Абаронцы ўкраінскай лётчыцы і народнага дэпутата Надзеі Саўчанкі патрабавалі зьмяніць судзьдзю, які павінен разглядаць рашэньне аб прадаўжэньні тэрміну яе арышту.
«Абарона Саўчанкі абвясьціў аб адводзе судзьдзі», — напісалі ў Twitter адвакаты Мікалай Полазаў і Марк Фэйгін.
Як напісаў расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны, на сёньняшнім судзе «знакаміты судзьдзя Артур Карпаў, проста штатны слуга Сьледчага камітэту, які выкарыстоўваецца для важных незаконных рашэньняў».
Судзьдзя сышоў у дарадчы пакой для прыняцьця рашэньня. Пасьля гэтага ён абвясьціў рашэньне: адмовіць абароне ў зьмене судзьдзі.
Сёньня суд разглядае пытаньне аб падаўжэньні арышту Саўчанкі, якая галадае ўжо шасьцідзесяты дзень, да 13 траўня.
У Расеі Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў на Данбасе. У ліпені летась Саўчанку ўзялі пад варту ў Расеі пасьля таго, як яе, як яна сьцьвярджае, захопленую ў палон сэпаратыстамі, перавезьлі празь мяжу і перадалі расейскім сілавікам.
Паводле абароны, яна не магла быць датычная да гібелі журналістаў, паколькі трапіла ў палон да іх сьмерці. Усе абвінавачваньні Саўчанка адхіляе.
Паводле інфармацыі адвакатаў, у канцы студзеня сьледчыя паведамілі Саўчанцы аб адкрыцьці супраць яе новай крымінальнай справы — аб незаконным перасячэньні мяжы.
Напярэдадні ўкраінскі амбудсмэн Валерыя Луткоўская зьвярнулася ў маскоўскі суд з заклікам замяніць Надзеі Саўчанцы меру стрыманьня на не зьвязаную з утрыманьнем пад вартай.