Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Веснавое абвастрэньне: міліцыя зноў пачала паляваньне на журналістаў


Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

У абласных цэнтрах Беларусі павыклікалі ў міліцыю адразу некалькі журналістаў.

Гарадзенцы Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч атрымалі позвы і ўжо наведалі Ленінскае РАУС. І х абвінавачваюць у парушэньні артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях — «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». З журналістаў бралі тлумачэньні наконт іх працы на тэлеканал «Белсат». Пакуль праводзіцца праверка.

А на берасьцейца Алеся Ляўчука 17 сакавіка ўжо склалі пратакол за парушэньне таго ж артыкула 22.9 ч.2 КаАП.

Яшчэ аднаго гарадзенца, Андрэя Мялешку, спрабавалі выклікаць «на гутарку» праз тэлефон, але журналіст адмовіўся ісьці ў міліцыю без афіцыйнай позвы.

Андрэя Мялешку цягам 2014 году штрафавалі тройчы: на 30, 35 і 40 базавых — агулам на 105. Андрэй Дзянісаў быў аштрафаваны на 30 базавых, Алесь Ляўчук — на 40 базавых, у Алеся Кіркевіча ёсьць папярэджаньне паводле гэтага ж артыкула.

Хоць фармулёўка артыкула 22.9, частка 2 — «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ», фактычна журналістаў штрафуюць за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ

Юрыст, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец такім чынам пракамэнтаваў сытуацыю:

Па-першае, гэтыя штрафы парушаюць у першую чаргу беларускае нацыянальнае заканадаўства, бо няма ў Кодэксе аб адміністрацыйных парушэньнях артыкула, які дазваляў бы прыцягнуць журналіста да адказнасьці нават за супрацу з замежнымі мэдыям

«Па-першае, гэтыя штрафы парушаюць у першую чаргу беларускае нацыянальнае заканадаўства, бо няма ў Кодэксе аб адміністрацыйных парушэньнях артыкула, які дазваляў бы прыцягнуць журналіста да адказнасьці нават за супрацу з замежнымі мэдыямі. Бо той артыкул, які прымяняецца — „незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ“, — проста прыцягнуты за вушы.

Па-другое, судовыя пастановы ў дачыненьні да журналістаў парушаюць і міжнародныя абавязаньні Рэспублікі Беларусь, і Канстытуцыю краіны, дзе замацаванае права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю. Прычым у артыкуле 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах наўпрост запісана, што „незалежна ад дзяржаўнай мяжы“. І Беларусь гэты пакт падпісала.

Пакуль усе спробы абскардзіць судовыя пастановы аб штрафах былі скасаваныя на ўзроўні вобласьці. Але мы будзем спрабаваць рухацца далей — абскарджваць у Вярхоўным судзе».

У 2014 годзе беларускіх незалежных журналістаў паводле артыкула 22.9 штрафавалі 10 разоў, з пачатку 2015 году — ужо 4 разы. За іх кошт бюджэт краіны папоўніўся агулам на 75,5 мільёна рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG