Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін павінен быць спынены»


Чалавек на руінах свайго дому ў мястэчку Янакіева на Данеччыне
Чалавек на руінах свайго дому ў мястэчку Янакіева на Данеччыне

А часам толькі зброя можа спыніць зброю — піша ў брытанскай Guardian вядомы дасьледчык посткамуністычных краінаў Тымаці Гартан Эш. Прапануем вам пераклад гэтай публікацыі ў скароце.

Уладзімер Пуцін — Слабадан Мілошавіч былога Савецкага Саюзу: такі ж кепскі, але большы. За дымавой завесай хлусьні ён аднавіў свае спробы выразаць з Украіны дзьве марыянэткавыя дзяржавы.

Каля 5000 чалавек ужо былі забітыя ў гэтым ўзброеным канфлікце, і больш чым 500 000 сталі ўцекачамі. Устрывожаная Грэцыяй і праблемамі эўразоны, Эўропа дазваляе ўтварыцца новай Босьніі на ўласным ганку. Прачніся, Эўропа. Калі мы робім высновы з нашай уласнай гісторыі, Пуцін павінен быць спынены. Але як гэта зрабіць?

Урэшце ўсё роўна давядзецца прыняць узгодненае рашэньне. Нямецкі канцлер Ангэла Мэркель і міністар замежных справаў Франк-Вальтэр Штайнмаер мелі намер працягваць дыпляматычныя высілкі, але нават яны ў сярэдзіне студзеня прыйшлі да высновы, што ня варта ехаць у Казахстан на перамовы з Пуціным. У суботу чарговая спроба дамовіцца аб спыненьні агню не ўдалася ў Менску. Час дыпляматыі прыйдзе, але не зараз.

Мы павінны паглыбіць эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі.

Мы павінны паглыбіць эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі. У спалучэньні з падзеньнем цаны на нафту яны ўжо аказваюць значны ўплыў. Нягледзячы на пэўныя ваганьні грэцкага ўраду, Эўразьвяз на мінулым тыдні захаваў сваё адзінства наконт пашырэньня санкцый. Але гэта можа ўзмацніць сындром «абложанай крэпасьці» ў Расеі — кажуць некаторыя. Аднак рэжым Пуціна сам ўмацоўвае гэты сындром шляхам нацыяналістычнай, антызаходняй прапаганды. Калі пагрозы ня існуе, расейскае тэлебачаньне прыдумляе яе.

Як у мінулым Мілошавіч, Пуцін гатовы выкарыстоўваць для дасягненьня сваіх мэтаў любы інструмэнт. У сваёй вайне супраць Захаду ён разгарнуў цяжкую ваенную тэхніку, шантаж энэргетычнымі пастаўкамі, кібэр-атакі, сучасную прапаганду, таемныя апэрацыі і агентаў уплыву ў сталіцах Эўразьвязу. Да таго ж расейскія бамбавікі лятаюць у раёне Ля Маншу, ставячы пад пагрозу цывільныя авіярэйсы.

Існуе польская прымаўка, якая перакладаецца прыкладна як «мы гуляем зь імі ў шахматы, яны б’юць нас нагой пад зад». Гэта праблема дэмакратычнага Захаду ў цэлым і павольнага, шматнацыянальнага Эўразьвязу ў прыватнасьці. Гэта было добра відаць на прыкладзе вельмі нерэалістычнай «шахматнай» паперы наконт стратэгіі ў адносінах да Расеі, падрыхтаванай Фэдэрыкай Магерыні, новым вярхоўным прадстаўніком ЭЗ у пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі.

У доўгатэрміновай пэрспэктыве Пуцін прайграе. У найбольшай ступені будуць пакутаваць ад яго глупства расейцы, не ў апошнюю чаргу ў Крыме і на ўсходзе Ўкраіны. Але доўгатэрміновая пэрспэктыва для спрактыкаваных, бязьлітасных дыктатараў у вялікіх, добра ўзброеных, багатых прыроднымі рэсурсамі краінах — гэта даволі доўга

Украіне патрэбныя сучасныя абарончыя ўзбраеньні

Такім чынам, задача палягае ў тым, каб скараціць гэты пэрыяд. Для гэтага Украіне патрэбныя сучасныя абарончыя ўзбраеньні, каб супрацьстаяць сучаснай наступальнай зброі Расеі. Натхнёны Джонам Маккейнам, Кангрэс ЗША прыняў Закон аб падтрымцы свабоды ва Ўкраіне, які прадугледжвае пастаўку ваеннай тэхнікі Ўкраіне. Цяпер справа прэзыдэнта Абамы — тэрміны і зьмест гэтых паставак.

Толькі тады, калі ўкраінская абарона зможа спыніць расейскія злачынствы, мірнае ўрэгуляваньне стане магчымым. Часам, каб спыніць зброю, патрэбная зброя.

Пуціну для параноі непатрэбныя факты.

Але ці не будуць пастаўкі зброі сілкаваць расейскую параною наконт «абложанай крэпасьці»? Так, але Пуціну для параноі непатрэбныя факты. Нядаўна ён распавёў студэнтам у Санкт-Пецярбургу, што ўкраінская армія — «гэта ня войска, а замежны легіён НАТО».

Існуе яшчэ адна галіна, у якой Эўропа ў цэлым, і Вялікабрытанія у прыватнасьці, можа зрабіць больш. СМІ, як правіла, разглядаюцца ў якасьці «мяккай сілы», але яны такія ж важныя для Пуціна, як яго танкі T-80. Ён надзвычай шмат укладае ў іх. Сярод расейскамоўных — у тым ліку ва Усходняй Украіне і расейскамоўных меншасьцяў у дзяржавах Балтыі — ён выкарыстаў тэлебачаньне, каб накінуць сваю карціну сьвету, у якой гордая Расея змагаецца з фашыстамі ў Кіеве, экспансіянісцкім НАТО і дэкадэнцкім Эўразьвязам.

Мы павінны супрацьстаяць гэтай прапагандзе ня ўласнай хлусьнёй, а дакладнай інфармацыяй і мноствам розных поглядаў. Ніхто не падрыхтаваны да гэтага лепш, чым Бі-Бі-Сі. ЗША, магчыма, маюць найлепшыя бесьпілётнікі ў сьвеце, Нямеччына — найлепшыя станкі, але Брытанія мае найлепшы міжнародны тэлеканал.

Калі некалі былі людзі, якія маюць патрэбу ў дакладнай, праўдзівай і збалянсаванай інфармацыі, гэта расейцы і ўкраінцы сёньня. Ніводны зь пералічаных крокаў не спыніць Пуціна заўтра, але ў спалучэньні яны ўрэшце спрацуюць. Дыктатары выйграць у кароткатэрміновай пэрспэктыве, дэмакратыі — ў доўгатэрміновай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG