу гэтых каштоўнасьцяў у яго займала вера ў строгую дысцыпліну і непавага да дэмакратыі, якая, паводле Лі Куан Ю, не падыходзіць краінам разьвіцьця. Будучы прэм’ер-міністрам з 1955 па 1990 год, ён стварыў дзяржаўныя адміністрацыйныя органы, якія праславіліся сваёй эфэктыўнасьцю і адсутнасьцю карупцыі, што стала асновай для эканамічнага ўзьлёту Сынгапуру.

З дапамогай незалежнасьці ён адвёў сваю краіну ад Брытаніі, ажыцьцявіў балючы развод з Малайзыяй, уратаваў Сынгапур ад шматлікіх войнаў і ўзрушэньняў ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі і сфармаваў новае грамадзтва з сумесі кітайцаў, малайцаў і індусаў.

Але Лі перасьледваў любога, хто парушаў яго ўяўленьні аб грамадзкім парадку — геяў, журналістаў, апазыцыйных палітычных лідэраў. «Мне часам даводзілася рабіць кепскія рэчы, саджаючы людзей у турму без суду і сьледзтва», — заявіў ён у 2010 годзе New York Times.

Паколькі СМІ ў краіне поўзалі перад уладай, Лі часта нападаў на заходнія сродкі масавай інфармацыі, якім хапала нахабства рабіць намёкі на кумаўство, сямейнасьць і дынастычную палітыку, якія прывялі ў 2004 годзе на пасаду прэм’ера сына Лі, а таксама пісаць і казаць аб прызначэньнях на высокія пасады іншых членаў яго сям’і.

International Herald Tribune, Economist і Bloomberg News былі сярод тых, каму Лі прад’явіў пазовы, прымусіўшы іх заплаціць штрафы і выступіць з абвяржэньнямі сваіх заяваў.

Разам з Пуціным
Разам з Пуціным

Усё гэта не перашкодзіла некалькім пакаленьням амэрыканскіх і эўрапейскіх лідэраў шукаць парады Лі і гучна хваліць гэтага чалавека за яго мудрасьць. Былы дзяржсакратар Генры Кісінджэр казаў, што ніводзін сусьветны лідэр «не навучыў мяне большаму», а былы прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр назваў Лі «самым разумным кіраўніком зь ліку знаёмых мне».

Аднак Лі быў відавочна неразумны ў пытаньнях дэмакратыі ў Азіі. Хоць ён расхвальваў унікальныя азіяцкія каштоўнасьці, нібыта несумяшчальныя зь лібэральнымі нормамі Захаду, Тайвань, Паўднёвая Карэя і Інданэзія сталі дэмакратычнымі краінамі і дамагліся эканамічнага дабрабыту. Зараз сынгапурскаму істэблішмэнту кідае выклік новае пакаленьне, якое прывыкла да свабоды самавыяўленьня ў сацыяльных сетках.

«Гэта іншае пакаленьне, іншае грамадзтва, а таму палітыка таксама будзе іншай, — сказаў у 2013 годзе Washington Post прэм’ер-міністар Сынгапуру (і сын Лі) Лі Сяньлун. — Мы павінны працаваць больш адкрыта».

Сынгапур
Сынгапур

Цытаты Лі Куан Ю

Людзі, пазбаўленыя неўтаймоўнага байцоўскага духу, хай лепш застаюцца дома і вяжуць шкарпэткі. Праца палітыка не для слабакоў. Для яе патрэбны цьвёрдасьць і перакананасьць.

Каб перамагчы карупцыю, пачніце з таго, што пасадзіце трох сваіх сяброў. Вы дакладна ведаеце за што, і яны ведаюць, за што.

У сучасным сьвеце ваша каштоўнасьць вызначаецца вашымі навыкамі і ведамі. Вы можаце быць геніем, але калі вам няма чаго прапанаваць на рынку працы, то чаго вы вартыя?

Нашы людзі ні ў якім разе не павінны былі разьвіць у сабе звычку спадзявацца на чыюсьці дапамогу. Калі мы хацелі мець посьпех, мы павінны былі спадзявацца толькі на саміх сябе

Мяне часта абвінавачваюць у тым, што я ўмешваюся ў прыватнае жыцьцё грамадзянаў. Ды калі б я не рабіў гэтага, мы б не дамагліся таго, чаго мы змаглі дамагчыся на сёньняшні дзень. І я кажу без намёку на шкадаваньне, што мы не дамагліся б такога эканамічнага прагрэсу, калі б я ня ўмешваўся ў асабістыя справы. Хто ваш сусед, як вы жывяце, чаму вы шуміце, як вы плюяце і на якой мове вы кажаце — мы вырашаем, што правільна. Усё роўна, што думаюць людзі.

Мне ўсё роўна, што падумаюць пра мяне маладыя сынгапурцы. Тое, што яны будуць думаць пра мяне пасьля маёй сьмерці, будуць вызначаць дасьледнікі, якія атрымаюць вучоныя ступені за дасьледаваньні пра мяне? Так што будзе працэс перагляду. Як людзі перагледзелі вынікі дзейнасьці Сталіна, Брэжнева, цяпер пераглядаюць вынікі дзейнасьці Ельцына, а калі-небудзь таксама будуць пераглядаць і вынікі дзейнасьці Пуціна. Я жыў дастаткова доўга і ведаю, што цябе могуць ідэалізаваць пры жыцьці і пляжыць пасьля сьмерці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG