Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску чакаецца сустрэча кантактнай групы па Данбасе


Пра магчымасьць сустрэчы 10 лютага ў Менску пазаўчора заявіла прэсавая служба Пятра Парашэнкі.

Правядзеньне пацьвердзіла прэсавая служба Крамля і прадстаўнік урада ФРГ Штэфан Зайберт.

Традыцыйна пра час і месца чарговай сустрэчы Трохбаковай групы робіцца вядома літаральна за некалькі гадзін да яе пачатку. Апошні раз група зьбіралася ў Менску 31 студзеня. Тады журналістам далі 40 хвілін, каб дабрацца з аэрапорту да месца правядзеньня сустрэчы — будынка DipServiceHall у цэнтры Менску.

Украінскі бок на перамовах прадстаўляе экс-прэзыдэнт Леанід Кучма. У Менску яго суправаджае амбасадар Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль. Спецпрадстаўніца старшыні АБСЭ ў кантактнай групе — Хайдзі Тальявіні. Сталы ўдзельнік сустрэчаў кантактнай групы амбасадар Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў 31 студзеня прыбыў на перамовы ў адным аўтамабілі з Віктарам Мядзьведчуком, якога называюць «чалавекам Пуціна».

Вынік заўтрашніх перамоваў паміж лідарамі Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расеі наўпрост будзе залежаць ад таго, ці прыедуць сёньня ў Менск кіраўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі. Менавіта яны падпісалі «менскія пагадненьні» 5 і 19 верасьня, поўнага выкананьня якіх дагэтуль не ўдалося дасягнуць. На іхным асабістым удзеле ў перамовах заўжды настойваў украінскі бок.

Калі ж у Менск ізноў выправяцца прадстаўнікі так званых ЛНР і ДНР Дзяніс Пушылін і Ўладзіслаў Дэйнэга, гэта можа азначаць, што сэпаратысты не пакідаюць спробаў унесьці зьмены ў Менскія дамоўленасьці. У апошні раз Леанід Кучма наўпрост абвінаваціў Пушыліна і Дайнэгу ў зрыве перамоваў і шантажы.

Падобныя дэмаршы з боку прадстаўнікоў сэпаратыстаў могуць нэгатыўна адбіцца на перамоўным працэсе. Калі група не зьбярэцца ў паўнамоцным складзе, лёс перамоваў ў «нармандзкім фармаце» у сераду застаецца пад пытаньнем.

Асноўныя пункты «менскіх дамоўленасцяў» — безумоўнае спыненьне агню, адвод цяжкага ўзбраеньня, вывад замежных войск з украінскай тэрыторыі, усталяваньне кантролю над расейска-украінскай мяжой, вызваленьне закладнікаў і абмен палоннымі — яшчэ раз напярэдадні дня меркаванай сустрэчы Пятро Парашэнка паўтарыў у тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім. Парашэнка заявіў, што менавіта на такіх пазыцыях Украіна будзе весьці перамовы і падчас сёньняшняга магчымага паседжаньня кантактнай групы і ў заўтрашнім «нармадзкім фармаце».

Аднак частка экспэртаў дагэтуль скептычна ставіцца да пэрпектываў менскіх перамоваў 10 і 11 лютага. Былы міністар заменых справаў Украіны Ўладзімер Агрызка заявіў Радыё Свабода, што калі маеш справу з такім «непрадказальным партнэрам, як Расейская фэдэрацыя», прадказаць будучыню цяжка:

«Але мне відавочна, што праз сваю авантурную палітыку Расея сама ізалявала сябе ад сусьветнай супольнасьці. Мне хацелася б, канешне, верыць, што ў апошні момант у Расеі возьме верх цьвярозы розум, і Расея зможа вярнуцца ў бок праграматычнага погляду на сытуацыю.

Але апошнія заявы, якія мы чуем ад яе кіраўніка і высокіх афіцыйных чыноў, чамусьці такой надзеі не даюць. Калі гэта шантаж ці спроба выгандляваць сабе найбольш, то гэта ня варта краіны, якая прэтэндуе на ролю „вялікай“. Хаця, думаю, з гэтай рольлю ўжо даўно трэба разьвітацца».

Украінскі дыплямат верыць, што толькі эканамічныя санкцыі могуць стаць самым эфэктыўным спосабам узьдзеяньня на Расею. Выглядае, што такую думку падзяляюць і ў Эўропе. Літаральна напярэдадні менскіх перамоваў у нармандзкім фармаеце, Эўразьвяз прыняў рашэньне пра пашырэньне санкцый супраць Расеі. Сьпіс дапоўнілі 19 фізычных і 9 юрыдычных асобаў. Але прымяненьне санкцый адкладзенае да 16 лютага — відавочна з прыцэлам на ацэнку менскіх сустрэчаў і вынікі магчымых перамоваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG