Выступаючы сёньня на пасяджэньні ўраду Казахстану, прэзыдэнт краіны Нурсултан Назарбаеў назваў санкцыі ЗША і Эўразьвязу адносна Расеі «барбарскімі» і выказаў упэўненасьць, што Расея з гонарам выйдзе з гэтай сытуацыі, а «разам зь ёй будзе квітнець і Казахстан».
Разам з тым Назарбаеў падкрэсьліў, што рэзкае зьніжэньне курсу расейскага рубля балюча адбілася на стане казахстанскіх кампаній. Пры гэтым ён ускосна абвінаваціў у гэтым Захад, адзначыўшы, што такая сытуацыя ўзьнікла пад уплывам «зьнешніх фактараў» і не зьвязаная зь сяброўствам краіны ў Эўразійскім саюзе.
Назарбаеў заклікаў Нацыянальны банк весьці палітыку дэдалярызацыі эканомікі Казахстану, а грамадзянаў і бізнэс-кампаніі — абменьваць свае даляры ЗША на тэнге.
Між тым курс тэнге 9 лютага дасягнуў рэкордна нізкага ўзроўню — 186 тэнге за даляр.
Гэта стала адной з прычынаў акцыі пратэсту домаўладальнікаў ў Алматы, якія запатрабавалі перагляду іпатэчных крэдытаў.
Назарбаеў таксама заклікаў да зацягваньня паясоў, сказаў, што насельніцтва павінна спыніць марнаваньне грошай на вечарынах і сьвятах, і заклікаў іх купляць айчынныя тавары замест імпартных.