Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што пакуль ня пішуць беларусы


У сучаснай беларускай літаратуры сваё жыцьцё і непаўторнае аблічча, яна жанрава разнастайная і багатая тэматычна. Аднак ёсьць кнігі, аналягаў якіх у Беларусі пакуль няма — іх даводзіцца імпартаваць, хоць можна было б «вырабляць» самім, карыстаючыся мясцовым матэрыялам.

Павел Абрамовіч абраў тры замежныя кнігі з тых, якіх бракуе ў нашай літаратурна-мастацкай і публіцыстычнай прасторы.

1. «Тыгр» Джона Вэйланта

Хто аўтар? Канадзкі журналіст, які піша пра праблемы абароны дзікіх жывёлаў.

Аб чым кніга? «Тыгр», па дакладным вызначэньні часопіса Nature — гэта «прыродаахоўны трылер». Джон Вэйлант распавядае гісторыю, што адбылася напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя: разьюшаны амурскі тыгр у неверагоднай глушы, на ўскрайку пасёлка Сабаліны (Далёкі Ўсход), палюе на людзей. Што прымусіла зьвера паспытаць чалавечага мяса і тым самым перайсьці нябачную, асьвечаную эвалюцыяй мяжу? Каманда спэцыялістаў з інспэкцыі «Тыгр» у моцныя маразы спрабуе зразумець прычыну паводзінаў людажэра і спыніць яго. Халадэча нішто ў параўнаньні са страхам: ты на сэкунд пяць-дзесяць зірнуў сабе пад ногі, каб «прачытаць» сьляды тыгра, а ўзьняўшы вочы, ужо бачыш яго прама перад сабой. 250-кіляграмовы кароль сьнежных джунгляў рухаецца хутка і незаўважна, да таго ж людажэр разумнейшы і небясьпечнейшы, чым «звычайны» тыгр. А цяпер, чалавек, паспрабуй узьняць зброю — ці пасьпее твая куля?

Хоць кніга чытаецца як дэтэктыўны трылер, тут няма аніякіх прыдумак, спрэс адны факты, імёны, даты; з фотаздымкаў на нас глядзяць рускія прыродаахоўнікі, падобныя на герояў Клінта Іствуда; іх ціхія, нетаропкія галасы «гучаць» у кнізе. Гэта той выпадак, калі жыцьцё цікавейшае за самую багатую фантазію — толькі пасьпявай занатоўваць. Прыкладам, вы ведаеце, чаму амурскага тыгра браканьеры клічуць «таётай»? Таму што прадаўшы яго скуру, мяса, косьці, кіпцюры і вусы на чорным рынку, можна адразу набыць сабе японскае аўто.

Гісторыя пра зьвера-людажэра спалучаецца з аповедам пра амурскага тыгра як біялягічны від — напрыканцы кнігі ідуць 11 старонак бібліяграфіі. Вэйлант дасьледуе ўзаемаадносіны чалавека з гэтым драпежнікам і аднаўляе фон: вось Прымор’е скараецца казакам, вось савецкія пасёлкі ўзводзяцца каля канцэнтрацыйных лягераў, вось лясістая мяжа сучаснай Расеі абрываецца — далей Кітай, ніводнага дрэўца, усё панішчана...

Вы ведаеце, чаму амурскага тыгра браканьеры клічуць «таётай»? Таму што прадаўшы яго скуру, мяса, косьці, кіпцюры і вусы на чорным рынку, можна адразу набыць сабе японскае аўто

Чаму падобная кніга патрэбна беларусам? 40% плошчы нашай краіны займаюць лясы, у якіх можна сустрэць мноства зьвяроў, у тым ліку драпежных. Гісторыі пра лес і ягоных насельнікаў выклікаюць вялікую цікавасьць у беларускіх чытачоў розных узростаў і сацыяльных групаў, літаральна яднаюць нацыю. Але, як ні дзіўна, у Беларусі назіраецца востры дэфіцыт мастацкіх і навукова-папулярных кніг, дзе б цікава і грунтоўна распавядалася, прыкладам, пра жыцьцё ваўчынай зграі ці бурых мядзьведзяў. Ня кажучы ўжо пра кнігі, дзе жыцьцё жывёлы сплеценае зь лёсам цэлай краіны, як у «Тыгры». А «прыродаахоўныя трылеры» —дакумэнтальныя сьведчаньні велічы прыродных багацьцяў і неабходнасьці іх абароны — у нас наагул адсутнічаюць. Быццам няма ў краіне ні рэдкіх відаў жывёл, ні жорсткіх сутычак лесьнікоў з браканьерамі, ні скандалаў у запаведніках.

Акром іншага, беларускае дасьледаваньне накшталт працы Вэйланта прыцягнула б увагу замежнага выдаўца і чытача, захопленых цяпер усім «экалягічным».

2. «Сябрына Жульеты» Сашы Грэй

Хто аўтар? Былая амэрыканская порнаакторка, якая зьнялася ў 300 adult-стужках; цяпер кіназорка, сьпявачка і ды-джэй.

Аб чым кніга? «Сябрына Жульеты» — літаратурны твор для дарослых, напісаны, заўважце, не якойсьці студэнткай з філфаку, а дасьведчаным чалавекам, спэцыялістам у галіне. Галоўная гераіня кнігі — звычайная дзяўчына Кэтрын. Яна вывучае ў каледжы мастацтва кіно, але прыдуманая іншымі «фабрыка мрояў» не задавальняе яе — Кэтрын хоча знайсьці рэальнае месца, дзе б спраўдзіліся яе ўласныя мары, прычым самыя патаемныя. Жаданьні дзяўчыны спрэс эратычныя, але галоўнае, яна прагне належаць да ліку абраных, уплывовых людзей.

Нарэшце Кэтрын даведваецца пра «Сябрыну Жульеты» — патаемны клюб палітыкаў, банкіраў, алігархаў, мэдыямагнатаў. У гэтым месцы ўладары пярсьцёнкаў нашага сьвету адпачываюць ад будзённых спраў і клопатаў. Кэтрын дае вычарпальную характарыстыку чальцам клюбу: «... усе як адзін прафэсійныя трахальшчыкі. Яны будуць трахаць вас, каб паказаць сваё першынство над вамі. Яны будуць рабіць гэта, каб узьняцца да вышыняў сацыяльнай лесьвіцы. Яны будуць трахаць вас, каб пазбавіць вас грошай, свабоды і часу. Яны будуць і далей трахаць вас — да таго моманту, пакуль вас не закапаюць на глыбіню ў шэсьць футаў, дый і потым таксама».

Чаму падобная кніга патрэбна беларусам? У сучаснай беларускай літаратуры ня тое што парнаграфічных, нават эратычных раманаў нямашака. Ні на паперы, ні ў інтэрнэце. Але і любошчы, і сэкс, і адпаведныя інтэрнэт-сайты, і прастытуткі, і порнастудыі, і сэкс-турызм, і вычварэнцы розных гатункаў, і зачыненыя для «чужых» мужчынскія клюбы — усё ў Беларусі насамрэч ёсьць. І раман Сашы Грэй можна набыць у нашай краіне. Не стае толькі сьмеласьці і разьняволенасьці казаць аб гэтым услых. Быццам усё тое адбываецца ў нейкай іншай Беларусі, у паралельным вымярэньні і ня з намі.

Многія з нас трымцяць перад уладаю, баяцца і прагнуць яе адначасова; мы і ўлада — гэта самы яскравы эратычны/парнаграфічны сон нацыі

Так быць не павінна — кожны псыхоляг пацьвердзіць, што маўчаць пра сэкс і патаемныя жаданьні (на ўзроўні асобы ці цэлага грамадзтва) небясьпечна, можа дах зьнесьці. А літаратура якраз — сродак такога прагаворваньня ўслых, вельмі неабходнага для здароўя, паўнавартаснага жыцьця: homo sum, humani nihil a me alienum puto. Але беларускія пісьменьнікі зацята маўчаць, абыходзяць гэту тэрыторыю стараною — ізноў наша літаратура адстае ад рэчаіснасьці!

Між іншым, кніга Сашы Грэй мае падвойнае дно. Першае — раман для дарослых, другое — аповед пра сутнасьць улады і амаль фізычнае ўзбуджэньне ад яе. Так, улада — найвялікшы з афрадызіякаў, і гэта пацьвердзіць любы чалавек, надзелены рэгаліямі, пачынаючы ад сантэхніка — чалавека маленькага, але таксама «прафэсійнага трахальшчыка».

Простым беларусам, зь якімі начальства на працы і чыноўніцтва робіць, што хоча, як у «Камасутры», асаблівых тлумачэньняў тут даваць ня трэба. Многія з нас трымцяць перад уладаю, баяцца і прагнуць яе адначасова; мы і ўлада — гэта самы яскравы эратычны/парнаграфічны сон нацыі. Таленавіты, дасьведчаны беларускі пісьменьнік мог бы выцягнуць гэтую праблему на сьвятло, надаўшы ёй з камэрцыйнага разьліку лёгкую абалонку, як зрабіла Грэй. І тое быў бы ня проста кніжны adult-бэстсэлер. А фактычна драпежная расьліна нэпэнтэс — яркі выгляд, салодкі нэктар, але накрыўка захлопваецца, і знутры толькі цемра, толькі жах.

3. Сэрыя кніг «Жывая гісторыя. Паўсядзённае жыцьцё чалавецтва»

Хто аўтар? Гісторыкі, культуролягі, пісьменьнікі з розных краінаў сьвету, найбольш з Эўропы і ЗША.

Аб чым кнігі? З 2000-га году расейскае выдавецтва «Маладая гвардыя» выдала звыш 100 кніг у гэтай сэрыі, пераважна ў перакладзе, прысьвечаных матэрыяльна-духоўнаму жыцьцю той ці іншай краіны/грамадзтва (і нават асобнага гэндэру, сацыяльнай групы, прафэсіі і г.д.) на пэўным этапе разьвіцьця. Жыцьцё паляўнічых на мамантаў, Арабія за часам царыцы Саўскай, эгіпцяне за часам фараонаў, рымскія патрыцыі ў эпоху разбурэньня Карфагену, жыцьцё ўсходняга гарэму, трубадуры у XII–XIII стагодзьдзях, ацтэкі напярэдадні гішпанскіх заваёўваньняў, жыцьцё ў замках Люары ў пэрыяд Адраджэньня, каліфарнійцы за часам залатой ліхаманкі, жыцьцё Бэрліну пры Гітлеры і гэтак далей, ажно да нашых часоў.

Што важна, усе кнігі — дасьледаваньні найвядомых у навуковым сьвеце дасьледчыкаў, а галоўнае слова ў загалоўках выданьняў — «паўсядзённае жыцьцё». Нягледзячы на акадэмічныя каноны, выданьні з гэтай сэрыі яднае лёгкі, эсэістычны стыль выкладаньня прадмету, неперагружанасьць навуковай тэрміналёгіяй.

Патрэбныя вялікія зрухі ў галовах аўтараў-навукоўцаў (і саміх чытачоў!), каб гісторыя Беларусі сапраўды стала «жывой»

Чаму падобныя кнігі патрэбныя беларусам? Беларускія падручнікі па гісторыі з часоў Лаўрэнція Абэцэдарскага — гэта, так бы мовіць, гісторыя ваенных перамогаў і паразаў. Перасоўваньне арміяў, лініі франтоў, прозьвішчы военачальнікаў і вышэйшых афіцэраў, назвы населеных пунктаў, колькасьць страчаных забітымі ці захопленых у палон, «рыцарская атака ішла клінам, ці сьвіньнёй». Спрэс сьцяжкі і стрэлкі на штабных мапах!

І толькі некалькі кароценькіх абзацаў — недарэчных у гэтых кнігах вайсковай славы! — пра тое, як жылі нашы продкі, як апраналіся, як адзначалі свае сьвяты, бавілі вольны час і інш. Але падаваўся толькі агульны малюнак, без дэталяў — відавочна, каб падкрэсьліць аддаленасьць тых часоў, немагчымасьць навесьці масты між эпохамі, адчуць тоеснасьць і роднасьць з суайчыньнікамі. Зьмяняліся эпохі, і пакрысе нашы сапраўдныя гісторыкі вярталі зь небыцьця тыя найкаштоўныя зьвесткі пра матэрыяльную i духоўную культуру беларусаў, рабілі яе прадметам асобнага вывучэньня — дасюль памятаю, якое моцнае ўражаньне зрабіла на мяне кніга Адама Мальдзіса «Шляхецкая культура Беларусі (ХVII—ХІХ стст.)». Аднак вось ужо ідзе пятнаццаты год новага тысячагодзьдзя, а ў Беларусі па-ранейшаму па пальцах можна пералічыць падобныя дасьледаваньні. Па-ранейшаму патрэбныя вялікія зрухі ў галовах аўтараў-навукоўцаў (і саміх чытачоў!), каб гісторыя Беларусі сапраўды стала «жывой».

А пакуль толькі ўявіце сабе ня проста асобныя разрозьненыя выданьні, а вялікія тэматычныя сэрыі кніг вось з такімі назвамі: «Паўсядзённае жыцьцё беларускіх дойлідаў», «Паўсядзённае жыцьцё беларускіх бортнікаў», «Паўсядзённае жыцьцё шляхцянак Вялікага княства Літоўскага за часам Боны Сфорцы», «Паўсядзённае жыцьцё майстраў слуцкіх паясоў», «Паўсядзённае жыцьцё войска Канстанціна Астрожскага», «Паўсядзённае жыцьцё лясьнічых Радзівілаў», «Паўсядзённае жыцьцё ўніятаў напярэдадні падзелу Рэчы Паспалітай», «Паўсядзённае жыцьцё менчукоў за часам Першай сусьветнай вайны» і г.д.

Падобна Максіму Гарэцкаму, «я не раблю заказ, а думкамі супакойваю сябе ў жаданьні найпатрэбнейшага». Надыдуць і ў Беларусі часы сапраўднага кніжнага імпартазамяшчэньня, зьявяцца і ў нас «жывыя» гістарычныя дасьледаваньні, прыродаахоўныя трылеры, парнаграфічныя раманы дый яшчэ шмат чаго, каб у нацыянальнай літаратуры больш не засталося розных лакунаў, terra incognita, табу. Галоўная ўмова, канешне —свабодны камэрцыйны рынак у Беларусі, але і жаданьне піць ваду са сваіх крыніц, шукаць новыя шляхі і тэмы для кніг таксама.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG