Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў, камэнтуючы вынікі сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» ў Менску.
«Мяркуючы па задаволеным выглядзе нашага прэзыдэнта, ён сябе адчувае сёньня пераможцам», — кажа палітоляг.
Калачоў зьвярнуў увагу на заяву Пуціна, якая тычацца сытуацыі на фронце ў раёне Дэбальцава. У прыватнасьці, Пуцін сказаў: «Мы дамовіліся з прэзыдэнтам Парашэнкам пра тое, што мы дамо даручэньні нашым вайсковым экспэртам, з тым, каб высьветліць, што на самой справе адбываецца цяпер у рэальным жыцьці». Са словаў Калачова, гэтая фраза Пуціна «цягне на фразу году».
«А ў рэальным жыцьці мір наступіць ня сёньня, у рэальным жыцьці працягваюцца спрэчкі наконт Дэбальцава і лёсы акружаных там сілавікоў. Пуцін сказаў, што яны павінны пакінуць Дэбальцава, здаўшы зброю. Калі ўлічыць, што перамір’е надыходзіць з 15-га, то, баюся, мы сёньня-заўтра ўбачым не зацішша, а можа быць нават наадварот — абвастрэньне», — мяркуе экспэрт.
Аднак прагрэс па выніках перамоваў усё роўна ёсьць, лічыць палітоляг. Перамовы доўжыліся беспрэцэдэнтна доўга, але «бакі не разьбегліся і не пасварыліся».
«Бакі ўсё ж такі выпрацавалі пагадненьне, можна сказаць, „дарожную карту“, па якой прапануецца рухацца ў бок больш трывалага міру. Але пакуль гаворка ідзе ў большай ступені аб перамір’і. Прыкметна было, як нэрваваліся ўсе ў самым канцы, калі ЛНР-ДНР адмаўлялася падпісваць пагадненьне, калі гучалі зусім розныя ацэнкі з вуснаў прадстаўнікоў Расеі і Ўкраіны аб хадзе перамоваў, калі здавалася, што ўсё сарвецца. Гэта значыць, відавочна, што сьвет чакаў, што сёньня будзе нейкі вынік. Вынік ёсьць, але ацэньваць яго з пункту гледжаньня канчатковага рашэньня ўкраінскага крызісу, напэўна, заўчасна», — падкрэсьлівае Калачоў.
Палітоляг адзначае, што будучыня такіх пытаньняў як дэцэнтралізацыя і асаблівыя правы для Данбасу незразумелая, і яны яшчэ могуць выклікаць шмат спрэчак. Тым больш, што пакуль незразумела, якой будзе рэакцыя на новае менскае пагадненьне ва Ўкраіне.