Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-5 прабеларускіх замежнікаў

абноўлена

Стэфан Эрыксан на гаўбцы пасольства Швэцыі
Стэфан Эрыксан на гаўбцы пасольства Швэцыі

Сумна, але факт: пра Беларусь, само яе існаваньне ў сьвеце амаль ніхто ня ведае. «Хіба між Варшавай ды Масквой нешта ёсьць?» Часам нават тыя замежнікі, якія працуюць з нашай краінай (у міжнародных праграмах, арганізацыях) ня ведаюць самых, здавалася б, базавых рэчаў пра Беларусь.

Але ў гэтым асяродзьдзі ёсьць замежнікі, якія пра Беларусь ведаюць нашмат лепей нават за шмат каго зь беларусаў.

Стэфан Эрыксан

Безумоўна, адзін з самых вядомых прабеларускіх замежнікаў — Стэфан Эрыксан, былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі.

Шмат хто лічыць, што Эрыксан — адзіны амбасадар, які вывучыў беларускую мову і актыўна на ёй размаўляе. Насамрэч гэта не зусім так: да яго быў яшчэ Джордж Крол, пяты амбасадар ЗША ў Беларусі, які таксама вывучаў беларускую мову. Але ў людзкую памяць лепш за іншых урэзаўся менавіта Стэфан Эрыксан — і сваёй беларускасьцю, і сваёй адкрытасьцю, якая далёка не заўсёды ўласьцівая амбасадарам. Рэдка які дыплямат на адкрыцьці новага будынку амбасады надзене нацыянальны строй ды ўзьлезе на агароджу, каб асабіста павітаць шматлікіх гасьцей!

Шмат каму запомніўся ягоны выступ па-беларуску са сцэны кінафэстывалю «Лістапад», як і яго сталы ўдзел у шматлікіх незалежных культурніцкіх імпрэзах. Веданьне беларускай мовы дазваляла яму істотней паглыбляцца ў беларускі кантэкст. Пры ім швэдзкая амбасада хутка стала адной з самых актыўных на полі культуры ў Беларусі. Зрэшты, як зазначаў сам Эрыксан, «калі пачаў вывучаць мову, Беларусь адкрылася мне як краіна са сваёй гісторыяй і культурай. Вядома, можна было гэта зрабіць і безь беларускай мовы, але я ўпэўнены, што беларуская мова мне сапраўды дапамагла. Праз родную мову заўжды лепш пазнаеш людзей, адчуваеш зь імі асаблівы кантакт».

Стэфан Эрыксан на прэзэнтацыі кнігі Валера Карбалевіча «Аляксандар Лукашэнка: Палітычны партрэт»
Стэфан Эрыксан на прэзэнтацыі кнігі Валера Карбалевіча «Аляксандар Лукашэнка: Палітычны партрэт»

Але наколькі беларускасьць Эрыксана ды падтрымка ім, у тым ліку асабістая, незалежніцкай грамадзкай дзейнасьці натхнялі простых людзей — настолькі ж яны раздражнялі ўладу. Не даспадобы была ёй і наагул дзейнасьць амбасады, бо пры Эрыксану Швэцыя вельмі актыўна размаўляла пра Беларусь на міжнароднай арэне, прычым у такіх пытаньнях, як дэмакратыя, правы чалавека. Хапала і асабістай нелюбові да асобы актыўнага амбасадара. Урэшце ў 2012 годзе, скарыстаўшы эпізод з «плюшавым дэсантам» (пілёты-піяршчыкі былі ж менавіта са Швэцыі), Эрыксану не працягнулі акрэдытацыю ў Беларусі і фактычна выкінулі яго з краіны.

Стэфан Эрыксан на днях Беларусі ў Стакгольме
Стэфан Эрыксан на днях Беларусі ў Стакгольме

Пасьля гэтага старшыня БНФ Аляксей Янукевіч спрагназаваў, што Стэфан Эрыксан «стане амбасадарам беларускай культуры ў вольным сьвеце».

У сваім калядным віншаваньні Эрыксан сказаў беларусам: «Я б хацеў пажадаць вам... упэўненасьці ў сабе як беларусах, як прадстаўніках цудоўнай краіны з багатай гісторыяй, найцікавейшай культурай. Гэтым трэба ганарыцца... Нават калі я буду далёка, у Швэцыі, хачу вас упэўніць, што я ў сэрцы з вамі... Я вельмі па вас сумую, я нікуды ня зьнікну і буду з вамі. Жыве Беларусь!».

Ен Маккелен

Знакаміты брытанскі актор, вядомы сваімі шэксьпіраўскімі ролямі, апошнім часам ня толькі сыграў Магнэта ў «Людзях Х» ды Гэндальфа ва «Ўладару пярсьцёнкаў», але і падтрымаў Беларусь.

Ен Маккелен (Ian McKellen)
Ен Маккелен (Ian McKellen)

Так, адразу пасьля разгону Плошчы, 21 сьнежня 2010 году, ён удзельнічаў у дэманстрацыі перад беларускай амбасадай у Лёндане. Тады там сабралася каля 100 чалавек, якія пратэставалі супраць сілавога разгону мірнай акцыі ў Менску.

Разам зь іншымі сусьветнымі зоркамі Ен Маккелен падпісаў пэтыцыю за свабоду ў Беларусі. Актор браў удзел у пастаноўках беларускага «Свабоднага тэатру» ў Лёндане — вядома, не з камэрцыйных матываў, а каб выказаць салідарнасьць зь беларускім грамадзтвам ды падтрымаць фактычна забаронены на радзіме творчы калектыў.

Мабыць, гэтая актыўнасьць прыйшлася беларусам даспадобы, бо цяпер інтэрнэт-актывісты нават вырашылі вылучыць Гэндальфа (увасобленага Енам Маккеленам) кандыдатам у прэзыдэнты!

Актывісты з суполкі «Мая краіна Беларусь», якая налічвае больш за 50 тысяч сябраў, абралі супернікам Лукашэнкі чараўніка зь легендарыюму Толкіена, бо Гэндальф — добры чараўнік і сябра гобітаў-беларусаў. Прынамсі, так лічыць доктар Лант з брытанскага Брыстальскага ўнівэрсытэту: на яго думку, зялёны край Шыр, дзе жылі гобіты, вельмі падобны да Беларусі, прынамсі што да клімату і расьліннасьці.

Ініцыятары разумеюць, што сам Ен Маккелен балятавацца паводле закону ня зможа, таму, па прыкладзе ўкраінскага Дарта Вэйдэра, шукаюць не маладзейшага за 35 гадоў і «дастаткова адэкватнага» грамадзяніна Беларусі. Як лічаць маладзёны, вылучэньне на прэзыдэнцкія выбары Гэндальфа — добры сродак, каб пакпіць з уладаў ды яскрава паказаць, што сапраўдных выбараў у Беларусі няма, адно толькі чараўніцтва.

З пункту гледжаньня ініцыятараў, Гэндальф Маккелена — дастаткова прывабны ды пасьпяховы герой, каб зацікавіць беларусаў. Як заяўляў адзін з ініцыятараў (назваўшыся Арагорнам, сына Араторна), кампанія будзе пабудаваная на пазытыве і аб’яднае ўсіх беларусаў, якія хочуць лепшага жыцьця: «Покліч нашай кампаніі просты і зразумелы. Гэндальф — наш лідэр, які павядзе краіну да лепшага жыцьця. Гэндальф — наш кандыдат».

Snoop Dogg

Кэлвін Кардазар Бродус-малодшы, больш вядомы як рэпэр Снупдог, у лістападзе нечакана выдаў калекцыю мэрчу зь беларускай сымболікай. Цішоткі, заплечнікі, футаралы на айфон ды торба на макбук абыдуцца сусьветным аматарам беларушчыны ды Снупдога ў сумы ад 28 да 75 даляраў.

Snoop Dogg
Snoop Dogg

Цікава было паназіраць, як гэтая інфармацыйная нагода спадабалася дзяржаўным выданьням (асабліва напачатку, паколькі безь недзяржаўных мэдыяў яны ня вельмі разабраліся ў тэме). Так, напрыклад, выданьне Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь «Советская Белоруссия» паведаміла (вядома, на расейскай мове): «Амэрыканскі рэпэр Snoop Dogg выдаў новую калекцыю адзеньня, якую прысьвяціў Беларусі. Сваю „сьвежую“ лінейку артыст назваў „Snoop Loves Belarus“ (Снуп любіць Беларусь). На майках, заплечніках, футаралах для iPhone і торбах для ноўтбукаў Snoop Dogg выкарыстаў беларускі арнамэнт».

Да «СБ» далучаецца галоўнае дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА: «...Пра гэта стала вядома пасьля таго, як артыст разьмясьціў фатаграфіі некалькіх навінак зь лініі „Snoop Loves Belarus“ на сваёй старонцы ў Instagram. ...Чаму сусьветна вядомы артыст зьвярнуў увагу менавіта на беларускі арнамэнт, застаецца загадкай, але відавочна адно — дзякуючы калекцыі „Snoop Loves Belarus“, вышыванка набярэ папулярнасьць ня толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі».

Сымпатыі БЕЛТА да вышыванак — гэта цудоўна, але ж журналісцкай працы тут нестае. Цікаўнасьць Снупдога да беларускага арнамэнту «заставалася загадкай» для БЕЛТА, але Радыё Свабода яе разгадала. Высьветлілася, што Кэлвіна Кардазара Бродуса-малодшага аматарам беларускага арнамэнту зрабілі мастакі зь віцебскай каманды HoodGraff. Летам яны адзначыліся гісторыяй зь недамаляваным графіці ў гонар 90-годзьдзя Васіля Быкава, якое зьнішчылі камунальшчыкі. Мастакам тады прысудзілі штраф — 18 мільёнаў.

Цяпер хлопцы пераехалі ў Піцер і прасоўваюць беларускую культуру адтуль. Як апавядаў Арцём Boorj, адзін з мастакоў, Снупдог і раней назіраў за іхняй творчасьцю, нават сам дадаўся да іх у сябры ў інтэрнэце і напісаў — пасьля таго як вулічныя мастакі намалявалі графіці-партрэт Снупдога ў Віцебску.

А потым Снупдог прапанаваў камандзе мастакоў зрабіць лінейку мэрчу для ягонага брэнда Westfestmall. Як кажа Арцём, «яму лінейка зь Беларусі спадабалася... Snoop любіць вельмі ўсялякія арнамэнты, узоры... і ён быў вельмі зьдзіўлены, што ў Беларусі такі незвычайны арнамэнт. І сказаў — «давайце робім». Пагадзіўся рэпэр і на слоган лінейкі «Снуп любіць Беларусь», прапанаваны хлопцамі з HoodGraff.

Джуд Лоў

Брытанскі актор тэатру і кіно, пераможца BAFTA ды намінант на «Оскара» і «Залаты глёбус» таксама актыўна падтрымлівае Беларусь. Разам зь Енам Маккеленам яшчэ перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году, на пачатку сьнежня, падпісваў пэтыцыю ў падтрымку вольнай Беларусі. Таксама ён браў удзел у лёнданскай пастаноўцы «Свабоднага тэатру» «Спасьцігаючы каханьне», дзе выканаў галоўную ролю — беларускага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, выкрадзенага ў 1999 годзе разам зь віцэ-прэм’ерам Віктарам Ганчаром (да гэтага часу іх лёс невядомы).

Фота зь менскай пастаноўкі «Спасьцігаючы каханьне»
Фота зь менскай пастаноўкі «Спасьцігаючы каханьне»

Браў удзел Джуд Лоў і ў Глябальнай артыстычнай кампаніі салідарнасьці зь Беларусьсю, у межах якой перад падзеямі 19 сьнежня запісаў відэазварот да ўсіх беларусаў са словамі падтрымкі вольнасьці слова і творчага самавыяўленьня ды з клічам «Жыве Беларусь!».

Пасьля таго як 19 сьнежня мірную дэманстрацыю брутальна разагналі, а шматлікіх актывістаў арыштавалі, Джуд Лоў удзельнічаў у шмат якіх мерапрыемствах у падтрымку палітвязьняў у Беларусі. Напрыклад, 28 сакавіка 2011 году ў Лёндане прайшоў пікет, дзе Джуд Лоў трымаў плякат з фота палітзьняволенай Натальлі Радзінай. У той жа акцыі ўдзельнічалі і іншыя брытанскія зоркі, напрыклад, Кевін Спэйсі.

Кевін Спэйсі і Джуд Лоў на пікеце ў Лёндане
Кевін Спэйсі і Джуд Лоў на пікеце ў Лёндане

Потым Кевін Спэйсі ў межах кампаніі Free Belarus Now падпісваў ды адпраўляў паштоўкі беларускім палітвязьням. Гэта таксама была ініцыятыва «Свабоднага тэатру», распачатая 5 студзеня 2011 году на іхнім першым пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году спэктаклі ў нью-ёркскім тэатры LaMama.

Але самым спэцыфічным прабеларускім крокам Джуда Лоў стаў кароткамэтражны фільм «Стыкоўка» Уладзіміра Шчэрбаня, дзе брытанскі актор разам з кіраўніком «Свабоднага тэатру» Мікалаем Халезіным выконваюць галоўныя ролі. Стужка мастацкая, але распавядае пра сапраўдныя падзеі: як рэпрэсіі пасьля выбараў-2010 вымусілі шмат каго зь беларусаў эміграваць, бо на радзіме іх маглі чакаць арышты ды турэмныя тэрміны.

Джон Макейн

У адрозьненьне ад Эўразьвязу, ЗША заўсёды маюць пасьлядоўную пазыцыю па Беларусі: патрэбная дэмакратыя, свабодныя выбары ды павага да правоў чалавека, а інакш — санкцыі. Самы ангажаваны ў беларускае пытаньне — Джон Макейн, сэнатар, адзін зь лідэраў Рэспубліканскай партыі, кандыдат у прэзыдэнты ЗША на выбарах 2008 году (саступіў Бараку Абаму 7,2%).

Джон Макейн (Jonh McCain)
Джон Макейн (Jonh McCain)

Яшчэ ў лістападзе 2002 году на канфэрэнцыі з гучнай назвай «Вось зла: прапушчанае зьвяно — Беларусь» Джон Макейн прамаўляў:

«Злосная тыранія Лукашэнкі, крохкасьць ягонай улады ў дыктатуры страху — нішто ў параўнаньні з нашай агульнай адданасьцю свабодзе і правам нацыі свабодна выбіраць лёс з дапамогай волевыяўленьня народу. Аляксандар Лукашэнка — апошні пакінуты пасажыр савецкага карабля, што тоне ў акіяне гісторыі. ...Кіраваньне Лукашэнкі — абраза каштоўнасьцяў, якія перамаглі амаль па ўсім эўрапейскім кантынэнце пасьля краху Савецкага Саюзу. Ягоны рэжым будзе пагрозай для Амэрыкі і Эўропы столькі, колькі спатрэбіцца часу цывілізаванаму сьвету, каб разьвязаць гэтую праблему».

Джон Макейн на майдане Незалежнасьці ў Кіеве
Джон Макейн на майдане Незалежнасьці ў Кіеве

У 2004 годзе Макейн стаў адным з аўтараў знакамітага «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» — дакумэнту, які прадугледжваў абвяшчэньне ЗША санкцыяў супраць Беларусі, калі беларускія ўлады ня спыняць перасьлед незалежных СМІ, не расьсьледуюць выпадкі палітычна матываваных зьнікненьняў людзей і ня вызваляць усіх палітвязьняў. Таксама «Актам...» прадугледжаная фінансавая падтрымка з боку ЗША незалежных беларускіх арганізацыяў і абавязак прэзыдэнта ЗША інфармаваць кангрэс пра ўсе пастаўкі «ўзбраеньняў і зьвязаных з узбраеньнямі тэхналёгіяў», якія «Беларусь пастаўляе краінам — фундатарам міжнароднага тэрарызму».

Зрэшты, санкцыі ЗША супраць Беларусі працуюць і па сёньняшні дзень. І, як заўважаюць амэрыканскія бізнэсоўцы, працуюць сур’ёзна. Прынамсі, на сустрэчы Джона Макейна з выбарцамі штату Нэвада падчас выбарчай кампаніі 2008 году жыхарка гораду Спаркс паскардзілася кандыдату, што занепакоеная далейшым лёсам сваёй кампаніі, якая з-за гандлёвых санкцыяў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі ня можа працягваць дачыненьні з важным для яе партнэрам у Беларусі і таму рызыкуе збанкрутаваць. Нават у гэтай сытуацыі Макейн пасьлядоўна выказаўся, што падтрымлівае санкцыі супраць «дэспатычнай улады прэзыдэнта Лукашэнкі»: «Лукашэнка — брутальны дыктатар. Я лічу, што Амэрыка павінна супрацьстаяць дыктатарам».

Таксама ў 2011 годзе Макейн разам з групай сэнатараў прапаноўваў Эўразьвязу далучыцца да санкцыяў ЗША супраць «Белнафтахіму». Зьвяртаўся ён і да міністра фінансаў Тымаці Гайтнэра — супраць выдзяленьня Беларусі крэдыту МВФ.

Джон Макейн пасьлядоўна падтрымлівае беларускіх палітзьняволеных. У 2005 годзе ён зьвяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, дзе патрабаваў неадкладна вызваліць Міхаіла Марыніча — экс-міністра зьнешнеэканамічных сувязяў, палітыка ды палітвязьня. У 2010 годзе Макейн у Вашынгтоне сустракаўся з Аляксандрам Мілінкевічам, а ў 2011 — з Анатолем Лябедзькам, неўзабаве пасьля таго, як той выйшаў з турмы КДБ — «Амэрыканкі». Абодва палітыкі зазначалі, што ў дыялёгу тэма палітзьняволеных была адной з асноўных разам з пытаньнямі правоў чалавека ды прасоўваньня дэмакратыі ў Беларусі.

Міхаіл Саакашвілі, Джон Макейн, Міхаіл Касьянаў і Андрэй Саньнікаў
Міхаіл Саакашвілі, Джон Макейн, Міхаіл Касьянаў і Андрэй Саньнікаў

У тым жа 2011 годзе Макейн у Вільні разам з групай сэнатараў сустракаўся са студэнтамі ЭГУ. З амэрыканскага боку на сустрэчы гучалі пытаньні накшталт: «Як мы яшчэ можам выказаць сваю салідарнасьць з вамі?».

Амэрыканскія сэнатары ў Сойме Літвы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:28 0:00
Наўпроставы лінк

Не выклікае сумневу, што прабеларускія замежнікі — ня толькі гэтыя пяць пэрсанажаў (у камэнтарах вы можаце назваць самых важных зь іх, на ваш погляд). Ва ўсім сьвеце жыве шмат людзей — і знакамітых, як пэрсанажы гэтага матэрыялу, і самых звычайных — якія ведаюць пра Беларусь, цікавяцца яе лёсам, робяць навуковыя дасьледаваньні па беларускай тэматыцы, бяруць удзел у акцыях салідарнасьці.

Вадзім Мажэйка
для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG