Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 словаў, або Мініятуры штодзённасьці


Ян Максімюк
Ян Максімюк

Сьцісласьць як неабходнасьць

Перш чым прыйсьці ў беларускую рэдакцыю Свабоды, я 10 гадоў адпрацаваў у «амэрыканскай» – у аналітычным аддзеле мы выдавалі інтэрнэтны бюлетэнь «Newsline» па-ангельску. Мне штодня трэба было напісаць некалькі паведамленьняў пра найважнейшыя падзеі ў маім рэгіёне – Беларусі, Украіне і Польшчы. Аб’ём кожнага паведамленьня – ня больш чым 150 словаў.

Я заўсёды захапляўся працай рэдактарак нашага бюлетэню, Ліз і Джан, якія бязьлітасна рэдукавалі нават 180 словаў сырога паведамленьня да 150, нічога не губляючы зь яго сэнсу.

Гэты дзесяцігадовы досьвед самаабмежаваньня і сьцісласьці мне спатрэбіўся пры рэдагаваньні рубрыкі «100 словаў», якое выпала ўжо на маю долю.

Сьцісласьць як вартасьць

Ідэю «сьціслай рубрыкі», якая ажыцьцявілася ў выглядзе «100 словаў», мы ў рэдакцыі абмяркоўвалі некалькі разоў. Існавала больш-менш агульнае перакананьне, што варта знайсьці месца на сайце для кароткіх запісаў-«пстрычак», у якіх журналісты маглі б «адвесьці душу», час ад часу напісаўшы на тэму, не зьвязаную з нашым штодзённым палітычна-эканамічна-сацыяльным мэню. Гэта значыць, пра нешта больш прыватнае, што ў першую чаргу складае эсэнцыю адзінкавага жыцьця, але, тым ня менш, можа быць цікавае для іншых.

Я запрапанаваў, каб абмежавацца 100 словамі. І напісаў некалькі «пстрычак» на спробу. Рубрыка рушыла. Яна крыху нагадвае энцыкляпэдыю. Толькі што без альфабэтнага ключа.

Тэмы «вялікія» і «малыя»

Ня ўсе допісы ў рубрыку, якія мы атрымліваем, «дастаткова прыватныя». Шмат хто спрабуе ўзяць «грамадзка важную» тэму і аднесьціся да яе. Гэта ня тое, як на мой густ. Мы чакаем нечага наўмысна «малога», асабістага, мясцовага, або і публічнага, але не вядомага для шырэйшай беларускай публікі.

Каб гарантаваць рубрыцы рэгулярны выхад, мы сталі адмыслова замаўляць тэксты ў аўтараў зь Беларусі. Усім нашым патэнцыйным аўтарам кажам і паўтараем – пішыце толькі пра сваё! Пра «малое і прыватнае». Пра не сваё, «вялікае і казённае», напішуць за вас журналісты.

100 словаў – гэта верхняя мяжа. Можа быць і 50. Наш рэкорд – 21 слова.

Карцінкі

Без карцінак сягоньня няма жыцьця.

Кожны новы тэкст рубрыкі ілюструецца жывапісам ХІХ стагодзьдзя або ранейшым (такім чынам мы пазьбягаем праблемы аўтарскіх правоў на публікацыю). Зразумела, што да тэкстаў, напісаных у ХХІ стагодзьдзі, цяжка падшукаць ілюстрацыю з ХІХ ці ранейшага стагодзьдзя. Таму часам зьмяшчаем нейкі сучасны здымак. Але вельмі рэдка.

Працоўны дзень цяпер пачынаецца для мяне з канцэптуальнага пошуку карцінкі для сьвежых «100 словаў». Наогул я гатовы растлумачыць падборку КОЖНАЙ карцінкі ў рубрыцы «100 словаў».

А так увогуле, на карцінкі ў рубрыцы можна глянуць як на праект паралельны да тэкставага. Прыгадваем карціны вядомых мастакоў і паказваем невядомых. Тым ня менш...

Дзікенс і пісталет жорсткага крытыка

...растлумачу rationale ілюстрацыі да тэксту Адама Глёбуса «Крытык зь пісталетам». Карцінка выклікала зьбянтэжанасьць у некаторых чытачоў, і я адчуваю нейкую адказнасьць за гэта. Таму крыху апраўдаюся.

Ну, не знайшоў я добрай ілюстрацыі ні з жорсткім літаратурным крытыкам, ні зь пісталетам, каб наўпрост суаднесьці яе з тэкстам Адама Глобуса. Але мне кінулася ў вочы акварэль Робэрта Баса «Сон Дзікенса». Eureka! Дзікенс быў пісьменьнікам, якога «дзіка» любілі чытачы, а сучасныя пісьменьніку крытыкі разносілі яго ў пух за стылістычную сэнтымэнтальнасьць, сюжэтную сэнсацыйнасьць і недахоп псыхалягізму. Не зусім каб адвольная асацыяцыя акварэлі з тэкстам пра літаратурнага крытыка, праўда?

Што далей?

Магчыма, з тэкстаў рубрыкі «100 словаў» паўстане кніжка ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Я, пакуль, стаўлюся да гэтага намеру, так сказаць, з асьцярожным аптымізмам. Перадумовы ёсьць (назьбіралася ўжо ладная колькасьць прыстойных тэкстаў), але каб вырашыць канчаткова пра кніжку, трэба дацягнуць гэты праект прынамсі да канца гэтага году.

Калі б нам – журналістам Свабоды і нашым чытачам – удалося зрабіць кніжку, складзеную з такіх мініятураў беларускай (і іншай) штодзённасьці, гэта было б дасягненьнем параўнальным са «Слоўнікам Свабоды», які 15 гадоў таму ствараўся падобнай аўтарскай талакою.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG