Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэты «справы Літвіненкі»


Аляксандар Літвіненка, Лёндан, 14.09.2004
Аляксандар Літвіненка, Лёндан, 14.09.2004

Суд у Лёндане пачынае разгляд па сутнасьці справы палітычнага ўцекача з Расеі Аляксандра Літвіненкі, які быў атручаны палёніем. Падрабязнасьці — у рэпартажы карэспандэнта Свабоды ў Вялікабрытаніі Натальлі Галіцынай.

27 студзеня ў Лёндане пачынаюцца доўгачаканыя судовыя слуханьні ў справе Аляксандра Літвіненкі — былога афіцэра ФСБ, які памёр у брытанскай сталіцы ў лістападзе 2006 года ад атручэньня радыеактыўным палёніем. Адна з найважнейшых мэтаў слуханьняў, паводле судзьдзі Робэрта Оўэна, які іх вядзе — высьвятленьне «магчымага ўдзелу ў забойстве Літвіненкі расейскіх уладаў».

Судовыя слуханьні ў справе Літвіненкі будуць складацца зь дзьвюх частак: на адкрытыя для публікі пасяджэньні, якія пройдуць на працягу дзесяці тыдняў, з 27 студзеня да 31 сакавіка, і на закрытыя, падчас якіх будуць разгледжаныя сакрэтныя дакумэнты брытанскіх спэцслужбаў, якія адносяцца да забойства былога афіцэра ФСБ. На закрытых пасяджэньнях будуць прысутнічаць толькі асобы, якія маюць спэцыяльны допуск — пракуроры, некаторыя адвакаты і супрацоўнікі спэцслужбаў. Закрытыя слуханьні пачнуцца адразу пасьля 31 сакавіка і працягнуцца, хутчэй за ўсё, некалькі тыдняў. Толькі пасьля iх заканчэньня судзьдзя Робэрт Оўэн падвядзе вынік слуханьняў.

Публічныя слуханьні ў справе Літвіненкі ў лёнданскім Найвышэйшым судзе пачынаюцца ў атмасфэры павышанага эмацыйнага напружаньня. Напярэдадні судовага разбору газэта Daily Telegraph апублікавала сэнсацыйны матэрыял пра тое, што амэрыканскае Агенцтва нацыянальнай бясьпекі (АНБ) перадало брытанскай контравыведцы MI5 запісы перахопленых перамоваў паміж меркаванымі выканаўцамі забойства Літвіненкі і іх кіраўніцтвам у Маскве. Газэта адзначае, што гэты перахоп — важны доказ датычнасьці расейскіх спэцслужбаў да забойства Літвіненкі. Менавіта гэтым, на думку выданьня, тлумачыцца ўпэўненасьць брытанскіх уладаў у «дзяржаўным характары» злачынства.

Daily Telegraph не называе імёнаў удзельнікаў перахопленай размовы, аднак вядома, што брытанскія ўлады лічаць магчымымі выканаўцамі забойства Андрэя Лугавога і Дзьмітрыя Коўтуна. Ордэр на іх арышт выдадзены Інтэрполам. Зрэшты, судзьдзя Робэрт Оўэн яшчэ летась заявіў пасьля атрыманага ім дазволу азнаёміцца з сакрэтнымі дакумэнтамі брытанскіх спэцслужбаў, што выявіў у іх доказы датычнасьці Расеі да гібелі Аляксандра Літвіненкі.

Гэта тлумачыць, чаму справа Літвіненкі прывяла да небывалага ў пасьляваеннай гісторыі пагаршэньня расейска-брытанскіх адносінаў. У інтэрвію Радыё Свабода Марына Літвіненка, жонка загіблага, падкрэсьлівае, што ўсе восем гадоў з часу забойства мужа верыла, што менавіта публічнае расьсьледаваньне дасьць магчымасьць даведацца імёны забойцаў і замоўшчыка злачынства:

Марына Літвіненка
Марына Літвіненка

Марына Літвіненка: Я верыла, у мяне не было сумневу, што мы абавязкова дойдзем да адкрытага публічнага слуханьня. Мы запыталі ва ўраду дазвол на такія слуханьні ў 2011 годзе, таму што разумелі, што прайшло пяць гадоў з дня Сашавай сьмерці, а падазраваных з Расеі ніхто ня мае намеру экстрадыяваць. І адзіная магчымасьць даведацца, што ж на самой справе здарылася ў Лёндане, — гэта запытаць усе матэрыялы паліцэйскага расьсьледаваньня, у тым ліку сакрэтныя. Гэтае права было ў мяне ў ходзе інквэста, і я ім скарысталася.

Адкрытае публічнае расьсьледаваньне забойства Аляксандра Літвіненкі стала магчымым пасьля таго, як так званы інквэст у гэтай справе зайшоў у тупік. Гэты від дазнаньня праводзіцца ў Вялікабрытаніі ў выпадку сьмерці пры нявысьветленых абставінах. Пры інквэсьце закон забараняе абвяшчаць сакрэтныя дакумэнты. Робэрт Оўэн, які праводзіў гэтае дасьледаваньне, заявіў, што без вывучэньня сакрэтных дакумэнтаў спэцслужбаў ён ня можа гарантаваць поўнага і аб’ектыўнага расьсьледаваньня забойства Літвіненкі. Ён зьвярнуўся да ўраду з просьбай дазволіць правесьці публічнае расьсьледаваньне, пры якім судзьдзя мае права абвяшчаць сакрэтныя дакумэнты на закрытым пасяджэньні. Аднак брытанскі міністар унутраных справаў Тэрэза Мэй адмовіла. І толькі зварот удавы Аляксандра Літвіненкі Марыны з нагляднай скаргай у суд ссунуў справу з мёртвага пункту: суд абавязаў урад правесьці адкрытае публічнае расьсьледаваньне.

У кастрычніку летась Марына Літвіненка зьвярнулася ў амэрыканскае Агенцтва нацыянальнай бясьпекі з просьбай абвясьціць зьмест перахопаў тэлефонных перамоваў, якія вялі ў час знаходжаньня ў Лёндане восеньню 2006 года Андрэй Лугавы і Дзьмітрый Коўтун. Што ж адказалі ёй амэрыканцы?

Марына Літвіненка: Гэтая справа аказалася нялёгкай. Асабіста я ня здолела атрымаць гэтыя матэрыялы. Ёсьць надзея, што яны трапяць у распараджэньне старшыні судовых слуханьняў. Спадзяюся, што гэтыя матэрыялы знаходзяцца ў яго распараджэньні і будуць абвешчаныя.

РС: Ці дазволена вам прысутнічаць на закрытых пасяджэньнях суду, калі будуць разглядацца сакрэтныя дакумэнты брытанскіх і амэрыканскіх спэцслужбаў?

Марына Літвіненка: Ані я, ані мае адвакаты ня змогуць прысутнічаць на гэтых пасяджэньнях. Гэта дазволена толькі людзям з адмысловым допускам. Нават калі б я наняла дадаткова да тых адвакатаў, якія ў мяне ёсьць, яшчэ аднаго адваката з такім допускам, ён ня меў бы права дзяліцца са мной інфармацыяй, атрыманай на закрытых пасяджэньнях. У любым выпадку гэтая інфармацыя застаецца за зачыненымі дзьвярыма.

РС: Хто канкрэтна ў такім выпадку будзе дапушчаны да зачыненых пасяджэньняў?

Марына Літвіненка: Перш за ўсё, гэта сам Робэрт Оўэн, у якога ёсьць такі допуск. Ён мае поўнае права ім скарыстацца. У гэтым выпадку я цалкам яму давяраю, у прыватнасьці, і яго рашэньням, якія будуць вынесеныя пасьля разгляду сакрэтных матэрыялаў. Дапушчаныя будуць і тыя адвакаты, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі працэсу і ў каго ёсьць такі допуск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG