Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-10 самых «арыгінальных» ініцыятыў уладаў Беларусі


Радыё Свабода склала сьпіс 10 самых «арыгінальных» заканадаўчых ініцыятыў за апошнія гады. Некаторыя зь іх сталі законамі і дзейнічаюць сёньня, іншыя так і засталіся на паперы.

Падатак на дармаедаў (2013–2015)

Размовы пра падатак на дармаедаў вяліся не адзін год. Увесьці яго меркавалі яшчэ ў 2014 годзе, але, відаць, зьявіцца ён толькі цяпер — у 2015-м.

Грамадзяне, якія больш як паўгода афіцыйна не працавалі, будуць абавязаныя раз на год выплачваць аднаразовы збор у памеры, як мяркуецца, 20 базавых велічынь (3 млн 600 тысяч рублёў). За ўхіленьне, несвоечасовую або няпоўную выплату збору будзе прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць.

Улады спрабуюць прадставіць справу так, што аб такім дэкрэце просяць самі беларусы, быццам бы абураючыся, што хтосьці не працуе.

На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 13 студзеня 2015 году было заяўлена, што праект адпаведнага дэкрэту ўжо гатовы і цяпер дапрацоўваецца. «Дармаеды, лайдакі павінны працаваць. Хто ня плаціць падаткі — павінен плаціць», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Падатак на валютныя апэрацыі (2014–2015)

У канцы 2014 году, з прычыны разрастаньня фінансавага крызісу і ажыятажнага попыту на валюту, урад і Нацбанк увялі 30-працэнтны збор пры набыцьці валюты юрыдычнымі і фізычнымі асобамі.

Ініцыятыва выявілася наколькі нечаканай, настолькі і бессэнсоўнай. Валюты ў абменьніках ад гэтага падатку не дадалося, а афіцыйную дэвальвацыю ўсё роўна прыйшлося праводзіць. Сам збор праіснаваў усяго 20 дзён, двойчы на працягу гэтага часу скарачаючыся (спачатку да 20%, потым да 10%). Усё, да чаго прывяла гэтая арыгінальная мера — гэта блытаніна рэальных і афіцыйных курсаў валют.

Курс продажу на таблё быў таньнейшым за курс куплі
Курс продажу на таблё быў таньнейшым за курс куплі

Падатак на дзіцячыя прагулы (2014–2015)

У траўні 2014 году віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік прапанаваў абавязаць бацькоў плаціць за недастатковую наведвальнасьць дзецьмі дашкольных устаноў. Паводле ягоных слоў, распаўсюджаная практыка, калі дзіця толькі лічыцца ў дзіцячым садзе, але фактычна яго не наведвае, а замацаванае за ім месца працягвае аплачвацца зь бюджэту. «Мяркую, што ў такіх выпадках выдаткі павінны аплачваць бацькі, і тады мы будзем захоўваць за імі месца ў дашкольных установах», — заявіў тады Тозік.

Не абмежаваўшыся гэтым, віцэ-прэм’ер заявіў, што групы для дзяцей ад 6 да 7 гадоў наагул павінны быць толькі на платнай аснове.

Такія захады пакуль што ня ўводзіліся, аднак, зыходзячы з далейшых выказваньняў прадстаўнікоў ураду, можна казаць, што тэма яшчэ далёка не закрытая.

«Аўтапабор» (2013–2014)

Дзяржаўная пошліна за выдачу дазволу на допуск транспартных сродкаў да дарожнага руху, якую мусяць плаціць усе ўласьнікі транспартных сродкаў, дзейнічае ў Беларусі з 2014 году. Яе ўвядзеньне ў канцы 2013 году выклікала абурэньне ў грамадзтве і нават справакавала акцыі пратэстаў аўтамабілістаў («Стоп-падатак»). Новы падатак адразу ахрысьцілі «аўтапаборам».

Урад абяцаў, што сродкі ад дзяржпошліны будуць накіроўвацца «мэтавым парадкам на рамонт, рэканструкцыю і будаўніцтва рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог, а таксама вуліц, якія зьяўляюцца іх працягам», аднак з самага пачатку нават дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выказвалі падазрэньні, што гэтыя сродкі на самой справе, магчыма, пойдуць на латаньне бюджэтных дзірак. Экспэрты ж у такім выкарыстаньні сродкаў, атрыманых ад дзяржпошліны, нават не сумняваліся.

З 1 студзеня 2015 году памер падатку на доступ аўтасродкаў да дарожнага руху быў павялічаны.

Часткова платная мэдыцына (2012–2014)

Ідэі наконт таго, каб на хваробах яшчэ неяк і зарабляць, зьяўляюцца ва ўладаў Беларусі ўжо ня першы год.

Яшчэ ў канцы 2012 году віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік прапанаваў плаціць за наведваньне лекара па 5 тысяч рублёў, тлумачачы гэта тым, што 30–40% візытаў у паліклініку неабгрунтаваныя.

​На пачатку 2013 году ва ўраду зьявілася ідэя прымусіць грамадзян плаціць за лячэньне, калі хто трапіць у мэдычную ўстанову ў нецьвярозым стане. Ход думак прыйшоўся даспадобы Лукашэнку, які ў цэлым ініцыятыву падтрымаў: «У нас жа здароўе нічога ня вартае... У нас можна напіцца, нагу зламаць, потым дзяржава за кошт іншых людзей лечыць».

Аднак у канчатковы варыянт новага закону «Аб ахове здароўя» гэтая норма так і ня трапіла. Між тым наватарскія прапановы ў напрамку манэтызацыі мэдыцыны працягвалі паступаць. У траўні 2014-га ўсё той жа Тозік агучыў цэлую сэрыю ініцыятыў. У прыватнасьці, ён прапанаваў увесьці плату за наведваньне грамадзянамі паліклінікі больш як 8 разоў у год, хоць і не ўдакладніў канкрэтнай сумы такой платы. Акрамя таго, было прапанавана ўвесьці поўную або частковую аплату неабгрунтаванага выкліку хуткай дапамогі або лекара на дом. Пакуль ніводная з гэтых ініцыятыў канкрэтнага ўвасабленьня так і не атрымала.

Пошліна на выезд за мяжу (2013)

У верасьні 2013 году многіх шакавала новая ініцыятыва Лукашэнкі: увесьці пошліну на выезд за мяжу. Прапанова была выкліканая незадаволенасьцю прэзыдэнта, што беларусы актыўна езьдзяць па закупы за мяжу, вывозячы, па яго словах, зь Беларусі да 3 млрд даляраў у год.

«Дык вось я даўно даручыў, аж да таго, што выяжджаеш за межы, усё роўна па што, — заплаці выязную пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем — 100 даляраў з носа плаці і едзь за мяжу», — сказаў тады Лукашэнка.

Да канкрэтных заканадаўчых ініцыятыў у гэтым кірунку справа так і не дайшла. Празь некаторы час Лукашэнка заявіў журналістам, што зусім ня хоча забараніць беларусам выяжджаць за мяжу, а проста думае, як скараціць вываз валюты. Што тычыцца стодаляравай пошліны на выезд, то гэта толькі адзін з магчымых варыянтаў вырашэньня праблемы. «Вось ляпнуў, сабе на шкоду, напэўна», — узгадаў Лукашэнка сваю прапанову.

«Прыгонныя» дэкрэты (2012–2014)

На працягу двух гадоў Аляксандар Лукашэнка двойчы шакаваў грамадзкасьць скандальнымі дэкрэтамі дзеля ўмацаваньня працоўнай дысцыпліны.

Спачатку ў сьнежні 2012 году кіраўнік дзяржавы падпісаў Дэкрэт № 9, у адпаведнасьці зь якім работнікаў дрэваапрацоўчай прамысловасьці пераводзілі на кантрактную форму найманьня, а датэрмінова скасаваць кантракт дазвалялася толькі са згоды наймальніка. У грамадзтве дэкрэт тут жа ахрысьцілі «прыгонным правам».

Аднак такая народная слава не зьбянтэжыла прэзыдэнта, і ў канцы 2014 году ён выдаў Дэкрэт № 5, які прадугледжвае пашырэньне правоў і ўзмацненьне адказнасьці кіраўнікоў прадпрыемстваў. Гэты дэкрэт «прыгонным правам» назваў ужо сам Лукашэнка.

У прыватнасьці, кіраўнікі арганізацыяў атрымалі права зьмяняць істотныя ўмовы працы работніка, папярэдзіўшы яго ня менш як за 7 каляндарных дзён (цяпер за 30 дзён), а таксама пазбаўляць работнікаў, якія парушылі дысцыпліну, прэміі на тэрмін да 12 месяцаў. Дэкрэт таксама даў дадатковыя падставы для звальненьня, узмацніў адказнасьць за нанясеньне наймальніку матэрыяльнай шкоды і пашырыў правы на яе спагнаньне ў пазасудовым парадку.

Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў ня раз заяўлялі, што абодва гэтыя дэкрэты робяць беларускіх працаўнікоў яшчэ больш бяспраўнымі і супярэчаць абавязаньням Беларусі ў рамках Міжнароднай арганізацыі працы.

Забарона на «дзеяньне і бязьдзейнасьць» (2011)

Маўклівыя акцыі пратэсту лета 2011 году, якія мелі вялікі рэзананс як у Беларусі, так і за яе межамі, прымусілі ўлады задумацца, як удакладніць у напрамку большай жорсткасьці заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Улады зарыентаваліся досыць хутка: яшчэ ў канцы ліпеня 2011 году зьявіўся праект паправак у закон «Аб масавых мерапрыемствах». Акрамя розных новых забаронаў, там гаварылася, што да пікетаваньня прыраўноўваецца сумесная «прысутнасьць грамадзян у загадзя вызначаным грамадзкім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) і ў вызначаны час для зьдзяйсьненьня загадзя вызначанага дзеяньня або бязьдзейнасьці». Магчымасьць забароны на «бязьдзейнасьць» прыцягнула асаблівую ўвагу грамадзкасьці і стала нагодай для шматлікіх жартаў і анэкдотаў.

Папраўкі ў закон былі прынятыя 3 кастрычніка 2011 году дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў адразу ў першым і другім чытаньні, прычым у адсутнасьць журналістаў. Абсурдная фармулёўка пра «дзеяньне або бязьдзейнасьць» у канчатковы варыянт закону ня трапіла і была заменена «несанкцыянаванай дзеяй», аднак агульны сэнс закону не зьмяніўся. У народзе гэтыя папраўкі назвалі законам «Больш за трое не зьбірацца».

Падатак на Skype і Viber (2015)

У лютым 2015 году Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі абвясьціла, што апэратары сыстэм імгненных паведамленьняў (Skype, Viber і іншыя) павінны адлічваць беларускаму боку частку прыбытку.

Міністар сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргей Папкоў абурыўся, што Skype і іншыя апэратары «не ўкладаюць ніводнага цэнта ў разьвіцьцё тэхналёгіяў унутры рэспублікі», але іх праца прыводзіць да зьніжэньня на 10–15% даходаў апэратараў стацыянарнай і сотавай тэлефоннай сувязі.

«Мы будзем працаваць з урадам, каб у нейкай частцы гэтыя паслугі манэтызаваць, каб гэтыя апэратары дзяліліся сваімі даходамі. Таму ўсё павінна быць па-сумленнаму», — сказаў ён.

Што будзе з гэтай ініцыятывай, ці прымусіць урад Skype — дзяліцца даходамі, або беларусаў — плаціць новы падатак, пакуль невядома.

Падатак на пазыкі (2015)

З 1 студзеня 2015 году адпаведна са зьменамі ў артыкул 178 Падатковага кодэксу атрымальнікі пазыкаў ад фізычных асобаў павінны плаціць падатак у памеры 13% ад атрыманай сумы, калі не пасьпеюць пагасіць доўг на момант падачы дэклярацыі аб даходах.

Выключэньне магчымае толькі ў тым выпадку, калі грошы пазычаныя ў блізкага сваяка, апекуна, папячыцеля альбо падапечнага.

Новая норма прыйшла на зьмену мякчэйшай, якая прадугледжвала адлічэньні ў бюджэт толькі з пратэрмінаваных пазык, атрыманых у замежных грамадзянаў і арганізацыяў. Цяпер падатак трэба будзе сплаціць зь любой сумы пазыкі, якая застаецца ў пазычальніка на момант падачы дэклярацыі. То бок калі чалавек пазычыў у сябра, знаёмага альбо дальняга сваяка, то павінен заплаціць падатак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG