Забойства Барыса Нямцова сплянавалі і ажыцьцявілі два байцы чачэнскага спэцбатальёна «Поўнач» — Заур Дадаеў і Беслан Шаванаў. Замоўнікаў гэтага забойства нібыта не было наагул, — паведамляе агенцтва «Росбалт» са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах Расеі.
«Вывучаючы доказы, якія цяпер ёсьць у справе, паказаньні сьведак і асноўнага абвінавачанага, можна зрабіць адназначную выснову: забойства Нямцова зьяўлялася асабістай ініцыятывай Дадаева і Шаванава. У іх не было ніякіх іншых „замоўнікаў“», — распавяла крыніца «Росбалта» ў праваахоўных органах.
Паводле яе слоў, афіцыйна яшчэ адпрацоўваецца вэрсія, што байцы «Поўначы», магчыма, пайшлі на злачынства па чыёйсьці просьбе. Аднак «ніякіх аб’ектыўных пацьверджаньняў яна не знаходзіць».
Вывучаецца ўсё кола зносін Дадаева і Шаванава, уключаючы ўраджэнцаў Чачні, якія пражываюць цяпер за мяжой.
«Вывучаецца ўсё кола зносін Дадаева і Шаванава, уключаючы ўраджэнцаў Чачні, якія пражываюць цяпер за мяжой. Але ўсё сыходзіцца да таго, што яны ўсё сплянавалі ўдваіх», — адзначыў суразмоўца агенцтва.
На думку сьледчых, пасьля таго як Дадаеў і Шаванаў звольніліся з батальёна «Поўнач», мужчыны шмат часу праводзілі «у размовах на рэлігійныя тэмы». Нібыта пасьля расстрэлу рэдакцыі францускага часопіса Charlie Hebdo Дадаеў і Шаванаў абураліся, што асобныя расейскія грамадзкія дзеячы, у тым ліку Барыс Нямцоў, «выступалі ў падтрымку загінулых, а таксама выказваліся за неабходнасьць зьяўленьня падобных малюнкаў і ў далейшым». Былыя байцы «Поўначы» вырашылі пакараць «якога-небудзь з гэтых дзеячаў», а кандыдатуру Нямцова яны выбралі, «паколькі ён і раней, як лічылі Дадаеў і Шаванаў, нэгатыўна выказваўся на адрас мусульман».
У сваю чаргу газэта «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы, блізкія да сьледзтва, піша, што, паводле папярэдніх зьвестак, «удзельнікі змовы вырашылі забіць Барыса Нямцова, што называецца, па сукупнасьці яго дзеяньняў». Нібыта яны лічылі, што, выступаючы ў СМІ і ў сваіх блогах, апазыцыйны палітык «дапускаў нэгатыўныя выказваньні на адрас кіраўніцтва Расеі і Чачні, а падтрымаўшы пасьля расстрэлу ў Парыжы супрацоўнікаў часопіса Charlie Hebdo публікацыю карыкатур з выявай прарока Мухамэда, абразіў і ўвесь іслам». Паводле інфармацыі крыніц «Коммерсанта», не апошнюю ролю ў справе аб забойстве магла адыграць і падтрымка Нямцовым дзеяньняў уладаў Украіны ў Данбасе, тым больш што многія былыя чачэнскія сілавікі ваявалі на баку прарасейскіх сэпаратыстаў.
Акрамя таго, паводле дадзеных «Коммерсанта», сьледзтва працягвае адпрацоўваць і вэрсію пра тое, што забойства Барыса Нямцова было зьдзейсьнена «з мэтай правакацыі перад прызначаным на 1 сакавіка маршам апазыцыі». Ва ўсялякім выпадку, правяраецца магчымая сувязь меркаванага лідэра змоўнікаў Дадаева зь землякамі, якія апынуліся на баку кіеўскіх уладаў. У прыватнасьці, з Адамам Асмаевым, які цяпер узначальвае батальён імя Джахара Дудаева, што ваюе ў складзе сілавых структур Украіны. «Калі апошняя вэрсія ўсё ж такі знойдзе пацьвярджэньне, то забойства на Вялікім Маскварэцкім мосьце цалкам можа аказацца ўчыненым па замове і ў мэтах правакацыі, пра што адразу было заяўлена прэзыдэнтам Пуціным і Сьледчым камітэтам», — падсумоўвае «Коммерсант».
Сярод меркаваных забойцаў Нямцова двое байцоў чачэнскіх сілавых структур — Заур Дадаеў, які быў арыштаваны рашэньнем Басманнага суду Масквы, і Беслан Шаванаў, які загінуў пры спробе затрыманьня. Яшчэ чацьвёра арыштаваных па гэтай справе — таксама чачэнцы, але не сілавікі.
Неўзабаве пасьля арышту падазраваных Рамзан Кадыраў фактычна выступіў у абарону Дадаева і Шаванава, назваўшы іх «храбрымі ваярамі» і «патрыётамі Расеі». Ён таксама паведаміў, што Дадаеў і Шаванаў нядаўна звольніліся са службы.
На фоне гэтых падзеяў Уладзімер Пуцін узнагародзіў прэзыдэнта Чачні ордэнам Пашаны.