Намесьнік дэкана аднаго з факультэтаў Маскоўскага фізыка-тэхнічнага інстытуту (МФТІ), у якім вучыцца 19-гадовы сын Барыса Нямцова, напісаў заяву аб звальненьні пасьля таго, як у сацсетках назваў забітага апазыцыйнага палітыка «мярзотнікам».
Уладзімір Талісманаў, намесьнік дэкану факультэту малекулярнай і хімічнай фізыкі апублікаваў рэзанансны запіс 28 лютага на сваёй старонцы ў сетцы «Вконтакте».
Запіс гучаў:
«Американцы сами мразь породили, финансировали ее, сами же и убрали. Такова судьба всех политических проституток. Вчера вечером на адну мразь стало менше».
Нягледзячы на тое, што арыгінальны запіс Талісманава быў выдалены, яго скрыншот захаваўся:
«Я ведаю, што ён напісаў заяву. Гэта ускалыхнула грамадзкасьць, і ён падумаў, што яму цяпер будзе складана працаваць у нас на гэтай пасадзе» — сказаў Бі-бі-сі рэктар МФТІ Мікалай Кудраўцаў, які цяпер знаходзіцца ў адпачынку. Паводле Кудраўцава, наўпрост да працы Талісманава няма прэтэнзій.
У пісьмовым камэнтары для Бі-бі-сі, тон якога кантрастуе зь ягонымі заявамі ў сацсетках, Талісманаў прызнаў, што ягоны запіс быў «неабдуманы і вельмі рэзкі». Паводле ягоных словаў, ён шчыра спачувае сыну Нямцова і яго сям’і і катэгарычна асуджае любы гвалт. Як сьцьвярджае Талісманаў, ён ня ведаў пра тое, што Антон Нямцоў зьяўляецца студэнтам МФТІ. Ён падкрэсьліў, што гатовы да санкцый з боку ВНУ, у тым ліку — да звальненьня.
На сайце Change.org пачаўся збор подпісаў пад пэтыцыяй з патрабаваньнем звольніць Талісманава.
«Акрамя беспадстаўнасьці абвінавачваньняў, дадзеныя выказваньні абражаюць студэнта, чыім бацькам зьяўляўся забіты палітык Барыс Нямцоў; факультэт, які прадстаўляе дадзены намесьнік дэкана; а таксама ўсіх студэнтаў, выпускнікоў і выкладнікаў МФТІ, якія не падзяляюць дадзены пункт гледжаньня» — гаворыцца ў пэтыцыі.
Рэктар МФТІ у інтэрвію Бі-бі-сі падкрэсьліў, што расейскае заканадаўства строга рэгулюе працэдуру звальненьня, і рашэньне адносна Талісманава будзе прымацца паводле дэмакратычных прынцыпаў, якія, як выказаўся Кудраўцаў, ўхваліў бы сам Барыс Нямцоў.