Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смаргоні адкрылася выстава «Фарбы і гукі з Залесься» ад унівэрсала Сяргея Верамейчыка ФОТА


Фота Зоі Хруцкай і Натальлі Тур
Фота Зоі Хруцкай і Натальлі Тур

На рашэньне ЮНЭСКА ў шэрагу эўрапейскіх краінаў 2015-ы абвешчаны Годам Міхала Клеафаса Агінскага — сёлета ў верасьні міжнародная грамадзкасьць будзе адзначаць 250-гадовы юбілей выбітнага грамадзкага і палітычнага дзеяча, паўстанца і кампазытара. З гэтай нагоды ў месцах, непасрэдна зьвязаных зь дзейнасьцю неардынарнай асобы, ладзяцца разнастайныя культурніцкія імпрэзы.

Мастак і музыка Сяргей Верамейчык
Мастак і музыка Сяргей Верамейчык

Так, у гісторыка-краязнаўчым музэі Смаргоні распачала працу пэрсанальная выстава мастака, архітэктара-рэстаўратара, музыкі, краязнаўца Сяргея Верамейчыка (W. Rameika Zaleski) пад назвай «Фарбы і гукі з Залесься-2015». Праз графіку выяўляецца партрэт самога аўтара, ягонае беражлівае стаўленьне да гісторыі краю.

Наведнікі выставы
Наведнікі выставы

Як удакладніў Свабодзе спадар Верамейчык, на экспазыцыі сабраныя як працы, што тычацца залескага пэрыяду жыцьця Міхала Клеафаса Агінскага і ягонай сям’і, так і замалёўкі іншых знакавых мясьцінаў рэгіёну:

«Гэта малюнкі за ўвесь той час, які я жыву ў Залесьсі. Паколькі асноўным заняткам я ўсё ж лічу арганізатарскую дзейнасьць — сьвяты, канцэрты, выставы — маляваньне карцінаў заўсёды ішло дзесьці паралельна. Але сябры „прымусілі“ ўсё ўрэшце сабраць, сыстэматызаваць. Таму тут прадстаўлена ня толькі Залесьсе, а і Крэва, Гальшаны, Ашмяны, Жупраны — мясьціны, зьвязаныя з рознымі выбітнымі асобамі. Гэтаксама ёсьць і студэнцкія працы, і тыя, калі я працаваў на аднаўленьні Мірскага замку.

Гэта што тычыцца першай часткі імпрэзы — „фарбы Залесься“. Другая, як і падае афіша, прысьвечаная „гукам Залесься“. Прысутным былі раздадзеныя тэксты песень, прысьвечаных Агінскаму і нашаму мястэчку, я граў паасобку на гітары і флейце, а батлейкавы тэатар „Альтанка“ у гэты час епраносіў гасьцей на баль у залескі маёнтак. Зразумела, што ўся дзея ладзілася пад гербам роду Агінскіх».

У радавым маёнтку Залесьсе на Смаргоншчыне Міхал Клеафас Агінскі правёў два дзясяткі гадоў, гэты пэрыяд небеспадстаўна надываецца адным з самых плённых у ягонай творчай біяграфіі як кампазытара. Лічыцца, што менавіта тут быў створаны знакаміты палянэз «Ля-мінор» («Разьвітаньне з Радзімай»), які прынёс аўтару ўсясьветную славу.

Рэквізыт батлейкі: альтанка ў Залесьсі
Рэквізыт батлейкі: альтанка ў Залесьсі

Напачатку 1990-х Сяргей Верамейчык пераехаў у Залесьсе зь Менску з намерам спрыяць у аднаўленьні багатай духоўнай і матэрыяльнай спадчыны Агінскага. Пакуль у сядзібе адбывалася ня столькі рэстаўрацыя, колькі імітацыя аднаўленьня, спадар Верамейчык займаўся зь вясковымі дзецьмі: у мясцовай школе былі арганізаваныя тэатральная і мастацкая студыі, у напаўразбураным маёнтку ладзіліся паказы спэктакляў і выставы, выпускаліся музычныя альбомы. Паралельна ён працаваў навуковым супрацоўнікам філіі музэю.

Але неўзабаве ад паслугаў вопытнага пэдагога ўлады адмовіліся і за наступнымі этапамі «эўрарамонту», які аўральнымі тэмпамі рапачаўся да юбілею Агінскага, спадар Сяргей назіраў у статусе шараговага жыхара Залесься. Але свайго першачаргвоага пакліканьня не адмаўляўся ніколі.

За дзьве сотні гадоў палацавы комплекс у Залесьсі перажыў этапы, характэрныя для многіх славутых мясьцінаў, — ад пампезнай велічы да глыбокага заняпаду. Фізычна пашкодзілі будынкі дзьве ўсясьветныя вайны, маральна зьнявечылі бальшавікі. Пасьля таго, як у 1939 годзе выдварылі апошніх гаспадароў, паноў Жэброўскіх, у пакоях «кватаравалі» коні і калгасная тэхніка, а ў апошнія гады перад кансэрвацыяй сюды засялілі дом састарэлых. Спробы пачаць аднаўленчыя працы на пачатку 1990-х плёну ня мелі: грошай хапіла на муляжы млына і альтанкі, а фасад узялі ў рыштаваньні, якія празь нейкі час згнілі. У канцы нулявых актывізавацца прымусіў 250-гадовы юбілей Агінскага, празь які ЮНЭСКА абвясьціла 2015-ы годам гэтай неардынарнай асобы.

W. Rameika Zaleski: афіша аўтарскай выставы
W. Rameika Zaleski: афіша аўтарскай выставы

Фота Зоі Хруцкай і Натальлі Тур

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG