Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорны палкоўнік», кар’еру якога пахаваў сын: 6 фактаў пра Ўладзімера Замяталіна


«Он — русский»

«Ідэоляг «русского мира», «імпэрац», «русафіл» — гэта першае, што цяпер згадваюць пра Ўладзімера Замяталіна тыя, хто яго ведае.

Уладзімер Замяталін нарадзіўся ў 1948 годзе ў Туле, скончыў Данецкую вышэйшую вайсковую палітычную вучэльню, у Беларусь трапіў па вайсковай службе.

Замяталін ня раз публічна шкадаваў пра развал СССР, а ідэю саюзу Расеі і Беларусі лічыў ледзьве не ўзнаўленьнем гістарычнай справядлівасьці. «З 1991 году мы звыклі жыць у нелягічным стане», — казаў ён у 1998-м у эфіры радыёстанцыі «Рэха Масквы», віншуючы масквічоў з днём яднаньня Расеі і Беларусі.

У 2001 годзе «Белгазета» пісала, што Замяталін шчыра радаваўся путчу 19 жніўня 1991 году і ад тагачасных перакананьняў не адмовіўся.

Працаваў на Кебіча і прыдумаў, што Лукашэнка скраў у стуардэсы фэн

На выбарах 1994 году Ўладзімер Замяталін працаваў на самага прадказальнага кандыдата — Вячаслава Кебіча. Магчыма, Замяталіну імпанавала абсалютна прарасейская пазыцыя тагачаснага старшыні Савету міністраў. Тады Замяталін мусіў змагацца і са Станіславам Шушкевічам, і з Аляксандрам Лукашэнкам, прычым спосабамі, якія ў паліттэхнолягаў лічацца «бруднымі».

Кажуць, што менавіта Замяталін прыдумаў пра Шушкевіча знакамітую «галяндзкую качку» — кампрамэтацыйны артыкул зь неіснуючай галяндзкай газэты, які выстаўляў Станіслава Шушкевіча ў самым непрывабным сьвятле.

Гісторыю пра тое, што Аляксандар Лукашэнка скраў у стуардэсы фэн, таксама прыпісваюць Уладзімеру Замяталіну.

«Выпадак са скрадзеным Лукашэнкам у сьцюардэсы масажорам (ня фенам!), – улакладняе тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык, – сапраўды меў месца ў 1992, пра гэта ведалі ўсе дэпутаты ВС, Кебіч тады пашкадаваў Лукашэнку (на сваю галаву), а на выбарах 1994 выцягнулі гэтую гісторыю. Так што гэта – не прыдумка (і што гэта не прыдумка, пісалі «Свабода» і іншыя)».

Але Кебіч прайграў, нягледзячы на намаганьні «ціхага чалавека ў цёмных акулярах», як апісвае яго Аляксандар Фядута ў кнізе «Лукашэнка. Палітычная біяграфія».

«Ён быў тыповым армейскім палітработнікам, просталінейным у мэтадах, які імкнуўся да перамогі любой цаной, паколькі перамога, як вядома, сьпісвала ўсё».

Прыйшоў на месца Фядуты, разграміў апазыцыю і выйграў рэфэрэндум

Менавіта Ўладзімер Замяталін заняў месца начальніка Ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта, якое вызвалілася пасьля адстаўкі Аляксандра Фядуты ў 1995-м.

У 1995 годзе пачынаецца «зорны пэрыяд» кар’еры Замяталіна. Яго ўзялі «пад рэфэрэндум», піша Фядута, і ён апраўдаў давер.

Менавіта ў кабінэце Замяталіна зьнік відэазапіс зьбіцьця дэпутатаў ад апазыцыі БНФ у будынку Вярхоўнага Савету — сьцьвярджае Аляксандар Фядута.

Дэпутатаў жорстка зьбілі на загад Аляксандра Лукашэнкі ў ноч на 12 красавіка. Тады «апазыцыянэры» галадоўкай выказалі сваю нязгоду з ініцыятывай правесьці рэфэрэндум аб зьмене сымболікі, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

Замяталін быў і ідэйным куратарам пасквіля Юрыя Азаронка «Дзеці хлусьні», які выйшаў на тэлеэкраны напярэдадні рэфэрэндуму 12 траўня.

Ён жа, як згадвае ў сваёй кнізе «Сем гадоў адраджэньня» Сяргей Навумчык, узначальваў «экспэртную камісію», з дапамогай якой былі зьнішчаныя дзясяткі тысяч падручнікаў па гуманітарных прадметах 1992–1995 гадоў. Гэтая акцыя выкасавала зьвесткі пра нацыянальную гісторыю і культуру са школьнай адукацыі.

Далейшая яго кар’ера ішла зь пераменным посьпехам, але заставалася на вышыні. Замяталін стаў намесьнікам старшыні Адміністрацыі, у 1997-м — старшынёй Дзяржаўнага камітэту па друку, пасьля — намесьнікам старшыні Савету міністраў па пытаньнях культуры, адукацыі, рэлігіі і нацыянальных меншасьцяў.

У 2000-м, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, Аляксандар Лукашэнка прызначае Замяталіна першым намесьнікам кіраўніка сваёй Адміністрацыі.

Для незалежнай прэсы «эпоха Замяталіна» стала пэрыядам жорсткага ціску, адставак галоўных рэдактараў і росквіту афіцыёзнай прапаганды.

Уладзімер Замяталін, намесьнік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, травень 1999 году
Уладзімер Замяталін, намесьнік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, травень 1999 году

Сабраў на Някляева кампрамат і змусіў да эміграцыі

Менавіта «палкоўніка Пятровіча» абвінавачвае Някляеў у развале культавага часопіса 90-х «Крыніца» і ў сваёй эміграцыі. Тагачасны віцэ-прэм’ер Замяталін, па словах Някляева, «сабраў на мяне і падаў Лукашэнку тэчку з „кампраматам“, падключыўшы для гэтага КДБ і іншыя спэцслужбы».

Някляеў зьехаў у 1999-м, спачатку ў Польшчу, і публічна абвясьціў, што выпраўляецца ў палітычную эміграцыю. Ужо з замежжа напісаў для Ўладзімера Пятровіча «песеньку»:

Руки в брюки, кепчонку на брови,
Сигаретка дымит на губе,
До свиданья, полковник Петрович,
Поцелуй за меня КГБ.

Неўзабаве пасьля ад’езду Някляева ў апалу трапіў і ягоны ганіцель Уладзімер Замяталін. У 2001-м яго здымаюць з пасады першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. І ён на доўгія гады зьнікае недзе ў любімай Расеі.

Някляеў вяртаецца на радзіму ў 2004-м. Першыя зьвесткі пра новае працаўладкаваньне Замяталіна — намесьнікам Віктара Шэймана — зьяўляюцца толькі ў другой палове 2006-га.

Разваліў «Беларусьфільм» і зьняў «Брэсцкую крэпасьць»

У самым канцы 2006-га Аляксандар Лукашэнка прызначае Ўладзімера Замяталіна генэральным дырэктарам «Беларусьфільма». Гэтае прызначэньне выглядала б дзіўным, калі б такую ж штуку прэзыдэнт не ўтварыў раней з даўнім калегам Замяталіна Міхаілам Мясьніковічам, на доўгія гады пакінуўшы яго кіраваць Акадэміяй навук (2001–2010). Але калі Мясьніковічу пасьля амаль дзесяцігодзьдзя апалы ўдалося зноў даслужыцца да прэм’ер-міністра, то Замяталіну так ужо не пашанцавала.

За сваю кінакар’еру Замяталін змусіў дзяржаву ў пяць разоў павялічыць выдаткі на кіно — да 60 мільярдаў, а акупнасьць прадукцыі складала ці ня 8 працэнтаў — пісала ў сваім дасьледаваньні «Народная Воля».

Пры кінакар’еры Замяталіна да паказу быў забаронены фільм Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя: Містэрыі», але маладому рэжысэру дазволілі зьняць першы беларускі «бульба-хорар» «Масакра». Пры Замяталіну ж зьняты буйны расейска-беларускі кінапраект «Брэсцкая крэпасьць».

Уладзімер Замяталін паказвае праржавелы кавалак трубы: маўляў, вось у якім стане «Беларусьфільм», 2008 год
Уладзімер Замяталін паказвае праржавелы кавалак трубы: маўляў, вось у якім стане «Беларусьфільм», 2008 год

Сын паставіў крыж на кар’еры

Сёньня ўжо вядома, што супраць сына Ўладзімера Замяталіна — Дзяніса ўзбуджаная крымінальная справа. Яго абвінавачваюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ў складзе арганізаванай групы, што караецца зьняволеньнем да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Працэс пачаўся ў 2014 годзе.

Пра Дзяніса Замяталіна вядома вельмі няшмат. Пры канцы 90-х ён працаваў у скандальна вядомай кампаніі Ўладзімера Пефціева «Белтэхэкспарт», якую абвінавачваюць у нелегальным гандлі зброяй і якая дагэтуль знаходзіцца ў «чорным сьпісе» Эўразьвязу.

Ён жа — заснавальнік кампаніі «Kartdiv», якая займаецца продажам мэталапракату і экспартам тытунёвай сыравіны.

Мяркуючы па ўсім, праблемы з сынам ва Ўладзімера Пятровіча былі даўно. У 2001 годзе «Белгазета» апісвала аварыю з удзелам «БМВ» пятай мадэлі, якой кіраваў Дзяніс Замяталін. Журналісты кажуць, што Дзяніс спрабаваў разабрацца з кіроўцам пашкоджанай ім машыны «з дапамогай парачкі моцных хлопцаў». Тое, наколькі нашчадак высокага чыноўніка «некіраваны», зьдзіўляла ўжо тады.

Сьледзтва ў справе Дзяніса Замяталіна доўжыцца ўжо пяць гадоў. Увесь гэты час не чуваць і пра ягонага бацьку Ўладзімера, хаця сьцьвярджаецца, што ён дагэтуль значыцца ў рэзэрве галоўных чыноўнікаў краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG