Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калінінградзкі ракетны крызіс» можа завяршыцца ўзбраеньнем Украіны ЗША — экспэрты пра «Іскандэры»


«Іскандэры» — гэта сур’ёзны выклік бясьпецы Эўропы, сутыкаецца зь ім Захад не ўпершыню, і ўжо выпрацаваў «таўсьцейшую скуру» і варыянты процідзеяньня.

Разьмяшчэньне ракетных комплексаў «Іскандэр» у Калінінградзе і адпраўка ў Крым ядзерных бамбавікоў у рамках маштабнай агульнарасейскай «праверкі боегатоўнасьці» можа падштурхнуць ЗША да прадастаўленьня Ўкраіне абарончых узбраеньняў, бо менавіта гэта можа быць адзіным варыянтам адказу на эскаляцыю з боку Расеі, за выключэньнем значна больш «правакацыйных крокаў», напрыклад разьмяшчэньне ва Ўсходняй Эўропе стратэгічных бамбавікоў. Пра гэта гаворыцца як у аглядах бягучых падзей ад заходніх экспэртаў, так і ў камэнтарах расейскіх «ястрабаў» на старонках маскоўскай прэсы.

«Сапраўды, Пуцін рыхтуе Кубінскі, а дакладней Усходнепрускі, ракетны крызіс, адпраўляючы ў Калінінград» Іскандэры «. Але ён не плянуе паўтарыць няўдачу Хрушчова. У Захаду ж няма свайго Кэнэдзі... Ну, чаго б Пуцін кідаў „Іскандэры“ ў Калінінград? Акрамя такіх відавочных прычынаў, як навядзеньне ядзернага прыцэла на Варшаву, Бэрлін і Стакгольм?»

Гэта цытата з Twitter амэрыканскага экспэрта па бясьпецы і вызьведцы Джона Шындлера. Усхвалявала яго інфармацыя аб тым, што ў рамках расейскай «праверкі боегатоўнасьці» на стратэгічна важны расейскі пляцдарм у цэнтры Эўропы адпраўляюцца ўнікальныя расейскія ракетныя комплексы, здольныя несьці ядзерныя зарады, і прызначаныя для паразы мэтаў у глыбіні разьмяшчэньня войскаў праціўніка.

Занепакоены голас Шындлера пакуль адзін зь нямногіх на Захадзе. І пытаньне тут ня ў нейкай няздольнасьці бачыць пагрозу ці млявасьці рэакцыяў. Рэакцыя ёсьць. Напрыклад, у Польшчы ўжо ў гэтым месяцы пройдуць сумесныя з ЗША ваенныя вучэньні з выкарыстаньнем ракетных сыстэмаў «Патрыёт». Ужо сёньня іх можна было ўбачыць у Польшчы. У рамках вучэньняў НАТО Atlantic Resolve плянуюцца і іншыя мерапрыемствы.

«Іскандэры» — гэта сапраўды сур’ёзны выклік бясьпецы Эўропы, проста сутыкаецца зь ім Захад не ўпершыню, і ўжо выпрацаваў і «таўсьцейшую скуру», і варыянты процідзеяньня. У сьнежні 2014-га «Іскандэры» ўжо адпраўлялі ў Калінінград, і потым забралі адтуль, падчас ваенных вучэньняў — паведамляў Business Insider.

Менавіта «Іскандэры» апынуліся ў цэнтры міжнароднага пярэпалаху ў 2008 годзе, калі тагачасны прэзыдэнт Расеі, а цяпер прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў паабяцаў адправіць «Іскандэры» ў Калінінград у адказ на плян ЗША разгарнуць у Польшчы і Чэхіі сыстэмы перахопу балістычных ракет (BSDM). Тады ў Расеі вырашылі, што мэтамі амэрыканскай сыстэмы ў Эўропе стануць не верагодныя ракеты з Ірана, а сама Расейская Фэдэрацыя.

Сутнасьць місіі «Іскандэраў» у Эўропе тады добра расьпісаў рэдактар сайта амэрыканскага аналітычнага цэнтра «Атлянтычны савет» Ніл Лесьлі ў артыкуле з красамоўнай назвай «Калінінградзкая ракетны крызіс». Некаторыя зь яго аргумэнтаў актуальныя і празь 7 гадоў.

На думку аўтара, Расея асьцерагаецца перавагі НАТО ў звычайным узбраеньні, а таму імкнецца любой цаной захаваць магчымасьць нанесьці першы ўдар у выпадку канфлікту. У гэтай сытуацыі «Іскандэры», якія запускаюць зь перасоўных плятформаў, рухаюцца нізка над зямлёй з высокай хуткасьцю, манэўруюць і адстрэльваюць фальшывыя мэты, здольныя пазьбегнуць супрацьракетных сыстэмаў у той жа Польшчы і дакладна паразіць мэты, якімі могуць быць і групы войскаў і сыстэмы перахопу балістычных ракет ЗША ў зоне дзеяньняў «Іскандэраў» (для розных мадыфікацый гэта ад 400 да 1000 км — паводле інфармацыі СМІ — рэд.).

Такой сытуацыя бачылася ў 2008-м. У 2015 годзе ў Расеі перад «Іскандэрамі» ўжо ставяць радыкальна іншыя задачы. На днях у расейскім выданьні «Взгляд» напісалі шырокі матэрыял з пасылам: «Іскандэры» — гэта «шах і мат» ад Расеі ўсёй сыстэме бясьпекі НАТО і ключ да перамогі ў магчымай вайне ў Эўропе».

„Іскандэр“ — „ідэальны забойца“ менавіта такіх сыстэмаў, якія ЗША і НАТО спрабуюць разьмясьціць на новым тэатры ваенных дзеяньняў. Ні амэрыканскія „Патрыёт“, ні іх французскія аналягі ня здольныя самастойна адбіць атаку на сябе крылатымі ракетамі сярэдняй далёкасьці. Разьмяшчэньне ў Калінінградзе „Іскандэраў“ ператварае шырока разрэклямаваную сыстэму ПРА ў мішэнь», — прадчувае аўтар.

Дадае, «Іскандэры» могуць мець і іншае прымяненьне: у выпадку неабходнасьці, на іх будзе ўскладзеная місія зьнішчыць ваенныя аэрадромы НАТО для забесьпячэньня дамінаваньня Расеі ў паветры над Балтыкай і Скандынавіяй і забясьпечыць перадумовы для перамогі Расеі над НАТО ў выпадку сутыкненьня ў Эўропе.​

«Калі коратка, лічыцца, што пры сутыкненьні ў Эўропе паміж Расеяй і НАТО — галоўным для перамогі будзе пытаньне часу: наколькі хутка зможа паступіць у Эўропу (калі зможа) падмацаваньне з Паўночнай Амэрыкі (ЗША і Канады). Адзіным спосабам дастаўкі вялікіх мас жывой сілы і тэхнікі былі і застаюцца ваенна-марскія канвоі. Расея павінна паставіць пад кантроль прастору Паўночнай Атлянтыкі. А дасягнуць гэтага можна правядзеньнем комплекснай дэсантнай апэрацыі ў паўночнай Нарвэгіі з затапленьнем аэрадромаў НАТО, уключна з ключавым — ісьляндзкім Кефлавікам. Кантроль над ім забясьпечыць ВПС Расеі кантроль над усёй Атлянтыкай да Азорскіх астравоў — крайняй паўднёвай кропкай маршрутаў патэнцыйных канвояў. Тым самым, пытаньне зьнішчэньня гэтых канвояў стане тэхнічным, а пра паўночны маршрут можна будзе забыцца, бо перакіданьне да паўночнай Нарвэгіі і Ісьляндыі расейскага спэцназа і ВПС парушыць увесь балянс сілаў на эўрапейскім тэатры ваенных дзеяньняў у цэлым », — разьвівае думку аб непераможнасьці расейскай арміі «Взгляд».

Сытуацыя, вядома, не такая, як яе малююць у «Взгляде». Ужо згаданы артыкул Ніла Лесьлі адзначае: яшчэ ў 2008-м ЗША былі здольныя ў пэўнай меры засьцерагчы свае аб’екты ў Эўропе ад удараў «Іскандэраў». Гэтую ролю маглі ўзяць на сябе перахопнікі «Патрыёт» і сыстэмы марскога базаваньня Aegis.

«Нягледзячы на тое, што» Іскандэры " — гэта наступальная зброя здольная нанесьці ўдар па мэтах супрацьракетнай абароны ў Чэхіі і Польшчы, гэта не азначае, што сыстэма абароны ад балістычных ракет ЗША была б «нэўтралізаваная », як сьцьвярджаў Мядзьведзеў. Акрамя таго, разьмяшчэньне «Іскандэраў» само па сабе не павялічвае верагоднасьць папераджальнага ўдару з боку Расеі. Такі напад атрымаў бы неадкладны і вырашальны адпор з боку НАТО, чаго Крэмль спрабуе пазьбягаць і далей. Таму ваенная стратэгія ня зьменіцца фундамэнтальна нават пасьля разьмяшчэньня «Іскандэраў» у Калінінградзе «, — пісаў экспэрт.

Некаторыя зь яго аргумэнтаў, вядома ж, не ўспрымаюцца ў 2015 годзе, калі расейская сіла значна ўзрасла ў якасным пляне, а агрэсіўнасьць даказаная і падзеямі на ўсходзе Ўкраіны і сэрыяй магутных ваенных вучэньняў, якія, сярод іншага, паказалі здольнасьць Расеі хутка мабілізаваць значныя тэхнічныя і чалавечыя рэсурсы, чым да гэтага часу падчас вучэньняў змаглі мабілізаваць у НАТО.

Менавіта гэтая агрэсія і пагрозы перамяшчэньня «Іскандэраў» да Калінінграда і бамбавікоў Ту-22МЗ у Крым, яшчэ ў студзені падштурхнулі кангрэсмэнаў-рэспубліканцаў Майка Роджэрса і Майка Тэрнэра зьвярнуцца ў Дзярждэп і Мінабароны ЗША з заклікам разгледзець адпраўку ва Ўсходнюю Эўропу бамбавікоў падвойнага прызначэньня, здольных несьці ядзерныя бомбы B-61. Заканадаўцы таксама заклікалі разгледзець будаўніцтва ва Ўсходняй Эўропе базаў захоўваньня такіх атамных бомбаў. Цяпер ЗША ад 160 да 200 B61 на аэрадромах у Нямеччыне, Бэльгіі, Галяндыі, Італіі і Турцыі.

Гэты варыянт адказу — на магчымыя расейскія апэтыты (гл. сцэнар ад «Взгляда» — заўв.) і цалкам рэальную дэманстрацыю сілы — не адзіны. Тым больш, што ядзерныя бамбавікі ЗША ва Ўсходняй Эўропе знаходзіліся б у зоне паражэньня тых жа «Іскандэраў» і супярэчылі б заяве НАТО ад 1997 году аб адсутнасьці пляна разьмяшчаць ядзерную зброю на тэрыторыі новых чальцоў.

Былы амбасадар ЗША ва Ўкраіне, экспэрт аналітычнага цэнтра «Інстытут Брукінгса» ў Вашынгтоне, Стывен Пайфэр у пачатку лютага заявіў — лепшы адказ на расейскую ядзерную зброю ў Крыме, гэта ўзбраеньне Ўкраіны.

«ЗША павінны даць украінскай арміі значную ваенную дапамогу, уключна з ахоўным узбраеньнем, і зрабіць гэта трэба неадкладна.... Кангрэс мусіць падтрымаць магутную прысутнасьць ЗША ва Ўсходняй Эўропе... забясьпечыць фінансаваньне адпраўкі танкаў „Абрамс“ і баявых машынаў „Брэдлі“ у Эўропу і патрабаваць у адміністрацыі Абамы ўзмацніць звычайныя магутнасьці ЗША ў Эўропе. Кангрэс павінен даць грошы для пастаяннага знаходжаньня падразьдзяленьняў арміі ЗША ў краінах Балтыі. Нарэшце чальцы Кангрэсу павінны патрабаваць у сваіх эўрапейскіх калегаў па Парлямэнцкай асамблеі НАТО, каб у Эўропе адэкватна фінансавалі сілы хуткага рэагаваньня НАТО і ставілі сваіх ваенных бок аб бок з амэрыканцамі. Агрэсія Расеі супраць Украіны патрабуе моцнага адказу Захаду. Але ілжывым было б ставіць ядзерныя сілы ЗША пад удар і ствараць умовы для расколу ў НАТО. Так што мае сэнс займацца ўзмацненьнем няядзерных сілаў ЗША ва Ўсходняй Эўропе », — заклікаў тады Пайфэр.

Відавочна, што ў сьвятле апошніх гульняў Расеі ў Крыме і Калінінградзе прапанаваны Пайфэрам варыянт адказу можа і прыцягнуць увагу Белага дома, тым больш, калі «Іскандэры» пасьля вучэньняў застануцца ў Калінінградзе, а бамбавікі — у Крыме.

Зрэшты, ня трэба спадзявацца, што ўзмацненьне «звычайных» сілаў НАТО ва Ўсходняй Эўропе і ў Расеі не назавуць правакацыяй і адрэагуюць цалкам непрадказальна.

Голас Амэрыкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG