Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Русский мир» – амаральны


Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка

У дні, калі на ўсходзе Ўкраіны ліецца кроў, бо суседняя вялікая дзяржава вырашыла сілай зброі змагацца тое, што яна называе «русский мир», мне ўсё часьцей думаецца пра маральны бок гэтай барацьбы.

Фігуральна кажучы, цяперашняе кіраўніцтва Расеі кажа так: па-за межамі нашай дзяржавы жывуць мільёны людзей, якія размаўляюць па-расейску, і мы будзем усімі магчымымі шляхамі бараніць іх права на захаваньне сваёй мовы і культуры. У 2014 годзе стала відавочна, што «ўсімі магчымымі шляхамі» азначае, у тым ліку, і вайну.

Не беручы пад увагу геапалітычныя і ўнутрыпалітычныя наступствы гэтай барацьбы для Расеі, а таксама эканамічныя і цывілізацыйныя наступствы для ўсяго рэгіёну і нават сьвету, нельга не дзівіцца амаральнасьці такой расейскай пазыцыі.

У барацьбе за правы расейскамоўных меншасьцяў у сваіх колішніх калёніях лідэры Расеі адмаўляюцца абмяркоўваць працэсы, якія прывялі да зьяўленьня такіх меншасьцяў. А працэсы гэтыя называюцца так:

крывавыя войны,

татальны рабунак культурнага багацьця захопленых народаў,

жорсткія, крывавыя рэпрэсіі,

масавыя дэпартацыі,

засяленьне нерасейскіх правінцый этнічнымі расейцамі,

прымусовая русыфікацыя,

інфармацыйныя вайна,

фальсыфікацыя гісторыі

і яшчэ шмат іншых падступных захадаў імпэрыі супраць сваіх нацыянальных ускраінаў. Расейскі імпэрыялізм у гісторыі набываў розныя формы (вялікадзяржаўна-нацыяналістычную, вялікадзяржаўна-камуністычную), але заўсёды заставаўся імпэрыялізмам. Трагічныя вынікі цяперашняга звароту да яго часткі расейскіх інтэлектуалаў і палітычнага істэблішмэнту толькі пацьвярджаюць факт, што час імпэрыяў незваротна мінуў.

Захад жыве ў постхрысьціянскую эпоху, а Расея, выглядае, — у дахрысьціянскую (ці протахрысьціянскую)

На жаль, трэба прызнаць, што цяперашняя Расея і яе народ не зьяўляюцца хрысьціянскай краінай і хрысьціянскім народам, бо цэнтральны элемэнт хрысьціянскага сьветапогляду — пакаяньне. Тут сапраўды ў Расеі і Захаду — розныя ўзроўні разьвіцьця. Захад жыве ў постхрысьціянскую эпоху, а Расея, выглядае, — у дахрысьціянскую (ці протахрысьціянскую). У кожным выпадку, расейцы яшчэ мелі б пакаяцца перад самімі сабой і перад суседзямі за свае злачынствы (грахі), першы чым бараніць правы расейскамоўных грамадзянаў у былых сваіх калёніях.

Калі б такое пакаяньне і, адпаведна, катарсіс (ачышчэньне цераз пакаяньне) адбыліся, тады, магчыма, не давялося б бараніць «русский мир» з дапамогаю зброі. Думаю, тады яго наогул не давялося б бараніць. Як сёньня нямецкі сьвет не бароняць немцы, якія пасьля 1945 году праз пакаяньне і наступны катарсіс прайшлі (хай сабе і з дапамогай амэрыканцаў).

Без пакаяньня Расея застаецца злодзеем, які за ўсякую цану бароніць скрадзенае ў суседзяў

Калі б расейцы прызналі і зразумелі, што большая частка «русского мира» — гэта ахвяры прымусовай асыміляцыі і дэнацыяналізацыі часоў савецкай імпэрыі, яны б атрымалі ў былых сатэлітах найбольш сваіх сяброў. Без пакаяньня Расея застаецца злодзеем, які за ўсякую цану бароніць скрадзенае ў суседзяў.

Інтэлектуальныя колы ня толькі былых савецкіх рэспублік, але і краінаў былога сацыялістычнага лягеру Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у выніку сваёй гісторыі маюць даўнія сувязі з расейскай культурай і пры нармальнай сытуацыі (гэта значыць, пры адсутнасьці цяперашняй расейскай экспансіі) маглі б захоўваць сымпатыі да былой мэтраполіі і адпаведным чынам уплываць на свае грамадзтвы.

Але ў Крамлі гэтага, на жаль, не разумеюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG