Часам усе мы любім праверыць свае веды або характар на адпаведнасьць ідэалам: хай гэта будзе абазнанасьць у той ці іншай навуцы, тып тэмпэрамэнту ці ўзровень IQ. Таму гэты матэрыял будзе прысьвечаны беларускамоўным тэстам, якія можна прайсьці онлайн бясплатна і адразу атрымаць вынік.
Інтэрактыўныя гульні па беларускай мове і літаратуры
Блог настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Мігаль – гэта цэлая скарбніца тэстаў на замацаваньне і аднаўленьне ведаў па мове: правапіс складаных прыметнікаў, мяккага знака і апострафа, суфікса -ск-, скланеньне назоўнікаў, разрады лічэбнікаў, зваротныя дзеясловы, асыміляцыя і падаўжэньне зычных, дзеепрыслоўі і дзеепрыметнікі, фразэалягізмы – на ўсе тэмы, якія цяжка даюцца вучням, у спадарыні Алены падрыхтаваны тэст альбо гульня.
Па літаратуры таксама ёсьць цікавыя тэставанкі: пазнаць пісьменьніка па партрэце, разьмясьціць радкі верша ў патрэбнай пасьлядоўнасьці, супаставіць аўтараў зь іх творамі ці крылатымі фразамі, суаднесьці імёны і псэўданімы пісьменьнікаў, расставіць факты біяграфіі ў храналягічным парадку.
Але тэмы для тэстаў часта сягаюць за межы праграмы: напрыклад, заданьні на супастаўленьне гарадоў і гербаў Берасьцейскай вобласьці, аднаўленьне тэксту каляднай песьні альбо карцінкі-пазлы з помнікам Скарыну, краснасельскімі кар'ерамі ці гомельскім палацам. У цэлым на сайце ўжо каля 200 тэстаў, створаных пры дапамозе гатовых праграмных шаблёнаў. Іх могуць браць на ўзбраеньне іншыя настаўнікі і бацькі, якія хочуць дапамагчы дзецям у авалодваньні беларускай мовай і літаратурай.
Забавы на prajdzisvet.org
Багатую падборку онлайн-тэстаў на культурную і калялітаратурную тэматыку можна знайсьці на сайце інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСьвет». На сёньняшні дзень тут зьмешчана 16 рознабаковых тэстаў: ад віктарын і кінаквізаў да крыжаванак і тэстаў на IQ.
Перакладчыкі прапануюць усім пратэставацца на веданьне беларускіх фразэалягізмаў і безэквівалентнае лексыкі, партрэтаў пісьменьніц і экранізацыяў. Тут можна пагуляць у «веру – ня веру» альбо прайсьці вэрбальны тэст Айзэнка па-беларуску.
Тэставанкі выяўляюць узровень валоданьня мовамі ці культуралягічнымі ведамі. Некаторыя зь іх правяраюць лёгіку, эрудыцыю ці, урэшце, інтуіцыю. Пасьля кожнага тэсту можна атрымаць свой вынік і паглядзець правільныя адказы, а таксама скапіяваць код, каб уставіць у блог.
Тэст-гульня «Рэч Паспалітая»
Гэта цудоўна зробленая віктарына па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ад іх заснаваньня да падзелаў Рэчы Паспалітай. Гульня прываблівае карцінкай і ўсімі належнымі атрыбутамі кампутарных гульняў: у фоне грае народная музыка, за правільны адказ табе ў кішэню сыплюцца талеры, гадзіньнік «Сонца маладзіковае» адмярае час на кожнае пытаньне, а за пройдзены ўзровень гулец атрымлівае нешта з вопраткі ці аксэсуараў шляхціца: бачмагі, кунтуш, жупан, шаблю, каня, маёнтак і, урэшце, дыплём аб наданьні шляхецтва.
Пытаньні сфармуляваныя так, што нават невялікі знаўца падзеяў і датаў можа прайсьці гульню да канца і атрымаць свой рэйтынг. А ўжо пра адукацыйны складнік няма чаго і казаць: удзельнікі падчас гульні ня толькі аднаўляюць гістарычныя веды, але і вывучаюць калярытныя гістарызмы, характэрныя для эпохі Рэчы Паспалітай, а таксама выхоўваюць у сабе шляхецкі гонар.
Тэст ад «Усіх Беларусаў»
Гэта тэст з карцінкамі, які пазыцыянуецца як аснова базавых ведаў кожнага беларуса. Складаецца ён з 15 пытаньняў пра пяць вядомых беларускіх гістарычных асобаў, пяць калядных пэрсанажаў-сымбаляў і пяць гістарычных каштоўнасьцяў.
Вядома, тэст правярае абазнанасьць толькі ў дзьвюх сфэрах – гісторыі і фальклёры, і па яго выніках ня варта меркаваць, хто сапраўдны беларус, а хто не (хаця б праз моўныя памылкі ў вэрдыкце).
Гістарычная віктарына
На смалявіцкім сайце вісіць віктарына па гісторыі Беларусі, якая складаецца з 30 пытаньняў, за якія, залежна ад складанасьці, даецца ад 1 да 3 балаў. Да таго ж тут яшчэ ўлічваецца і час, затрачаны на тэставанку.
Цэнтралізаванае тэставаньне па беларускай мове і гісторыі Беларусі
На афіцыйным сайце цэнтралізаванага тэставаньня можна знайсьці тэсты па розных школьных прадметах, але па-беларуску – толькі па мове і гісторыі Беларусі. Тэсты прызначаныя для падрыхтоўкі выпускнікоў да ўступнага іспыту ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, але ніхто не забараняе ўзгадваць школьную праграму ўсім ахвотным. Кожны тэст па гісторыі Беларусі складаецца з 50 пытаньняў, на якія даецца 150 хвілін. Тэст па беларускай мове ўтрымлівае 40 пытаньняў, на якія трэба адказаць за 110 хвілін.
Тэсты адкрытыя для вольнага доступу, свой бал можна даведацца і без рэгістрацыі. А вось калі хочацца пабачыць свой рэйтынг і разгорнуты вынік з памылкамі і правільнымі адказамі, то варта зарэгістравацца. Вядома, віртуальная магчымасьць патэставаць свае веды па школьнай праграме – гэта несумненны плюс, аднак не абышлося і бязь мінусаў. Інтэрфэйс сайту зроблены па-расейску, а гэта замінае падчас тэсту па беларускай ці замежнай мове. Сайт працуе вельмі марудна: пакуль старонка перагорнецца з пытаньня на пытаньне, можна дзесяць разоў памяняць пададзеныя варыянты адказу. Часам у тэстах сустракаюцца паўторы варыянтаў адказу, што таксама дэзарыентуе.
Тэсты па гісторыі беларускай літаратуры
Калі ўжо вядзецца пра школьную праграму, то варта згадаць і тэсты па гісторыі беларускай літаратуры для 9-клясьнікаў настаўніцы Натальлі Казелы з гарадзенскай сярэдняй школы № 39. Трэба адзначыць, што на старонцы з тэстамі па літаратуры ад сярэднявечча да пачатку ХХ стагодзьдзя зьмяшчаецца ня толькі праграма, але і ўсе тэксты ў электронным фармаце. Гэта вельмі актуальна для сучасных школьнікаў, якім нашмат лягчэй спампаваць твор, чым ісьці па яго ў бібліятэку.
Самі тэсты ляканічныя (па 20 пытаньняў на кожны пэрыяд), час не абмежаваны, пасьля кожнага адказу на пытаньне становіцца вядома, як ты на яго адказаў, пра што паведамляе адпаведны смайлік. Але і гэтыя тэсты кульгаюць на тую ж нагу, што і ЦТ: інтэрфэйс па-расейску, памылкі друку. Гэта яшчэ было б нічога, каб тэсты ахоплівалі ўсю гісторыю беларускай літаратуры: ад фальклёру і летапісаў да паэтычных слэмаў і літаратурных прэміяў нашых дзён. Але што паробіш – дзякуй і за гэта!
Іншыя беларускамоўныя тэсты з пляцоўкі learningapps.org
Рыхтуючы гэты артыкул, я адкрыла для сябе калекцыю інтэрактыўных модуляў для пісаньня тэстаў і гульняў рознага калібру, прызначаных для паляпшэньня адукацыйнага працэсу і падтрымкі навучаньня (на аснове якіх, дарэчы, напісаны вышэй згаданыя тэсты Алены Мігаль і Натальлі Казелы). Але раней за мяне гэты рэсурс адкрылі пэдагогі розных беларускіх установаў, якія ўжо даўно і плённа карыстаюцца ім у сваёй працы з вучнямі. Зарэгістраваўшыся, пошукам па прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» можна знайсьці яшчэ шмат розных тэставанак па-беларуску.
Можна праверыць сябе ці сваіх дзетак на веданьне фразэалягізмаў, паганскіх багоў, помнікаў Віцебску і ўсёй Беларусі, літаратурных тэрмінаў, беларускіх імёнаў і тэматычных групаў лексыкі (мэбля, вопратка, хатнія жывёлы, кветкі, ежа ды інш.). Сустракаюцца тут і працы вучняў, якія складаюць тэставанкі ў якасьці хатняга заданьня. Напрыклад, такіх шмат у блогу 2 клясы сьвіслацкай гімназіі №1.
Ёсьць тут тэсты і для дашкалятаў. Пэдагог Галіна Чахрач склала сэрыю флэш-гульняў для дзетак, якія вучацца чытаць і спазнаюць сьвет. Дзецям прапануецца прачытаць словы і злучыць іх з прадметамі, якія яны абазначаюць, падабраць адпаведнае слова да карцінкі, разьмеркаваць словы ў залежнасьці ад месца націску ці колькасьці складоў.
Тэсты ад «Мова нанова»
На сайце моўных курсаў «Мова нанова» ўжо падабралася цэлая сэрыя матэрыялаў для самакантролю ведаў. Гэта і тэсты па моўных ведах, і загадкі, і пытаньні па гісторыі Беларусі.
На жаль, яны пакуль маюць выгляд звычайнай html-старонкі, на якой правільныя адказы напісаныя белым шрыфтам на белым фоне і становяцца бачныя толькі пры вылучэньні курсорам. Аднак гэта нашмат лепш, чым правільныя адказы ў дужках ці віктарыны зусім без адказаў, якіх у байнэце даволі шмат.
Віктарыны на Радыё Свабода
Дзеля аб’ектыўнасьці нельга не згадаць віктарыны і тэсты, якія часам зьяўляюцца на Радыё Свабода. На сайце дзейнічаюць тэставанкі на веданьне асноваў хрысьціянства, ісламу і юдаізму. Яшчэ дзьве прысьвечаныя жыцьцю і творчасьці Васіля Быкава і Ўладзімера Арлова. Таксама можна праверыць свае веды найноўшай гісторыі Беларусі, прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, сэпаратысцкага руху і дзейнасьці самой Свабоды.
Апрача таго, на сайце сустрэліся тэсты на інтэрнэт-залежнасьць і на тое, наколькі вы эмацыйны ядок.
Флэш-гульні «Вучымся чытаць па-беларуску»
На форуме «Нашы дзеткі» разьмешчаная падборка заданьняў на вывучэньне літар і складоў, а таксама на чытаньне простых словаў і атаясамліваньне іх з карцінкамі. Такія гульні вельмі патрэбныя, каб было каму потым праходзіць тэсты, пералічаныя вышэй.
Тэст па геаграфіі Беларусі
Гэта інтэрактыўная мапа Беларусі ад Віктара Башарымава. На ёй па чарзе праграма просіць знайсьці 112 беларускіх гарадоў. Калі ты пстрыкнуў мышкай дакладна альбо прамахнуўся ня больш як на 20 кілямэтраў, залічваюцца 3 ачкі, калі промах у радыюсе 50 км – 2 ачкі, у радыюсе 100 км – 1 ачко. У канцы гульні ты маеш свой бал і крыху лепшае ўяўленьне пра месцазнаходжаньне гарадоў і мястэчак нашай краіны.
Тэсты па правілах дарожнага руху
Рыхтавацца онлайн па-беларуску можна ня толькі да школьных іспытаў, але і да іспытаў у ДАІ. Сайт па правілах дарожнага руху мае беларускую вэрсію, прычым, дзякуючы Таварыству беларускай мовы, пытаньні і адказы сфармуляваныя карэктна, бяз моўных памылак. Тэсты правяраюць ня столькі веданьне правілаў дарожнага руху, колькі ўвагу: трэба вельмі пільна прачытаць пытаньне, варыянты адказу, уважліва разгледзець карцінку і толькі тады адказваць, бо ад адной часьціцы «не» або стрэлачкі на знаку ці сьвятлафоры цалкам зьмяняецца сэнс пытаньня. І гэта слушна: мала проста ўмець круціць стырно і ціснуць на пэдалі – трэба быць уважлівым на дарозе і хутка прымаць рашэньні адпаведна сытуацыі.
Трэніруючыся па-беларуску да іспытаў у ДАІ, можна ня толькі атрымаць правы, але яшчэ і добра падцягнуць аўтамабільную лексыку: рухавік, скрыжаваньне, колы, кіроўца, прычэп, паліва і г.д.
Тэсты з пляцоўкі aeterna.qip.ru
Гэта вельмі папулярная пляцоўка для тэстаў кшталту «Хто вы ў сэрыяле “Доктар Хаўс”». І на гэтым сайце мне пашэнціла адшукаць двух аўтараў, якія склалі свае тэсты па-беларуску. Карыстальнікам пад нікам Koziona складзеныя два тэсты: «Да каго зь беларускай гісторыі вы найбольш падобныя» і «Якая беларуская партыя вам падыходзіць найбольш». Гэтыя тэсты ўжо скіраваныя не на праверку ўласных ведаў, а на спазнаньне самога сябе, атаясамліваньне сябе і сваіх перакананьняў з пэўнымі эталёнамі. Павінна тут адзначыць, што гэта адзіны прыклад псэўдапсыхалягічных тэстаў па-беларуску – на прасторах сеціва мне не ўдалося знайсьці ані тэстаў на тэмпэрамэнт ці сацыянічны тып, ані гендэрных, узроставых ці прафэсійных тэстаў асобы на беларускай мове.
Вось пройдзеш такі тэст і ня ведаеш, на што больш абурацца: ці то на яго вынік, ці то на колькасьць памылак у ім. Але зусім абмінуць увагай такога жанру тэсты таксама нельга.
Яшчэ на гэтай пляцоўцы быў знойдзены тэст юзэра пад нікам Marfafan, які называецца «Мая мова». Ён палемічна адрасаваны найперш моўным шавіністам, якія лічаць, што беларуская мова – гэта дыялект якой-небудзь іншай мовы. Тэст утрымлівае ўсяго 10 пытаньняў, збольшага на безэквівалентную лексыку ў супастаўленьні з расейскай мовай, і вядомы верш Сяргея Грахоўскага «Ветразь», у якім паэт адмыслова ня ўжыў ніводнага слова, якое ў беларускай мове гучыць гэтак жа, як у расейскай.
Тэст-карцінка ад «Будзьмы»
І, нарэшце, вясёлы тэсьцік-лябірынт ад кампаніі «Будзьма беларусамі», паводле якога, рухаючыся па стрэлачках, можна даведацца, які ж ты беларус. Я, да прыкладу, аказалася настаўнікам, пісьменьнікам і беларусам тусовачным, што, у прынцыпе, ня вельмі далёка ад праўды.
Тэсты на беларускасьць
Безумоўна, гэты рэйтынг вянчалі б знакамітыя тэсты на беларускасьць ад Эўрарадыё, якія годзе гэтак у 2007 абляцелі ўвесь байнэт, у тым ліку ўсе рэгіянальныя форумы і прыватныя дзёньнікі. Яшчэ гуглам можна знайсьці спасылкі на легендарны рэсурс, але яны вядуць у нікуды. Пры катастрафічным недахопе падобнага кантэнту такія топавыя рэчы не павінны зьнікаць бясьсьледна, бо і цяперашнія насельнікі фэйбукаў, інстаграмаў і твітэраў былі б ня супраць часам пагуляцца ў тэсьцікі і падзяліцца вынікамі зь сябрамі. Праўда, цяпер на Эўрарадыё вісіць тэст на інтэлект накшталт гульні «Што? Дзе? Калі?», але гэта ўжо зусім іншая рэч.
Паліна Масьлянкова
для Радыё Свабода
Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.
Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com