Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадравая ракіроўка ў «Беларусах і рынку»


Калектыў рэдакцыі беларусы і рынак
Калектыў рэдакцыі беларусы і рынак

Зьмена складу акцыянэраў і кіраўніцтва рэдакцыі адбылася ў аўтарытэтным дзелавым выданьні «Белорусы и рынок».

Заснавальнік, распрацоўнік канцэпцыі і галоўны рэдактар Вячаслаў Хадасоўскі, які кіраваў газэтай на працягу апошніх 25 гадоў, перайшоў на пасаду шэф-рэдактара. На месца галоўнага рэдактара заступіла колішняя журналістка «Эканамічнай газэты», былая рэдактарка часопіса «Беларуская сельская гаспадарка» Валянціна Вештарт.

Вячаслаў Хадасоўскі прадаў частку сваіх акцыяў некалькім прыватным асобам, у ліку якіх — генэральны дырэктар «Эўрарадыё» Зьміцер Новікаў. Менавіта ён на пачатку тыдня і прадставіў калектыву тыднёвіка новую рэдактарку Валянціну Вештарт.

Заснавальнік газэты Вячаслаў Хадасоўскі заклікае ніякіх падводных камянёў у новых акцыянэрах і рэдактары не шукаць:

Гэта не замена, як некаторыя спрабуюць падаць. Я застаюся ў газэце шэф-рэдактарам, працую.

«Гэта не замена, як некаторыя спрабуюць падаць. Я застаюся ў газэце шэф-рэдактарам, працую. Проста плянавая ратацыя. Валянціна Вештарт пакуль уваходзіць у курс справы. Мы пра гэта гаварылі ўжо досыць даўно: усё ж трэба браць пад увагу ўзрост, здароўе, трэба паціху пачынаць і пра гэта думаць. Але на гэты момант я працую ў звычайным рэжыме, займаюся кантэнтам, усім астатнім і паступова перадаю патрэбныя для справы веды».

Карэспандэнт: «Як ставіцеся да думак, што такім чынам распачаўся працэс кардынальных зьменаў на рынку беларускіх мэдыяў?»

«Ды што за глупства? Вечна трэба нешта прыдумаць. Ніякага падзелу, усё працуе, як і працавала. Проста ёсьць пэўныя праблемы са здароўем, трэба падстрахавацца, вось і ўсё. Тое, што атрымаецца — паглядзім далей. Але я акцыянэр, трымальнік акцыяў. У мяне ўсё нармальна, не хвалюйцеся».

На «ўваход у курс справы» Валянціне Вештарт адведзены месяц, пасьля чаго яна пачне выконваць абавязкі галоўнага рэдактара — найперш у сфэры прасоўваньня інтэрнэт-вэрсіі газэты і маркетынгавай палітыкі.

Пра падрабязнасьці зьдзелкі мы папрасілі расказаць і заснавальніка праекту «Эўрарадыё», новага акцыянэра газэты «Белорусы и рынок» Зьмітра Новікава:

Там прыватныя заснавальнікі, новыя, у тым ліку ёсьць там і я — як прыватная асоба, вось гэта праўда.

«Найперш, падавалася няправільная інфармацыя, таму што „Эўрарадыё“ не набывала ніякіх акцыяў. Там прыватныя заснавальнікі, новыя, у тым ліку ёсьць там і я — як прыватная асоба, вось гэта праўда. Другі момант — што тычыцца канцэпцыі. Я казаў падчас сустрэчы і са спадаром Вячаславам, і зь іншымі журналістамі, што размова ідзе пра наступнае. Было выданьне, якое, я асабіста для сябе лічу, было незалежным эканамічным выданьнем, якое было лідэрам у Беларусі. На сёньняшні дзень з розных прычынаў так ня ёсьць, але хацелася б, каб гэта вярнулася. Што за сабой цягне таксама іншы момант — выданьне ў пэрспэктыве павінна пачаць зарабляць. Вось, у прынцыпе, асноўныя моманты».

Сайт беларусы і рынак
Сайт беларусы і рынак

Фігура Валянціны Вештарт ня вельмі «раскручаная» ў журналісцкім асяродзьдзі. Наколькі апраўданая стаўка на новае імя? Зьміцер Новікаў кажа, што ў складанай эканамічнай сытуацыі ня так проста знайсьці чалавека, які ўвогуле адважыўся б ускласьці на сябе такую адказнасьць:

У такіх варунках вельмі мала ахвотных узяць на сябе адказнасьць

«Гэта мы ўжо пабачым па факце, што атрымаецца. Чалавек пагадзіўся ўзяць на сябе адказнасьць за гэтую справу, а гэта справа надзвычай складаная, асабліва ў сёньняшняй сытуацыі, калі рынак беларускі ляжыць і невядома, калі ён увогуле будзе пачынаць падымацца. У такіх варунках вельмі мала ахвотных узяць на сябе адказнасьць».

Карэспандэнт: «Што тычыцца пакету акцыяў спадара Хадасоўскага — ці ён зможа ўплываць на прыняцьцё калегіяльных рашэньняў?»

«Любая акцыя мае значэньне. Але на самой справе размова ідзе не пра падзел чагосьці, а пра адказнасьць. Таму насамрэч — гэта ня самае важнае на дадзены момант».

Супрацоўнікі газэты «Белорусы и рынок» неадназначна ўспрынялі кадравыя зьмены. Вядучая журналістка тыднёвіка, кіраўніца аддзелу прыватызацыі Тацяна Манёнак разьлічвае, што нязьменнай застанецца канцэпцыя выданьня, бо гэта прынцыповая пазыцыя калектыву:

Вельмі спадзяюся, што творчая канцэпцыя, напаўненьне газэты ня зьменіцца, яна застанецца такой жа, як і была.

«Вельмі спадзяюся, што творчая канцэпцыя, напаўненьне газэты ня зьменіцца, яна застанецца такой жа, як і была. Гэта прынцыповая акалічнасьць для ўсяго калектыву „Рынку“. Так, патрэбнае разьвіцьцё газэты, мы ўсе гэта разумеем. Асабліва на пачатку году ўсе адчулі недахопы рэклямы, хоць, безумоўна, гэта тычыцца ня толькі нас, практычна ўсіх выданьняў. Калі раней газэта выходзіла і на 32 старонках, і на 24, то цяпер вымушаныя пайсьці на сур’ёзныя зьмены ў фармаце. Зразумела, сёньня трэба разьвіваць інтэрнэт-вэрсію газэты, прычым вельмі якасна, вельмі хутка, бо рэклямадаўцы таксама выходзяць у віртуальную прастору. Вядома, мы спадзяёмся толькі на далейшае разьвіцьцё газэты. Але, яшчэ раз паўтаруся, і на тое, што канцэпцыя захаваецца прынцыпова, гэта галоўная ўмова ўсяго калектыву. Мы разьлічваем і верым, бо газэта ўнікальная, гэта першая дзелавая газэта, якая ўзьнікла ў Беларусі».

Вячаслаў Хадасоўскі фармальна ўжо на пэнсіі. Ён нарадзіўся 11 ліпеня 1947 году, у 1990 годзе распрацаваў канцэпцыю газэты «Белорусский рынок», ад таго часу быў яе галоўным рэдактарам. 10 гадоў таму на загад Аляксандра Лукашэнкі недзяржаўным установам было забаронена выкарыстоўваць у назьве словы «беларускі», «нацыянальны» і г. д. У выніку вымушанага рэбрэндынгу тыднёвік стаў звацца «Белорусы и рынок».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG